Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кампаніі супраць маскоўскага мэра Юрыя Лужкова аналітыкі бачаць канфлікт паміж Мядзведзевым і Пуціным.

У аўторак ўвечары у цэнтры Масквы міліцыя разагнала акцыю геяў, якія патрабавалі адстаўкі маскоўскага мэра Юрыя Лужкова, абвінавачваючы яго ў гомафобіі. Супраць некалькіх дзесяткаў гей-актывістаў, якія сабраліся каля мэрыі Масквы, было выстаўлена некалькі сотняў міліцыянтаў (журналісты налічылі шэсьць аўтобусаў). Адзінаццаць чалавек былі затрыманыя і дастаўленыя ў райадзьдзел міліцыі, іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і праз тры гадзіны адпусьцілі. Акцыя была прымеркаваная да дня нараджэньня Лужкова, які сам мэр адзначыў у замежжы. Назіральнікі прагназуюць, што адразу пасьля цяперашняга тыднёвага адпачынку Крэмль можа адправіць Лужкова ў адстаўку; некаторыя лічаць, што мэр сам сыдзе з пасады.

Тым часам, шмат якія аналітыкі бачаць у “антылужкоўскай” кампаніі праяву канфлікту, які насьпявае паміж прэзыдэнтам Расеі Дзьмітрыем Мядзведзевым і прэм’ер-міністрам Уладзімерам Пуціным.

Пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў на хвалях “Эхо Москвы” сказаў:

“Я лічу, што ў гэтай сытуацыі Уладзімер Уладзімеравіч (Пуцін) займае прыемную пазыцыю чаканьня, магчыма, чакаючы, пакуль Дзьмітрый Анатольевіч і Юрый Міхайлавіч узаемна зьнішчацца ў гэтым змаганьні.”

Расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, які зараз жыве ў Лёндане, таксама бачыць у сытуацыі вакол Лужкова канфлікт паміж Пуціным і Мядзведзевым.

“Справа ня ў тым, што Мядзведзеў аказаўся моцнай асобай, Мядзведзеў, на мой погляд – абсалютны нуль – сказаў Беразоўскі ў інтэрвію расейскай Свабодзе. – Але за Мядзведзевым за гэты час вырасьлі моцныя групы са сваімі інтарэсамі. Яны ўзялі Мядзведзева на шчыт, і яны маніпулююць ім гэтак жа, як спрабуе маніпуляваць Пуцін”

“Ёсьць некалькі варыянтаў паводзінаў мэра Лужкова ў гэтых умовах – адзначае пісьменьнік Аляксандар Праханаў у газэце “Завтра”. – Першае: Пуцін і Мядзведзеў па-братэрску дамаўляюцца і адпускаюць Лужкова на волю, даючы яму ўвесь набор гарантыяў, захоўваючы за ім ягоныя гіганцкія багацьці, дазваляючы яму бязьбедна перакачаваць з Масквы ў наваколіцы Лёндану, дзе чакае яго бязьбедная камфортная старасьць. Другі варыянт: лужкоў ня зьмірыцца і паказвае свае ўстаўныя, але вельмі вострыя легіраваныя клыкі. З’яўляючыся цэнтрам гіганцкай, шмат у чым таемнай палітычнай і эканамічнай машыны, якая завецца Масквой, ён у стане лёгка націснуць пальцам, каб прывесьці ў дзеяньне разбуральныя мэханізмы, схаваныя ў гэтай машыне. Што б мы сказалі, калі б раптам ўбачылі на вуліцах Масквы вялізны картэж джыпаў, у якіх сядзяць ўсе маскоўскія злодзеі ў законе ў суправаджэньні сваёй шматтысячнай ваенізаванай аховы?...”
XS
SM
MD
LG