Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры гадзіны без аўто — не для аўтааматараў


На Палескім мосьце частыя заторы.
На Палескім мосьце частыя заторы.
Аўтааматары Гомеля, па сутнасьці, праігнаравалі міжнародную акцыю «Дзень без аўтамабіля». Толькі асобныя кіроўцы скарысталіся магчымасьцю праехаць у грамадзкім транспарце, паказаўшы пасьведчаньне на кіраваньне аўтамабілем.

Гаворыць кантралёр гарэлектратранспарту спадарыня Галіна, якая сёньня правярала пасажыраў тралейбусаў на маршруце «Гомсельмаш — Вакзал»:

«Мала, відаць, людзей, якія ведаюць, што можна бясплатна ехаць з пасьведчаньнем аўтааматара».

Зрэшты, у абласным цэнтры такі праезд быў дазволены ня поўны дзень, а толькі дзьве гадзіны ўранку й дзьве — увечары . Гэта сталася яшчэ адной прычынай, што аўтааматары ня сталі «прыстасоўвацца» да вызначаных гадзінаў.

Кандуктар працяглага аўтобуснага маршруту № 18 апавяла:

«Зь 7 да 9 раніцы і з 16 да 18 гадзінаў два чалавекі праехалі ў мяне з пасьведчаньнямі кіроўцаў. І больш не было».

Пасажырка аўтобуса надзвычай зьдзівілася, што акцыя «Дзень без аўтамабіля» сталася, па сутнасьці, акцыяй «Чатыры гадзіны без аўтамабіля»:

Калі чалавек адмовіўся ад аўтамабіля, а па працы яму трэба некуды паехаць, дык чаму яго не заахвоціць.
«Я думаю, што трэба было цэлы дзень рабіць. Калі чалавек адмовіўся ад аўтамабіля, а па працы яму трэба некуды паехаць, дык чаму яго не заахвоціць».

Аўтааматарка Сьвятлана патлумачыла, чаму не адмовілася сёньня ад паездкі на прыватным аўто:

«Я інакш ніяк не пасьпею свае справы зрабіць, таму што а палове на трэцюю мне трэба быць у Навабеліцы, у тры дня — на Фэстывалі, а ў чатыры — у 17-м мікрараёне».

Гомельскіх аўтамабілістаў цяпер турбуюць ня столькі разавыя акцыі, колькі паўсядзённае жыцьцё. У горадзе стала цяжка прыпаркавацца. Кіроўцаў нярвуюць заторы, якія ўсё часьцей назіраюцца на вуліцах абласнога цэнтру.

Аўтааматар Мікіта: «Заторы — гэта найперш мост ля Нікольскай царквы пасьля 5 гадзінаў дня. Зрэшты, пасьля 5 да 8 — усюды заторы. Відаць, пашыраць дарогі трэба альбо сьветлафоры неяк рэгуляваць, таму што на некаторых скрыжаваньнях немагчыма праехаць. Напрыклад, у мікрараёне „Гомсельмаш“ блізу гандлёвага цэнтру — там вечныя заторы. Парковачных месцаў бракуе — ля парку, лядовага палацу і, канечне, каля рынку».

Спадар Уладзімер, аўтааматар зь 15-гадовым стажам, дадае:

«|Заторы ў гадзіну пік — на Кірава, Інтэрнацыянальнай. Новы мост праз Сож у Навабеліцу — таксама заторы. Палескі мост — таксама заторы пастаянныя. Трэба аб’язную дарогу рабіць, каб транзытам не ішлі машыны праз Гомель. І каб не адзін мост быў у цэнтры на Навабеліцу».



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG