Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія шрэкі і карлсаны ня хочуць у турму


У межах грамадзкай кампаніі «Стоп-193-1» у Менску прайшла акцыя. Актывісты, пераапранутыя ў казачных герояў, пратэставалі супраць захаваньня ў Крымінальным кодэксе артыкулу аб адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.



Шрэк, Кот у ботах, Карлсан ці Шэры воўк — шлях ад чыгуначнага вакзалу да МЗС усе яны праходзяць за тыя ж 10 хвілін, што і звычайныя людзі. Удзел у гэтым «казачным» шэсьці ўзялі актывісты няўрадавых арганізацый, якія шмат гадоў не рэгіструе мінюст. Пракуратура пагражае такім актывістам крымінальнай адказнасьцю, улучна з турмой. Пераапранутыя ў казачных герояў удзельнікі акцыі аднесьлі зварот у міністэрства замежных спраў, паколькі лічаць яго таксама адказным за становішча. «Мы абураныя ганебным для нашай краіны ігнараваньнем рэкамэндацый Рады ААН па правах чалавека», — заяўлена ў звароце.

Алена Валынец зь незарэгістраванай Асацыяцыі няўрадавых арганізацый кажа, што беларускія ўлады гэтак і ня выканалі рэкамэндацыі ААН па адмене крымінальнай адказнасьці за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях:

«Нядаўна МЗС паведаміла, што ўрад адмяняць гэты артыкул не зьбіраецца. Вось такая сытуацыя, і мы хочам, каб напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў да яе зноў была прыцягнутая ўвага міжнароднай супольнасьці, а менавіта заўтра, на радзе па правах чалавека ў ААН, падчас разгляду ўнівэрсальнага агляду сытуацыі па правах чалавека».

Актывістам дазволілі занесьці зварот у МЗС і пакінуць яго ў скрыні для лістоў наведнікаў. Ніхто з супрацоўнікаў МЗС ня выйшаў пагутарыць зь незвычайнымі гасьцямі.

Ці шырока вядомая ў самой Беларусі праблема існаваньня крымінальнай адказнасьці за ўдзел у арганізацыі, якая незарэгістраваная? Актывіст Асацыяцыі няўрадавых арганізацый Мікола Бянько, які прайшоў сёньня па цэнтры сталіцы разам з казачнымі пэрсанажамі, падзяліўся ўражаньнямі: людзі, паводле актывіста, зьвярталі ўвагу на незвычайную працэсію, і шмат хто цікавіўся мэтай акцыі.

«Мы казалі менчукам, што ня дзеля гульні пераапрануліся ў казачныя строі, а каб паказаць абсурднасьць нормаў, якія існуюць у беларускім заканадаўстве. У прыватнасьці, што да няўрадавых арганізацый. Людзі нашы аказаліся ня надта інфармаванымі ў такіх праблемах, але падзялялі меркаваньне, што патрэбных свабодаў для выяўленьня грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі няма. Таму спачуваюць, калі дазнаюцца, жадаюць посьпехаў і ўдачы».

Акцыя прайшла безь перашкод з боку праваахоўных органаў.



"Шрэк" зачытвае зварот казачных герояў да МЗС



Артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу ўступіў у сілу незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Ён прадугледжвае адказнасьць (штраф, арышт на тэрмін ад шасьці месяцаў да двух гадоў) за дзейнасьць ад імя палітычнай партыі, грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, якія ня маюць дзяржрэгістрацыі.

Першымі ахвярамі ў лютым 2006 году сталі сябры незарэгістраванай арганізацыі «Партнэрства», якія спрабавалі арганізаваць незалежнае назіраньне за падлікам галасоў.

Да канца 2009 году за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі было асуджана 17 чалавек.

Паводле Асацыяцыі няўрадавых арганізацый у 2010 годзе працягвалася практыка адмовы ў рэгістрацыі для добраахвотных няўрадавых арганізацый дэмакратычнага кірунку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG