Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызу, або Настальгія па эстонскім леце


Такім застанецца ў памяці кароткае паўночнае лета.

Такім застанецца ў памяці кароткае паўночнае лета.


Кароткую фразу вымаўляю па-эстонску куды горш чым 30 гадоў таму. Жанчына ў акне касы як ні дзіўна разумее мяне. Дарэчы, тут на Талінскім аўтавакзале, мяне могуць зразумеюць і на любой іншай мове. У тым ліку па-расейску. Аднак спрацоўвае рэфлекс. Калісьці, каб набыць квіток да курортнага пасёлку Вызу, што за 70 км ад Таліну, я зьвярталася выключна па-эстонску:

«Üks pilet Võsu» («Адзін квіток да Вызу»)

Касірка штосьці адказвае мне. Замест таго, каб «раскрыцца», я вымаўляю набор эстонскіх выклічнікаў, якія нечакана ўсплываюць у галаве, штосьці кшталту «ах так?», «ну так», «так-так». Пад канец кажу «jah», «aitäh», «ок». Не разумеючы ані слова, як і шмат гадоў таму, праўдападобна, трапляю у кантэкст.

…У тое далёкае лета 1981, калі ніхто ня думаў, што яно будзе такім далёкім, тэрмінова хацелася куды-небудзь выбрацца з гораду-герою Менску. Па сутнасьці, з усёй 1/6 часткі сушы, якая належала СССР, мяне вабіў адзін край — Эстонія. У сталічным Таліне я не адчувала ніякага сталічнага стрэсу. Я ня бачыла, каб там сварыліся ў чэргах, абражалі ў пунктах грамадзкага харчаваньня, каб жанчын і дзяўчат, якія ў адпаведнасьці з модай палілі цыгарэткі ці апраналі джынсы, старыя з ордэнамі на грудзях дзядзькі называлі брыдкімі словамі і крычэлі: «Мы за вас, бл…, кроў пралівалі, а вы!..» У Эстоніі не было праблемаў, дзе сустрэцца зь сябрамі. Моладзевых клюбаў і кавярняў у маленькім Таліне было столькі, колькі ў мільённым Менску домакіраўніцтваў.

Эстонцы падаваліся мне вельмі ветлівымі. Сярод іх я знайшла нямала калі не сяброў, то людзей, зь якімі, як цяпер кажуць, мелася «супадзеньне хіміі». Многія былі намнога старэйшыя за мяне.

…Эстонская сяброўка Калі параіла мне месца на ўзьбярэжжы непадалёк ад Таліну, дзе я магла б рэальна спыніцца. Ад сваёй калегі, перакладчыцы швэдзкай мовы Эстэр, якая на той момант адпачывала ў Вызу, яна даведалася, што ў гаспадыні вызваліўся адзін маленькі пакойчык, прычым па даволі танным кошце

«Ёсьць, праўда, адна праблемка, — дадала Калі па тэлефоне. — Але раскажу потым. Думаю, яна вырашальная. Ты падобная да нашых».

Белыя эстонскія ночы — найлепшы час для вулічных фэстываляў.
Варыянтаў, куды пайсьці, шмат.
На ратушнай плошчы хутка пачнецца канцэрт.
Указальнік да Olde Hanza — рэстарацыі, дзе можна пакаштаваць эстонскія стравы 16 стагодзьдзя.

«Праблемка», як даведалася ўжо ў Таліне, была ў тым, што Вызу зьяўляўся памежным пасёлкам. Па тэрыторыі запаведніку Лахемаа на паўвысьпе Кясму, дзе і знаходзіўся Вызу, праходзіла дзяржаўная мяжа СССР. На ўзьбярэжжы стаялі назіральныя вышкі, адкуль за пакоем грамадзянаў пільнавалі слаўныя савецкія памежнікі. Позна ўвечары яны патрулявалі на берагу з сабакамі. Калі жыхарам іншых рэспублік СССР, пераважна масквічам ды ленінградцам, хацелася прыехаць сюды на адпачынак, ім трэба было мець штосьці кшталту візы. Потым, ужо ў Вызу, адзін з масквічоў паказваў афіцыйнае запрашэньне сваёй гаспадыні, зацьверджанае ў мясцовай міліцыі і нават нейкі штэмпэлёк у пашпарце. Нічога гэтага ў мяне не было. Таму Калі папярэдзіла, што цягам гадзіннай аўтобуснай паездкі мне лепш памаўчаць, бо могуць здарацца розныя праверкі памежнікаў. Кантроль, праўда, выбаркавы, пераважна тых, у кім бачаць прыежджых. Таксама Калі раіла нікуды не ад'яжджаць з Вызу. Набыць неэстонцу квіток адсюль у Талін можна спакойна, а вось наадварот наўрад ці. У талінскай касе заўсёды могуць папрасіць неабходныя дакумэнты. Да Вызу мы даехалі з Калі разам, але кантролю ні тады ні потым я ня бачыла.

Сустрэць на вуліцах людзей ў нацыянальных строях — справа нярэдкая.


Парушэньне памежнага рэжыму


Спатканьне нават з бронзавым камінарам таксама, кажуць, прыносіць шчасьце.
Знаёмая Калі, Эстэр, арганізавала мне жыльлё на дачы, якую здавала жонка капітана гандлёвага флёту. «Капітанская» дача складалася зь вялікага галоўнага дому і некалькіх дамкоў-куратнікаў. Усё гэта знаходзілася на вялізнай капітанскай тэрыторыі сярод пладовых дрэваў і хвояў. Здаецца, яшчэ расьлі кветкі. У цэнтры дачы стаяў вялікі стол. Днём там звычайна пілі каву і гулялі ў карты. Увечары проста пілі піва і травілі палітычныя анэкдоты. Насельнікаў было шмат. Дачка Эстэр Анья разам зь дзецьмі і мужам Марцінам, сын Анс разам зь сябрамі зь Піцеру, маскоўская сямейная пара, талінская дзяўчына зь сябрам-грузінам і яшчэ нейкія ці то знаёмыя ці то сваякі капітаніхі.

Памежны парадак я ўсё ж вырашыла парушыць. Магчыма, не хапала адрэналіну. З другога боку, надвор’е на моры было няўстойлівым, а ў Таліне штодня праходзілі і канцэрты, і выставы, і розныя гарадзкія сьвяты. На адно з такіх гарадзкіх сьвятаў, калі старая плошча да позьняй ночы становіцца вялікай сцэнічнай пляцоўкай, а шматлікія вулічныя гледачы разам са сьпевакамі тэатру «Эстонія» сьпяваюць няпростыя опэрныя арыі, мне давялося патрапіць і цяпер, летам 2010. Але тады ў талінскія вандроўкі мне шчасьціла болей. Двойчы давялося сустрэцца з жывымі талінскімі камінарамі і дакрануцца да іх. Гэта лічылася вельмі добрай прыкметай. На шчасьце. Магчыма гэта ў свой час і дапамагло мне пад час маіх «нелегальных вандровак» ня трапіць пад памежны кантроль?

Цяпер усе сапраўдныя камінары, напэўна, пайшлі ў адпачынак. Аднак я ўсё ж сустрэла «шчасьлівага камінара». Так называецца бронзавы помнік, які зьявіўся тут зусім нядаўна…

(Працяг будзе)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG