Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскія расьліны даюць рады з радыяцыяй


Belarus – Activists of BNF party visited Charnobyl (Chernobyl) zone, 24apr2010

Belarus – Activists of BNF party visited Charnobyl (Chernobyl) zone, 24apr2010

Вучоныя адкрылі мэханізмы, што дазваляюць расьлінам выжываць на моцна забрудненай радыянуклідамі тэрыторыі. Пра вынікі дасьледаваньня інфармуе Бі-Бі-Сі, спасылаючыся на часопіс “Environmental Science and Technology”.

Дасьледчая група зрабіла свае высновы, прааналізаваўшы рост соевага бобу і лёну. У 2007 годзе вучоныя пасеялі гэтыя расьліны ў моцна заражаную радыяцыяй глебу ў навакольлі Прыпяці – выселенага пасьля аварыі гарадка працаўнікоў ЧАЭС. Адначасна дасьледнікі паклалі ў зямлю насеньне соі і лёну на полі, ачышчаным ад радыяцыйнага забруджаньня.

Выявілася, што расьліны ў заражанай глебе за даволі кароткі тэрмін здолелі прыстасавацца да ўмоваў высокага радыяцыйнага фону.

“Хутчэй за ўсё, у расьлінах ёсьць пэўныя альгарытмы, – тлумачыць адзін з аўтараў дасьледаваньня, генэтык з Славацкай акадэміі навук Марцін Гайдух. – На Зямлі заўжды была радыяцыя – зь першых этапаў фармаваньня нашай плянэты. У той час узровень радыяцыі на зямной паверхні быў нашмат вышэйшы, чым цяпер. Мяркуючы з усяго, расьліны сутыкнуліся з радыяцыяй, калі жыцьцё на Зямлі адно зараджалася, і ў выніку гэтага выпрацавалі цяперашні мэханізм”.

Аднак, нягледзячы на тое, што расьліны, выраслыя ў заражанай зямлі, выглядаюць здаровымі і маюць належны ўзровень пратэінаў, вучоныя папярэджваюць, што іх спажываньне можа несьці для чалавека небясьпеку.

Публікацыі вынікаў гэтага дасьледаваньня папярэднічала абнародаваньне сёлета Навуковым камітэтам ААН у пытаньнях узьдзеяньня атамнай радыяцыі справаздачы з ацэнкамі наступстваў чарнобыльскай аварыі. Згодна з справаздачаю, шкода ад радыяцыйнага ўзьдзеяньня ў Беларусі, Украіне і Расеі аказалася меншай, чым прагназавалася. На думку экспэртаў ААН, праз 20 гадоў пасьля аварыі на ЧАЭС, апрача росту захворваньняў на рак шчытападобнай залозы, няма іншых сьведчаньняў выкліканага радыяцыяй росту захворваньняў.
XS
SM
MD
LG