Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы ў справе падпалаў: "Там справы па ўсім горадзе"


У Менску працягваюцца затрыманьні па справе аб нядаўнім нападзе на амбасаду Расеі, падпале ізалятару на Акрэсьціна ды нападах на філіял "Беларусьбанку" і будынак Дома прафсаюзаў 30 красавіка.

Паводле актывісткі экалягічнага руху Ніны Маргаевай, 23 верасьня раніцай пасьля ператрусаў былі затрыманыя актывісты Аляксандар Ярашэвіч і Алена Дубовік.

"Недзе каля 7 гадзінаў раніцы ім патэлефанавалі зь міліцыі, у іх адбыўся вобшук, забралі ўсю кампутарную тэхніку, якая ў іх была, і адвезьлі ўва ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю на Рэвалюцыйнай вуліцы, 3. Што зь імі цяпер, ня ведаю", — сказала "Свабодзе" Ніна Маргаева.

Паводле зьвестак Ніны Маргаевай, журналіст Аляксандар Ярашэвіч займаў актыўную пазыцыю супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі гэтак сама, як і Алена Дубовік. І яшчэ яны моцна дапамагалі затрыманым у справе падпалаў, у тым ліку анархістам: кантактавалі зь іх сваякамі, дапамагалі зь інфармацыяй. "Мяркую, таму іх і затрымалі. Увогуле, па маіх зьвестках, цяпер штодня ідуць затрыманьні і допыты. Людзей затрымліваюць, дапытваюць, каго адпускаюць, каго трымаюць", — кажа Ніна Маргаева.

Ва ўпраўленьні інфармацыі МУС не ўдалося атрымаць зьвесткі адносна новых затрыманьняў у справе падпалаў. Між тым, адзін са сьледчых Цэнтральнага РАУС Менску, дзе вядзецца справа, не называючы свайго імя, сказаў "Свабодзе": "Справы ідуць па ўсім горадзе, але я нічога пэўнага казаць ня маю права".

Паводле МУС, у пачатку верасьня былі затрыманыя 7 актывістаў руху анархістаў, якіх падазравалі ў нападзе на філіял "Беларусьбанку" і будынак Дома прафсаюзаў 30 красавіка. Іншыя крыніцы паведамлялі, што іх таксама правяралі на датычнасьць да нападу на расейскую амбасаду 30 жніўня і ізалятар на Акрэсьціна ў пачатку верасьня. Вядома, што 5 анархістаў выйшлі на волю, за кратамі застаюцца Аляксандар Францкевіч, які нібыта датычны да нападу на пастарунак міліцыі ў Салігорску, і Мікалай Дзядок, якога нібыта падазраюць у рабаваньні мінакоў. Таксама выйшаў на волю пасьля 9 дзён затрыманьня актывіст "Правага альянсу" Ігар Чапіга, якога таксама правяралі на датычнасьць да падпалаў. Паводле Ігара Чапігі, у гэтых справай значна больш затрыманых, чым афіцыйна прызнаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG