Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэтадон як сродак супраць гераінавай залежнасьці?


Кіраўніца эўрапейскага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Сюзанна Якаб заклікала легалізаваць мэтадонавую тэрапію. Паводле яе слоў, эўрапейскі рэгіён — адзіная тэрыторыя, дзе тэмпы эпідэміі ВІЧ-інфэкцыі нарастаюць надалей. Размова ідзе пра былыя краіны СССР, у тым ліку і Беларусь, якія вызначаюцца распаўсюджанасьцю сярод наркаманаў так званых вулічных іньекцыяў. У гэткіх умовах, лічыць Якаб, для барацьбы з эпідэміяй неабходна выкарыстоўваць новыя навукова абгрунтаваныя мэтады прафіляктыкі ВІЧ-інфэкцыі. Сярод іх — праграмы зьніжэньня шкоды, у тым ліку замяшчальная апіёідная тэрапія, то бок забесьпячэньне кантраляванага доступу да мэтадону.

Эўропа выступае за легалізацыю мэтадону, Расея — супраць


Іншымі словамі, размова ідзе пра легалізацыю прэпарату мэтадону — сынтэтычнага апіёіду, які, нягледзячы на адрозны хімічны склад, паводле ўзьдзеяньня падобны да марфіну ці гераіну. Аднак, лічаць прыхільнікі мэтадонавай праграмы, у адрозьненьне ад марфіну ды гераіну сынтэтычны апіёід можна прымаць не ўнутрывенна, а ў форме таблетак. У выніку зьніжаецца рызыка інфэкцыйнага заражэньня СНІДам, непазьбежная ў выпадку карыстаньня бруднымі шпрыцамі. Менш верагодная і перадазіроўка, бо ўдзельнікі замяшчальнай праграмы атрымліваюць прэпарат падкантрольна. Прамыслова выраблены мэтадон — таньнейшы за натуральныя апіяты, а гэта, у сваю чаргу, можа зьнізіць аб’ём вулічнага наркагандлю. Як сьцьвярджаюць у СААЗ, сусьветная навука валодае вялікім аб’ёмам дадзеных, якія дазваляюць выкарыстоўваць прэпарат для рэабілітацыі гераінавых наркаманаў, а таму мэтад замяшчэньня гераіну ў барацьбе са СНІДам трэба лічыць эфэктыўным і бясьпечным.
Дзякуючы мэтадону гераін у маім жыцьці застаўся ў мінулым. Гэтая праграма сапраўды дае шанец на паўнавартаснае жыцьцё без наркотыкаў.

Тым часам улады некаторых дзяржаў эўрапейскага рэгіёну лічаць непрымальнымі прапанаваныя СААЗ мэтады прафіляктыкі ВІЧ-інфэкцыі. Сярод 15-ці былых савецкіх рэспублік ад укараненьня замяшчальнай праграмы адмаўляюцца тры — Расея, Таджыкістан і Туркмэністан.

Пра непрымальнасьць легалізацыі мэтадону неаднаразова заяўлялі высокія чыноўнікі расейскага Міністэрства аховы здароўя. Паводле іхных слоў, Расея мэнтальна не гатовая да мэтадонавай праграмы: варта тут аднойчы легалізаваць мэтадон, і неўзабаве можа дайсьці да легалізацыі гераіну. Таксама расейскія чыноўнікі неаднойчы выказвалі сумнеў у мэтазгоднасьці далейшага існаваньня праграмы зьніжэньня шкоды, якая пакуль яшчэ дзейнічае ў Расеі на ўзроўні валянтэраў. Маецца на ўвазе выдача аднаразовых шпрыцоў, раздача прэзэрватываў прадстаўнікам групаў рызыкі і г. д.

Што да Беларусі, дык тут гэтая праграма пад эгідай ААН дзейнічае ўжо пару гадоў. Напачатку яна запрацавала ў Гомелі і Менску, ад сёлета — у іншых абласных і некаторых раённых цэнтрах, уключна са Сьветлагорскам, дзе афіцыйна зарэгістравана больш за 300 вулічных наркаманаў. Толькі ў Сьветлагорскім раёне за апошнія дзесяцігодзьдзі — час масавага распаўсюду наркаманіі — ВІЧ-інфэкцыяй заразіліся 2763 чалавекі. Як лічаць беларускія адмыслоўцы і прадстаўнікі грамадзкіх ініцыятываў, якія займаюцца рэабілітацыяй наркаманаў, мэтадонавая праграма дала станоўчыя вынікі. Паводле іхніх слоў, раней пошук дозы прыводзіў многіх нарказалежных у крымінальны сьвет, цяпер жа назіраюцца выпадкі вяртаньня людзей да звычайнага ладу жыцьця. Самі гэтыя людзі адчуваюць сябе істотна лепш. Ім ня трэба шукаць сродкаў, каб набыць прэпарат — а ў час “гераінавай” ломкі такія пошукі рабіліся нагодай для злачынстваў...

Беларусь: рэальныя вынікі мэтадонавай праграмы стануць бачнымі праз некалькі гадоў


Праграма замяшчальнай тэрапіі ў Беларусі, зь якой зьвязваюць надзеі і самі наркаманы, і іх сваякі, і адмыслоўцы ды грамадзкія ініцыятывы, фінансуецца з фондаў ААН і падтрымліваецца Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Яна разьлічаная на пэрыяд да 2014 году. Як кажуць спэцыялісты, тады і можна будзе гаварыць пра яе рэальныя вынікі.

Тым часам сярод прадстаўнікоў групы рызыкі і яе бліжэйшага атачэньня меркаваньні наконт такой замяшчальнай тэрапіі існуюць самыя розныя.

Былы мянчук, цяпер жыхар Нямеччыны Сяргей згадвае, як сядзеў на гераіне і якой бядой гэта было для яго і ягоных родных. Апынуўшыся ў Нямеччыне, ён скарыстаў магчымасьць цягам некалькіх месяцаў прайсьці мэтадонавую тэрапію. З таго часу ён ужо тры гады не ўжывае нічога.

“Я пасьпяхова чалавек, у мяне сям’я. Дзякуючы мэтадону гераін застаўся ў мінулым. Гэтая праграма сапраўды дае шанец на паўнавартаснае жыцьцё без наркотыкаў”.

Колішняя беларуская лекарка Марына, якая таксама жыве ў Нямеччыне, працуе цяпер у мэтадонавай праграме. Яна кажа, што за чатыры гады працы зь ліку сотні яе пацыентаў ня бачыла аніводнага, які б вылечыўся цалкам. Мэтадонавая праграма, паводле яе слоў, дазваляе дзяржаве лепш кантраляваць такіх пацыентаў. Гэтыя людзі рэгулярна праходзяць курс ачысткі ў клініках, хоць гэта і дорага, і яны ня агрэсіўныя, а таму зь імі спакойна. Марына прыводзіць прыклад з расейскай практыкі: там дзейнічаюць прыватныя спартовыя базы, у якіх з ахвотных выганяюць усю гэтую дурату. “Вось там вынік аздараўленьня амаль 40%. Гэта максымум, чаго можна дасягнуць”, кажа лекарка.
Непасрэдна працую ў мэтадонавай праграме. За чатыры гады працы сярод сотні маіх пацыентаў ня бачыла аніводнага, які б вылечыўся цалкам.

Уладзімер — таксама лекар. Жыве ў Беларусі. На працягу некалькіх гадоў ужываў гераін. Ён ведае і іншых калегаў, якія мелі падобную залежнасьць і чыя рэабілітацыя была беспасьпяховай.

“Магу сказаць, як бы гэта прыкра ні гучала, але больш-менш высокі інтэлект наркамана — прагнастычна неспрыяльны крытэр. Пераважная большасьць маіх знаёмых “зрывалася”, прычым псыхалягічна зрывы пераносіліся настолькі цяжка, што гэта прыводзіла да больш сур'ёзных сацыяльных і мэдычных наступстваў, чым калі б гэты канкрэтны чалавек не праходзіў рэабілітацыі наагул”.

Як лічыць Уладзімер, яму самому ўдалося пазбавіцца ад залежнасьці дзякуючы волі і разуменьню, што замяняльная тэрапія — гэта тое ж, што каша зь сякеры.

Кацярына з Гомелю кажа, што ня можа сабе ўявіць, каб “айчынныя наркаманы змаглі цывілізавана ўжываць замяшчальную тэрапію”. Марына мае сябра ў Галяндыі, які скарыстаў замяшчальную тэрапію. “Праз кароткі прамежак часу гэты хлопец увесь дзень бегаў за жоўтым аўтобусам, здабываючы мэтадон. Назьбіраў яго, не глытаючы, у роце. А потым выкарыстаў увесь запас для іньекцыяў. Абстынэнцыя пасьля мэтадону была страшэнная. Каб зьлезьці з мэтадону, прыйшлося перасесьці на гераін, а потым толькі пракапацца ды легчы ў рэабілітацыйную клініку. Зараз сябар 5 гадоў ужо нічога не ўжывае, сям'я і дзеці таксама ёсьць”.

Гарадзенка Ірына мае дачку-наркаманку. Дзеля таго каб выратаваць дзяўчыну ад залежнасьці, былі выкарыстаныя самыя розныя мэтады. У тым ліку — лячэньне дзесьці ў Кіргізстане, у Нямеччыне, у Маскве. Нічога не дапамагло. Дачка сядзіць на так званым варыве.

“Усё роўна ў нас наркотыкі вырабляюць у розных падпольных лябараторыях", кажа Ірына. — "Набываюць пэўныя інгрэдыенты ды вараць. Сапраўды, можа, лепш легалізаваць, каб пацыенты ўжывалі чысты, фармакалягічны прэпарат і не былі агрэсіўнымі ды сацыяльна небясьпечнымі?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG