Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі назапашваюць мазут і торф на выпадак абмежаваньня паставак газу


Жыльлёва-камунальная гаспадарка Беларусі стварыла запас рэзэрвовага паліва для забесьпячэньня працы кацельняў на выпадак аварыйных сытуацый і абмежаваньня паставак прыроднага газу ў краіну.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўленьня камунальнай гаспадаркі і энэргетыкі Мінжылкамгасу Беларусі Анатоль Шагун на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, перадае Інтэрфакс.

На сёньня ў краіне маецца запас топачнага мазуту ў аб'ёме 23,5 тысяч тон, што на 18% перавышае заданьне ўраду, даведзенае ў рамках падрыхтоўкі краіны да ацяпляльнага пэрыяду. "Гэта рэзэрвы для газавых кацельняў, якія могуць быць выкарыстаны ў выпадку нейкіх аварыйных сытуацый у газатранспартнай сыстэме або ў сытуацыі абмежаваньня падачы прыроднага газу ў рэспубліку ", — сказаў А. Шагун.

Гэтага запасу мазуту, паводле прадстаўніка Мінжылкамгасу, дастаткова для забесьпячэньня працы кацельняў цягам 3-10 дзён.

Што датычыць нарыхтоўкі іншых відаў паліва, А.Шагун паведаміў, што на сёньняшні дзень ужо сфармаваны запас торфу на 98% ад пляну.

"На 91% ад пляну ўжо створаны запас паліўнай шчапы, і на 83% — дроў. Фактычна такога запасу драўніннага паліва нам хапае на ўвесь ацяпляльны пэрыяд".

XS
SM
MD
LG