Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Каб усе пакінулі аўтамабілі, то ў грамадзкі транспарт было б не зайсьці"


22 верасьня — міжнародны "Дзень без аўтамабіля", у якім прымаюць удзел 1200 гарадоў у 40 краінах сьвету. У Беларусі "Дзень без аўтамабіля" праводзіцца трэці год і сёлета адзначаны рэклямнымі кампаніямі і дабрачыннымі акцыямі.

"Дзень без аўтамабіля" ў Беларусі адзначыўся пахмурным і дажджлівым надвор'ем. І тое, што ў Менску ў ранішнюю гадзіну пік здарылася найменшая колькасьць аўтааварый, ёсьць першай адзнакай яго правядзеньня, кажа супрацоўніца прэсавай службы гарадзкой управы ДАІ Лілія Глінская:

"А 10-й раніцы — у гадзіну пік — у Менску было зафіксавана ўсяго толькі тры дарожна-транспартныя здарэньні. У параўнаньні зь іншымі днямі, гэта вельмі мала. Гэта значыць, што людзі ўсё ж зразумелі карысьць адмовы ад аўтамабіля і пераселі на грамадзкі транспарт".
Людзі ўсё ж зразумелі карысьць адмовы ад аўтамабіля і пераселі на грамадзкі транспарт

Галоўнай жа адметнасьцю сёлетняга "Дня без аўтамабіля" стаўся бясплатны праезд у гарадзкім транспарце для аўтааўладальнікаў. Замест квітка ці праязнога яны мусілі прад’яўляць кантралёрам пасьведчаньні кіроўцаў і тэхпаштарт аўтамабіля. Дабрачынную ініцыятыву Міністэрства прыродных рэсурсаў не падтрымалі толькі ўлады Віцебшчыны. Ці шмат аўтааўладальнікаў скарысталіся магчымасьцю бясплатнага праезду ў менскім мэтро, цікаўлюся ў кантралёркі Алены Фясько:

Карэспандэнтка: "Ці шмат сёньня было людзей, якія паказвалі вам дакумэнты, каб праехаць бясплатна".

Фясько: "Ня дужа шмат, але ідуць. Правы паказваюць і тэхпашпарт — гэта абавязкова, а інакш не прапусьцім".

Карэспандэнтка: "Як вы самі ставіцеся да такой акцыі, ці вітаеце?"

Фясько:
"Нават ня ведаю, мо і не — плаціць за ўсё трэба".

Сёлета напярэдадні і непасрэдна ў "Дзень без аўтамабіля" ў Менску ды іншых гарадах прайшлі рэклямныя акцыі з мэтай папулярызацыі альтэрнатыўных відаў перасоўваньня — ровараў, пешых прагулак і грамадзкага транспарту. Як паведаміў кіраўнік упраўленьня Міністэрства прыродных рэсурсаў Сяргей Заўялаў, бальшыня супрацоўнікаў міністэрства ў гэты дзень свае аўто таксама пакінулі дома, а сам ён прынцыпова не карыстаецца легкавіком:
Калі б усе раптам пакінулі свае аўтамабілі, то ў аўтобусы зайсьці нельга было б пры такім наплыве людзей.

"Я ж займаюся пытаньнямі аховы атмасфэрнага паветра, таму не магу займацца гэтай справай і адначасна езьдзіць на аўтамабілі. У сваю чаргу, мы, Міністэрства прыродных рэсурсаў, будзем патрабаваць будаўніцтва пляцовак для ровараў, дарожак для іх. Гэтыя нашы прапановы мы будзем адстойваць пры разглядзе схем разьвіцьця гарадоў і іх будаўніцтва".

Тым ня менш, у "Дзень без аўтамабіля" колькасьць аўтатранспарту на дарогах ня зьменшылася, а каб гэта здарылася, неабходна ствараць больш спрыяльныя ўмовы для аўтааматараў, мяркуе кіраўнік асацыяцыі аўтамабілістаў Яўген Сілівэрстаў:

"Калі меркаваць па тым, колькі цяпер на дарогах я бачу аўтамабіляў, то ня надта і добра гэтая акцыя арганізаваная. Па-першае, неабходна было б павялічыць колькасьць грамадзкага транспарту ў гэты дзень і інтэнсіўнасьць яго руху, каб зацікавіць чалавека пакінуць свой аўтамабіль. Мне, да прыкладу, і задарма ў тым жа аўтобусе… Я мяркую, што калі б усе раптам пакінулі свае аўтамабілі, то ў аўтобусы зайсьці нельга было б пры такім наплыве людзей. Хіба толькі калі ў двух кварталах ад свайго дома чалавек працуе, то ён і пакіне машыну. А другое — думаю, што ня толькі тэлебачаньне, але і іншыя СМІ да гэтай справы варта было б падключаць. Да прыкладу, у інтэрнэце пра гэтую акцыя сёньня нічога няма".
XS
SM
MD
LG