Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Паціху выміраем, моўчкі п'ючы гарэлачную атруту"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 22 верасьня 2010 году

На працягу апошняга часу маскоўскі Крэмль істотна зьмяніў стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі. Найбольш відавочна гэта выявілася ў асьвятленьні дзейнасьці беларускага прэзыдэнта фэдэральнымі тэлеканаламі, і асабліва ў жорсткім выкрывальніцкім сэрыяле "Хросны Бацька", які паказаў папулярны расейскі канал "НТВ". Многія назіральнікі, палітыкі, палітолягі пачалі гаварыць пра высокую верагоднасьць хуткіх зьменаў у Беларусі. Маўляў, мяняюцца настроі ў асяродзьдзі намэнклятуры, Расея не прызнае чарговай перамогі, абвешчанай Лукашэнкам, беларусы пасьля галасаваньня масава выйдуць на вуліцу і г.д. Наколькі магчымы такі сцэнар?

Наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну называе ўсё гэта ілюзіямі. У сваім лісьце на "Свабоду" ён піша:

"Нічога гэтага ня будзе. У краіне, дзе пануюць страх, бясконцае цярпеньне і рабалепства, такое не адбываецца. А да ўсяго гэтага трэба дадаць абыякавасьць.

Многія бачылі, як Лукашэнка грозна расьпякаў міністра сельскай гаспадаркі. Маўляў, колькі ты абяцаў сабраць зерневых і колькі сабраў фактычна? І той, заікаючыся перад усёй краінай, спалохана апраўдваўся: маўляў, абяцаў дзевяць мільёнаў тон, сабраў сем, а дзевяць абяцаю сабраць у наступным годзе. Ну, нібы школьнік, які ня вывучыў урок.

Гэты эпізод вельмі паказальны. Пачнем з таго, што гэта сам Лукашэнка абяцаў народу сабраць 10 мільёнаў тон збожжа. Але сам ён, натуральна, адказваць за гэта не зьбіраецца, а замест гэтага ўсенародна прыніжае міністра. А чалавек створаны так: чым больш ён перацерпіць прыніжэньняў, тым больш, у сваю чаргу, будзе прыніжаць тых, хто ніжэй за яго. Паводле гэтага прынцыпу пабудавана і армія, дзе пануе "дзедаўшчына", і чыноўніцкі апарат.


Усім кіруе страх і вытворныя ад яго — рабалепства, пакорлівасьць і цярпеньне.

Прывяду прыклад цярплівасьці беларусаў, сьведкам якога быў сам. Неяк ехаў аўтобусам з рыбалкі. На першым сядзеньні ўладкавалася кабета, якая заняла і месца побач з сабой: паставіла туды кошык з катом у ім. Па дарозе пасажыраў рабілася ўсё больш. Урэшце месцаў стала не хапаць. А ехаць да канцавога прыпынку доўга — больш як гадзіну. І хоць бы адзін чалавек абурыўся і папрасіў кабету ўзяць кошык на калені, каб вызваліць месца. І запэўніваю вас: гэтыя людзі не абураліся зусім не з прычыны любові да жывёліны.

Так што ўсё гэта ілюзіі — нібыта нашы людзі гатовыя масава выйсьці на вуліцу...

А што датычыць сьцьвярджэньня, нібы фільм "Хросны Бацька" паглядзелі да 40 працэнтаў беларускага насельніцтва, то гэта — яўнае перабольшаньне. Паводле маіх апытаньняў і назіраньняў, гэтую лічбу трэба зьменшыць прынамсі ў 10 разоў. А гэта ўжо сьведчыць пра нашу абыякавасьць. Вось такая атрымліваецца карціна — на вялікі жаль"
.

Ня думаю, спадар Васіль, што пераказаны вамі эпізод у аўтобусе надта ўжо тыповы і цалкам паказвае беларускі характар з шматкроць апісанымі стэрэатыпнымі доўгацярпеньнем і пакорлівасьцю лёсу. Не выключаю, што калі б падобнае здарылася ў гадзіну пік дзе-небудзь у рабочым раёне Менску, дык справа магла б скончыцца ня толькі слоўнай перапалкай, але і выкіданьнем ката з аўтобуса. І яшчэ добра, калі ня разам зь ягонай гаспадыняй.

А яшчэ я згадваю 100-тысячныя натоўпы рабочых на вуліцах Менску ў красавіку 1991-га, пасьля таго як урад вырашыў рэзка падвысіць цэны на харчаваньне. І куды падзеліся тыя ледзь не міталягізаваныя нехлямяжасьць, апатыя і цярплівасьць беларусаў, калі заробку ня стала хапаць на ежу?

Тэма выбараў хвалюе і нашага слухача Барыса Руцько зь Менску. Ён перакананы: калі ўлада будзе праводзіць выбарчую кампанію паводле ранейшых сцэнароў, цалкам кантралюючы ўсе этапы падліку бюлетэняў, то апазыцыя павінна адмовіцца ад удзелу ў такіх выбарах. Слухач піша:

"На сёньня самае галоўнае пытаньне: хто пераканае апазыцыйныя сілы ў Беларусі ня ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 19-га сьнежня? Хто прымусіць дэмакратычных лідэраў адмовіцца ад уласных амбіцыяў дзеля агульнай справы?

Усе, хто выступае супраць рэжыму, павінны аб'яднацца і зьвярнуцца да народу з заклікам да ўсеагульнага байкоту і акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня. Сумленныя грамадзяне не павінны ісьці на выбарчыя ўчасткі. Чым меней будзе людзей ля скрыняў для галасаваньня, тым складаней рэжыму фальшаваць вынікі на карысьць Лукашэнкі.

Так што ўдзел дэмакратаў у выбарах для Лукашэнкі надзвычай важны. Ня будзе іх — застануцца ў бюлетэнях прозьвішчы толькі Лукашэнкі і Гайдукевіча. І ўсім усё адразу будзе зразумела"
.

Ня будзе ў выбарчых бюлетэнях дэмакратаў, спадар Барыс, дык зьявяцца там іншыя прозьвішчы. Напрыклад, прафэсійнага кандыдата ў прэзыдэнты з 94-га году Цярэшчанкі. Ці каго-небудзь яшчэ з нулявым рэйтынгам і ня надта вялікімі амбіцыямі, якія можна абазначыць вядомым выслоўем: "Не даганю, дык хоць сагрэюся".

Пра ідэю байкоту апазыцыя гаворыць ужо гадоў пятнаццаць. Але яшчэ ні разу ў Беларусі не дайшло да яе пасьпяховай рэалізацыі. Няшмат шанцаў на тое, што дэмакратычныя лідэры дамовяцца, і зараз.

Аўтар наступнага ліста Ўладзімер Зьвернік зь Менску адклікнуўся на паведамленьне пра трагічную сьмерць апазыцыйнага журналіста, аднаго са стваральнікаў і аўтараў сайту "Хартыя'97" Алега Бябеніна. У сваім лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"Нагадаю, што першай загадкавай ахвярай пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады стаў вядомы публіцыст і крытык рэжыму Анатоль Майсеня, які загінуў у выніку аўтакатастрофы. Потым зьнік і быў прызнаны ўладамі памерлым тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі. Зусім незразумелымі засталіся забойствы Веранікі Чаркасавай і Васіля Гроднікава. І вось цяпер ня стала Алега Бябеніна. Афіцыйная вэрсія аб ягоным самазабойстве выклікае шмат пытаньняў — улічваючы асабістыя рысы характару Алега і сьведчаньні ягоных сяброў. Усе гэтыя сьмерці патрабуюць аб'ектыўнага дасьледаваньня, але будзе яно, як кажуць людзі, відаць, ужо не пры гэтай уладзе...

Час цяпер такі, што тых журналістаў, якія не скарыліся перад рэжымам, трэба ўсімі магчымымі сродкамі аберагаць. Тым больш — пасьля вар'яцкіх злачынных пагрозаў на адрас рэдактаркі "Народнай волі" Сьвятланы Калінкінай. Мяркую, што дэмакратычным сілам трэба падумаць над тым, каб падабраць са сваіх шэрагаў дужых хлопцаў-добраахвотнікаў — для аховы гэтай выключна мужнай і прыстойнай жанчыны.

У сувязі з гэтым асаблівыя надзеі ўскладаю на Ўладзіміра Барадача — былога палкоўніка спэцназу, колішняга адданага (як тады здавалася) памочніка апазыцыйнага генэрала Юрыя Захаранкі. Але пасьля гвалтоўнага зьнікненьня і верагоднага забойства генэрала ён, паводле сям'і зьніклага, ніводнага разу не адважыўся наведаць іх. І наогул ён доўгія гады не падаваў голасу. І вось зараз зьявіўся на чале нейкай арганізацыі "Баявое братэрства бязь межаў", складзенай з групы былых вэтэранаў-аўганцаў, якую ён, Барадач, просіць уладу легалізаваць, каб дапамагаць Лукашэнку ў змаганьні з карупцыяй і бойкамі паміж сілавымі структурамі.

Дык вось, лепш бы Ўладзімер Барадач дапамог усім добрым людзям знайсьці і пакараць забойцаў, вінаватых у сьмерці журналістаў. Альбо наладзіў ахову тых незалежных журналістаў, якім пагражаюць"
.

Удакладню, спадар Уладзімер, што ў адным са сваіх апошніх інтэрвію Ўладзімер Барадач заявіў, што той зварот да ўлады, які зьявіўся ў незалежным друку, быў нібыта сфальшаваны. Маўляў, у ім яго і ягоных паплечнікаў "зрабілі саюзьнікамі Лукашэнкі", а насамрэч сапраўдны зварот, паводле Барадача, "быў вельмі рэзкі. І ні пра якое супрацоўніцтва з рэжымам гаворка не ішла". Зрэшты, тэкст іншага, сапраўднага звароту ў друку так і не зьявіўся.

Нагадаю таксама, што былы палкоўнік спэцназу цяпер, пасьля шматгадовага маўчаньня, часта выступае ў мэдыях. А нядаўна стаў удзельнікам нашумелага скандальнага фільму "Хросны бацька", у якім сказаў шмат крытычных слоў на адрас Аляксандра Лукашэнкі.

Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну, як і многія іншыя нашы слухачы, быў зьдзіўлены нечаканым рашэньнем прэзыдэнта Лукашэнкі падправіць уласны дзень нараджэньня — той перанёс яго з 30-га на 31-га жніўня, так, каб гэтая дата супадала з днём нараджэньня ягонага малодшага пазашлюбнага сына Мікалая. Слухач з гэтай нагоды піша:

"Як толькі пачуў гэтую навіну, адразу зьвярнуўся ў ідэалягічны аддзел Аршанскага райвыканкаму — каб зьмянілі мэмарыяльную шыльду на будынку паліклінікі, дзе нарадзіўся Лукашэнка. Адметна, што ўжо на мінулым тыдні, у чацьвер, шыльду зьмянілі. Зараз чакаю афіцыйнага адказу з райвыканкаму.

…Цяпер пра іншае — пра жыцьцё ў нашым пасёлку Копысь. Увогуле, ён лічыцца пэрспэктыўным, але ж сёлета ў школе ўпершыню за многія дзесяцігодзьдзі не набралі першую клясу: няма дзяцей. Во дажыліся! Памятаю 70—80-я гады: тады ў клясе было па 35–40 вучняў. Цяпер — 8—10. Пра які дэмаграфічны ўздым кажа прэзыдэнт? Мы ж паціху выміраем, моўчкі п'ючы гарэлачную атруту.

Яшчэ адно назіраньне. Ведаю, што ў хатах, дзе жывуць некалькі вучняў, няма электрычнасьці. Як у такім разе яны могуць вучыцца? Тым больш што дні цяпер кароткія. Думаю, што цяпер такіх вучняў шмат і ў гарадах, і ў вёсках...

У 2007-м годзе Лукашэнка ўрачыста адкрыў у нас прадпрыемства "Оршабудматэрыялы". Завод, як кажуць, у даўгах як у шаўках. Работнікі гавораць, што ледзь ня ўвесь завод закладзены банку — пад крэдыты. А як там п'юць! Па-чорнаму. Запіў — звольніўся; запіў — звольніўся... Некаторыя так то звальняюцца, то зноў уладкоўваюцца разоў па пяць. Увесну на заводзе адбылося надзвычайнае здарэньне: нецьвярозы рабочы адрэзаў сабе пілой тры пальцы на руцэ. Але гэты факт, як заўжды, схавалі. Каму хочацца несьці адказнасьць? Сьпісалі ўсё на побытавы траўматызм. І прыкладна гэтак жа ў нас паўсюль"
.

Вось як! Аказваецца, дата нараджэньня Аляксандра Рыгоравіча (30 жніўня) была нават увекавечана ў мэтале, на мэмарыяльнай шыльдзе — на тым самым раддоме, дзе ён нарадзіўся. Ну, добра, шыльду апэратыўна памянялі. А як быць з архіўнай кнігай раддома за 1954-ы год, дзе таксама зафіксавана дата, якая цяпер лічыцца няправільнай? Няўжо і яе перапішуць?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG