Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сёмы дзень акцыі ля касьцёлу абышлося без затрыманьняў


Каля менскага касьцёлу сьвятога Язэпа прайшла сёмая запар акцыя за вяртаньне храму вернікам і спыненьне камэрцыйнай перабудовы суседняга кляштара бэрнардынцаў.

Як меней тры міліцэйскія аўтобусы і адзін мікрааўтобус былі падагнаныя да плошчы Свабоды напярэдадні чарговай акцыі ў абарону касьцёлу сьвятога Язэпа. Міліцыянты ў цывільным пільнавалі ўсе ўваходы на плошчу, але гэтым разам абышлося без затрыманьняў.

Сузаснавальнік БХД Павал Севярынец: «Плошча Волі — гэта сэрца Менску, гэта тая зямля, на якой кожны беларус, які любіць сваю краіну і верыць у Бога, адчувае сябе як дома. Думаю, гэта знамянальна, што сёньня, на сёмы дзень, мы прайшлі сюды ўжо без затрыманьняў. Спадзяюся, адгэтуль будзе так заўсёды і запрашаю ўсіх штодня на плошчу Волі каля касьцёлу».

Сёмы дзень акцыі ля касьцёлу сьвятога Язэпа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:28 0:00
Наўпроставы лінк


Пасьля традыцыйнага маленьня за вяртаньне храму вернікам і сьпеваў адбыўся заплянаваны канцэрт сьпявачкі Тацьцяны Беланогай. У гэты момант на плошчы ўзмацніўся дождж, але людзі не разышліся, наадварот, змагароў за касьцёл паболела.

Перад тым, як узяць у рукі гітару, Тацяна Беланогая адказала на пытаньне «Свабоды», чаму яна пагадзілася ўзяць удзел у сёньняшняй акцыі:

Касьцёл належыць вернікам, яго пабудавалі на грошы вернікаў, а яго хочуць пакінуць сабе тыя, хто ніякіх намаганьняў не прыклаў, не патраціў нічога, ня ўклаў ані крывінкі.
«Касьцёл належыць вернікам, яго пабудавалі на грошы вернікаў, а яго хочуць пакінуць сабе тыя, хто ніякіх намаганьняў не прыклаў, не патраціў нічога, ня ўклаў ані крывінкі. Гэта тое самае, што прысабечыць нейкую рэч толькі таму, што яна табе спадабалася. Гэта няправільна і неразумна».

Тацяна Беланогая сьпела некалькі песьняў, сярод іх была і пра тое, як урэшце разбурацца сьцены злосьці і недаверу паміж людзьмі.

Заўтра, як паведамілі арганізатары змаганьня за касьцёл сьвятога Язэпа, тут чакаюць патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты з сваімі перадвыбарчымі праграмамі.

Першым паабяцаў прыйсьці на дыскусію Віталь Рымашэўскі, чакаюць таксама Рагора Кастусёва, Алеся Міхалевіча ды ўсіх іншых. Яшчэ ўдзельнікі акцыі адзначаюць, што агалоска вакол учорашніх затрыманьняў удзельнікаў абароны касьцёла, магчыма, і паўплывала на тое, што сёньня ўсё прайшло безь перашкодаў.

Акцыі ў абарону касьцёла сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынцаў на плошчы Волі пачаліся ў дзень беларускай салідарнасьці 16 верасьня і з таго часу праходзяць штодзённа а 19 гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG