Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 верасьня ў Лідзе адбудзецца традыцыйнае сьвята ўраджаю «Дажынкі». Аднак ці ёсьць падстава для сьвяткаваньня ва ўмовах, калі збожжа, кукурузы, бульбы сёлета сабрана істотна меней, чым нават у яшчэ менш спрыяльныя гады?

Ці ёсьць чаму радавацца, калі беларуская прадукцыя па-ранейшаму застаецца неканкурэнтаздольнай на ўсясьветных рынках і, у лепшым выпадку, трапляе на паліцы хіба што расейскіх крамаў? Чаму ў разгар уборкі грэчкі ўзьнік ажыятаж на гэтую культуру? Урэшце, да якой адзнакі могуць расьці кошты на прадукты харчаваньня на тле замарожаных заробкаў?


Яшчэ ў жніўні Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусь мусіць скарыстацца складанай харчовай сытуацыяй у Расеі і зарабіць на пастаўках туды найбольш запатрабаваных прадуктаў. Аднак хутка імпэт астыў: падлічылі — і прасьлязіліся. Аказалася, што сабранага ўраджаю збожжа, кукурузы, грэчкі, а па прагнозных падліках і бульбы, хопіць толькі на тое, каб не зацягваць уласныя паясы.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сёлета ў Беларусі збожжа сабрана на 20% меней, чым летась. Валавы збор зерневых культур, без уліку кукурузы, у першапачатковай вазе склаў 6,7 мільёна тон, што на 1,7 мільёна тон меней, чым па выніках 2009 году. Сярэдняя ўраджайнасьць склала 29 цэнтнэраў з гектара супраць 37 цэнтнэраў летась. Між тым, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня ня толькі не засмучаныя такімі паказьнікамі, а нават зьбіраюцца прадаваць за мяжу «лішкі». Гаворыць дырэктар дэпартамэнту хлебапрадуктаў згаданага ведамства Васіль Седзін:

«Тут увогуле няма пытаньняў, ніякіх. Сёньня сярод краінаў СНД у пераліку на душу насельніцтва мы займаем першае месца ў вытворчасьці мясной і малочнай прадукцыі, а таксама яек. Трэцяе месца на душу насельніцтва ў вытворчасьці збожжа. Таму ў нас ёсьць усе рэальныя магчымасьці стопрацэнтна забясьпечыць ня толькі сваю краіну, але і максымальна паставіць лішкі прадукцыі на экспарт».

Згодна з урадавым заданьнем на 2010 год, у Беларусі плянавалася сабраць 10 мільёнаў тон зерня — 9 мільёнаў тон збожжавых плюс 1 мільён тон кукурузы. Амаль палову ўраджаю кукурузы — да 400 тысяч тон — меркавалася ўзяць на Гомельшчыне. Аднак з-за анамальнай сьпёкі большая частка «плянтацый» папросту высахла. Аналягічная сытуацыя прагназуецца з бульбай. Калі напачатку плянавалася вырасьціць 9 мільёнаў тон бульбы, то зараз лічба адчувальна адкарэктаваная — 6-7 мільёнаў тон.
Сярод краінаў СНД у пераліку на душу насельніцтва мы займаем першае месца ў вытворчасьці мясной і малочнай прадукцыі, а таксама яек.

Аднак міністар гандлю Беларусі Валянцін Чаканаў запэўнівае, што адкат па ўсіх пазыцыях ніяк не паўплывае на харчовую бясьпеку краіны:

«Усе асноўныя групы тавараў, якія на гэты момант найбольш сацыяльна значныя для нас, яны на кантролі ў Міністэрства гандлю. Мы сумесна зь Міністэрствам сельскай гаспадаркі, з канцэрнам „Белдзяржхарчпрам“ гэтыя пытаньні кантралюем, сочым, каб усе таварныя групы, якія прадаюцца сёньня ў крамах, вытрымліваліся ў тым асартымэнце і ў тым аб’ёме, які павінен быць. І, кантралюючы гэта, мы паведамляем вытворцам — дзе неабходна павялічыць пастаўкі. А таксама глядзім, як распараджэньне аб насычэньні паліцаў выконваюць крамы».

Аднак пільны кантроль ужо даў першы збой. Верасень азмрочыўся забытым ажыятажам на грэчку: крупы нечакана зьніклі з паліцаў, а пасьля іх зьяўленьня выявілася, што кудысьці падзеліся старыя кошты. У Мінсельгасхарчы адказнасьць за дэфіцыт намагаюцца перакласьці на нядобрасумленных пастаўшчыкоў — маўляў, хацелі абагаціцца на харчовым дэфіцыце ў Расеі, а таму прыхавалі тавар. Прадстаўнік аграрнага ведамства Васіль Седзін запэўнівае, што насамрэч грэчкі ў Беларусі — еш не хачу:

«Сёлета мы максымальна павялічылі вытворчасьць і рэалізацыю на ўнутраны рынак грэцкіх крупаў. Калі параўноўваць зь мінулым годам, то пастаўкі на ўнутраны рынак павялічаныя ў 3,8 разу: за 8 месяцаў — 8,7 тысяч тон. У той жа час імпарт скараціўся. Калі за адпаведны пэрыяд летась імпартавана 13 тысяч тон, то ў гэтым годзе толькі 4,7 тысяч тон. На гэты час прыбрана грэчкі на плошчы больш за 55% і намалочана 15 тысяч тон. Прагназуем, што ў нас будзе 27 тысяч тон зерня грэчкі. З улікам, што пэўную частку трэба пакінуць на насеньне, гэтага аб’ёму цалкам дастаткова, каб выканаць заяўку Міністэрства гандлю — у нас заключанае пагадненьне на 12 тысяч тон. Думаю, мы цалкам забясьпечым гэтай культурай усе рэгіёны нашай краіны».

Што да цэнаў, не адэкватных заробкам, то, як расказвае экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі Іван Нікітчанка, «мэханізм» накручваньня досыць просты. Нават калі нейкі гатунак і адносіцца да сьпісу гэтак званых сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэглямэнтуюцца дзяржавай, «абнавіць» прадукт, выставіўшы яго па зусім іншай цане, не складае праблемы:

«Я ў свой час узначальваў навуку аграпраму — з 1986 да 1991 год. І нас тады таксама прымушалі зьмяняць цэны. Але атрымлівалася, што, з аднаго боку, цэны трэба было ўздымаць, а зь іншага — гэта забаранялася рабіць з гатункамі, якія адносіліся да першай неабходнасьці і былі ўсім вядомыя. Тады была атрыманая „выратавальная“ рэкамэндацыя з Масквы: нешта дабавіць, нешта разбавіць, даць іншую назву — і можна выстаўляць новую цану, як за новы прадукт. І, дарэчы, дадавалі ў цане столькі, што мала не падасца. Гэткая ж практыка дзейнічае і сёньня».
Нешта дабавіць, нешта разбавіць, даць іншую назву — і можна выстаўляць новую цану.


Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Русы ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што няма падставаў сумнявацца ў здольнасьці беларускай аграрнай галіны забясьпечыць грамадзянаў краіны ўсім самым неабходным. Чыноўнік таксама даводзіць, што наракаць на цэны беларусам таксама не выпадае — маўляў, на Захадзе яны куды вышэйшыя:

«Вы можаце самі паглядзець па асартымэнце ў крамах, на рынках: насамрэч асартымэнт прадуктаў ужо такі, як і ў любой эўрапейскай краіне. Нічым не адрозьніваецца, калі паехаць і параўнаць з гіпэрмаркетам у Варшаве, у Бэрліне, у Вільні і на гэтым тле ацаніць нашы, беларускія гіпэрмаркеты. Карціна адзін да аднаго. Толькі цэны розныя. Пакуль што ў нас сытуацыя для пакупнікоў, канечне, больш спрыяльная. Таму тут якраз усё нармальна. Апроч таго, у нас ёсьць чым гэтыя крамы насычаць, бо запас зямлі даволі вялікі — звыш 1 гектара на чалавека, укараняюцца новыя тэхналёгіі. Так што рэзэрвы маюцца па ўсіх напрамках».

Фэрмэр Уладзімер Матусевіч як можа ўдзельнічае ў забесьпячэньні харчовага рынку самай неабходнай прадукцыяй — на ягоных палетках растуць 24 віды самай разнастайнай гародніны. Але наракае на іншае: колькасьць тых, хто корміць, хутка стане меншай за колькасьць едакоў. Работнікі на вёсцы паступова робяцца такім жа дэфіцытам, як тая грэчка:

«Людзей у мяне заўсёды не хапае. За 20 гадоў усе гэтыя людзі, якія жылі ў навакольных вёсках, калі старыя, дык многія ўжо памерлі. А маладыя, якія нідзе не працавалі і маглі зарабіць нейкую капейчыну ў фэрмэра, бо я мог заплаціць у той жа дзень, папросту пасьпіваліся. І таксама адышлі ў той сьвет. І мы, фэрмэры, у тым ліку і мой сусед, возім работнікаў за 30 кілямэтраў. Я ўжо як мог штучна зьменшыў колькасьць патрэбных мне людзей, але ўсё роўна гэта вялікая праблема. Таму што працаваць усё адно ж некаму трэба. На машыны спадзявацца не выпадае, бо якія тут машыны? Чалавечыя рукі патрэбныя толькі так, шмат людзей трэба. Я б нават узяў чалавека, які мог бы мне даглядаць кветкі. Бо я ім магу прысьвячаць толькі выходны дзень. Тады я згадваю сваё хобі, пачынаю палоць кветкі, таму што ў звычайныя дні я не магу аддаваць ім шмат часу — трэба працаваць на полі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG