Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жыхар Гомеля ня будзе сьвяткаваць разам з Колем Лукашэнкам


Уладзімер Няпомняшчых

Уладзімер Няпомняшчых

ЗАГС не дазволіў жыхару Гомеля Ўладзімеру Няпомняшчых змяніць дату дня нараджэньня, каб сьвяткаваць яго разам з Аляксандрам і Мікалаем Лукашэнкамі

8 верасьня Няпомняшчых зьвярнуўся ў ЗАГС Чыгуначнага раёну Гомеля з просьбай перанесьці дату яго дня нараджэньня. "Хачу, каб у мяне быў дзень нараджэньня ў адзін дзень з Колем Лукашэнкам і яго татам Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам", — растлумачыў мужчына. У заяве ў ЗАГС ён напісаў, што нарадзіўся 1 верасьня 1952 году. "У гэты дзень, толькі ў 1939 годзе, пачалася Другая сусьветная вайна. Ужо на працягу больш чым 50 гадоў гэтая падзея азмрочвае мой дзень нараджэньня. Відаць, дае асадак пачатак страшнай крывавай трагедыі мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей", — адзначаў аўтар заявы.

Няпомняшчых хацеў бы адзначаць дзень нараджэньня тады ж, калі яго сьвяткуюць прэзыдэнт і яго малодшы сын: "Якое гэта будзе для мяне шчасьце — усьведамляць, што ты таксама нарадзіўся 31 жніўня. Бо такое ня кожнаму дадзена".

Як паведаміў БелаПАН Няпомняшчых, адмову зьмяніць дату нараджэньня ЗАГС матываваў тым, што заяўнік не падаў дакумэнты, якія пацьвярджаюць факт яго нараджэньня 31 жніўня. Аддзел ЗАГС спасылаецца пры гэтым на шэраг нарматыўных і прававых актаў, у прыватнасьці Кодэкс аб шлюбе і сям'і, шэраг пастаноў, указ прэзыдэнта "Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыцьцяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян".

"Адказ ЗАГС — адпіска, таму што я і не сьцьвярджаў, што ў мяне дзень нараджэньня 31 жніўня, а прасіў перанесьці з 1 верасьня. У нас толькі адзін чалавек можа рабіць, што хоча, іншым, як відаць, не дазволена зьмяняць дзень нараджэньня па жаданьні", — сказаў Няпомняшчых.

Раней Аляксандр Лукашэнка зьмяніў дату свайго дня нараджэньня з 30 на 31 жніўня.
XS
SM
MD
LG