Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На фэстывалі “Анімаёўка” паболела мульцікаў па-беларуску


Беларускамоўных мульцікаў хоць і паболела, але рэкляма фэстывалю застаецца рускамоўнай.

Беларускамоўных мульцікаў хоць і паболела, але рэкляма фэстывалю застаецца рускамоўнай.

Фэстываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2010» сёньня пачаўся ў Магілёве. У конкурснай праграме — чатыры мультфільмы на беларускай мове. За трынаццаць гадоў фэстывалю гэта найбольшая колькасьць стужак на мове краіны-арганізатаркі. Год таму беларускамоўных мульцікаў было тры.

Гледачы пабачаць наступныя беларускамоўныя мультфільмы: «Выцінанка-выразанка» ад рэжысёра Міхаіла Тумелі, «Калыханка» ад Тацяны Кубліцкай, «Як Несцерка сваю нявесту шукаў» ад Ігара Воўчыка ды «Музычная скарбонка» ад Натальлі Касьцючэнка.

«Мы рады, што зьявіліся мультфільмы на беларускай мове, й так многа. Так і трэба. Сёлета, напрыклад, так «забамбіў» — я іншага слова падабраць не магу — Тумеля сваю «Выцінанку-выразанку. Нам ён так спадабаўся! Настрой падымае. Там адчуваецца нацыянальны калярыт. Гэта тое, што патрэбна сёньня беларускаму дзіцяці», — зазначае намесьніца дырэктара магілёўскага аб’яднаньня «Кінавідэапракат» Алена Рулёва.

Усе фэстывальныя беларускамоўныя мульцікі зроблены на кінастудыі «Беларусьфільм».

Гледачам яны малазнаёмыя. Рэжысёр Натальля Касьцючэнка, напрыклад, ня здолела прыгадаць, ці паказвалі яе «Музычную скарбонку» хоць раз па беларускім тэлебачаньні. Яна перакананая, што яе мультфільм ня толькі цікавы, але й павучальны, бо зроблены ён на фальклёрным матэрыяле:

«Ён у нас ня мае тэксту, а ён пакладзены ў нас цалкам на арыгінальную музыку, на сьпевы. Там бабулі сьпяваюць. Нават калі малыя гэтага не разумеюць, але ім усё адно трэба ўкладваць гэта ў раньнім дзяцінстве. Мы ж як культурныя людзі ня можам праходзіць міма такіх працэсаў».
Разгарніце любую праграму й паглядзіце, ці шмат надаецца ўвагі наагул дзіцячаму вяшчаньню.

На «Беларусьфільме» прызналі што мультыплікацыйныя фільмы не запатрабаваныя беларускім тэлебачаньнем. Часьцей іх можна пабачыць на фэстывалях:

«Разгарніце любую праграму й паглядзіце, ці шмат надаецца ўвагі наагул дзіцячаму вяшчаньню. Мульцікі ў нас якасныя, добрыя, з сэнсам. На многіх міжнародных фэстывалях вялізнае мноства прызоў атрымліваюць. Мы зь імі размаўляем, магчыма што-небудзь, калі-небудзь і круціцца», — паведаміла прэсавая сакратарка «Беларусьфільму» Валянціна Белякова.

Год таму на «Анімаёўцы» перамог беларускамоўны мультфільм ад рэжысёра Ігара Воўчака «Аповесьць мінулых гадоў» пра гербы беларускіх гарадоў. Па беларускім тэлебачаньні яго не паказвалі.

Сёлета на «Анімаёўцы» пакажуць 122 анімацыйныя стужкі з 19 краінаў. Да трыццатага верасьня журы, у якім старшынюе мастацкі кіраўнік «Беларускага відэёцэнтру» Аляксандар Карпаў, мусіць вызначыць пераможцаў у шасьці намінацыях.
XS
SM
MD
LG