Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Стрэнькі Рагачоўскага раёну пры падтрымцы праекту ЭЗ/ПРААН “Устойлівае разьвіцьцё на мясцовым узроўні” ствараецца музэй “Беларуская лялька”.

Лялькі з тканіны, гліны былі традыцыйнамі цацкамі беларускай малечы яшчэ з паганскіх часоў. Праз гульні з самаробнымі лялькамі дзяўчынкі засвойвалі сакрэты рукадзельля, паводзінаў у сям’і.

У старадаўнасьці маладым на вясельлі дарылі ляльку “неразлучнікі”, а каб дом быў заможным – рабілі “крупянічку” альбо “зернавушку”. Былі й “вясьнянкі” – з валасамі самага нечаканага колеру. На мядовы Спас з сабранага воску ляпiлi ляльку-сьвечку.

Мэнэджэры праекту перакананы, што музэй паспрыяе адражэньню цікавасьці да вырабу беларускіх лялек. Людзі больш даведаюцца пра культурныя й побытавыя традыцыі сваіх продкаў.

У дзень адкрыцьця музэю, прызначанага на 26 верасьня, будзе арганізавана майстар-кляса, дзе адмыслоўцы пакажуць, як зладзіць ляльку, сплясьці вянок, зьвязаць дажынкавы сноп. Прадугледжана таксама конкурс-дэгустацыя страваў беларускай кухні.
XS
SM
MD
LG