Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка праігнараваў Саміт тысячагодзьдзя


На саміце тысячагодзьдзя. Выступае Махмуд Ахмадзінэджад.

На саміце тысячагодзьдзя. Выступае Махмуд Ахмадзінэджад.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не плянуе браць удзел у Саміце тысячагодзьдзя, які адкрыўся 20 верасьня ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, Усяго на саміт запрошана 139 палітычных лідэраў краін сьвету і міждзяржаўных аб’яднаньняў, у тым ліку і кіраўнік Эўракамісіі.

Сёньня міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў выступіць на саміце ААН у Нью-Ёрку. Ён узначальвае беларускую дэлегацыю на 65-й сэсіі Генасамблеі ААН. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных.

«Асноўнай задачай беларускай дэлегацыі зьяўляецца прасоўваньне беларускіх ініцыятываў, якія зьвязаныя са стварэньнем эфэктыўнага міжнароднага мэханізму па пашырэньні доступу краінаў зь пераходнай эканомікай, якія разьвіваюцца, да тэхналёгіяў выкарыстаньня новых і ўзнаўляльных крыніцаў энэргіі, павелічэньня міжнароднай падтрымкі разьвіцьця краінаў зь сярэднім узроўнем прыбытку; фармаваньне глябальнага партнэрства ў мэтах вырашэньня надзённых праблем сучаснасьці, актывізацыі намаганьняў па барацьбе з гандлем людзьмі »

Важнай асаблівасьцю сэсіі Генасамблеі ААН, паводле спадара Савіных, будзе правядзеньне «комплекснай ацэнкі прагрэсу ў дасягненьні мэтаў разьвіцьця тысячагодзьдзя». Гэтыя мэты былі ўзгодненыя 10 гадоў таму і тычацца радыкальнага скарачэньня беднасьці, голаду і непісьменнасьці, сьмяротнасьці ад небясьпечных захворваньняў. Яны наўпрост скіраваныя на паляпшэньне жыцьця людзей.

У адрозьненьне ад ранейшых самітаў ААН, сёлета ў Нью-Ёрк не паехаў Аляксандар Лукашэнка. Кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі паведаміў:

«Прэзыдэнт не плянуе браць удзел у гэтым саміце. Ён у гэты час будзе працаваць тут, у Беларусі».

Леанід Злотнікаў
Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, ёсьць краіны, якія разьвіваюцца, краіны зь сярэднім узроўнем разьвіцьця і найбольш багатыя, разьвітыя:

«Дык вось Беларусь знаходзіцца ў групе краін зь сярэднім узроўнем разьвіцьця, недзе напрыканцы гэтай групы. Яна сярод бедных краінаў ня значыцца».

Як кажа спадар Злотнікаў, Беларусь у нязначных памерах дапамагае бедным краінам найперш падчас стыхійных бедзтваў. Але ці цалкам справілася зь беднасьцю сама Беларусь? На пачатку 2000-х гадоў каля 40% насельніцтва Беларусі адносілася да беднага, цяпер — каля 9%. Каб палепшыць статыстыку, улады пачалі выкарыстоўваць іншую мэтадалёгію падліку:

Злотнікаў: «Калі ўжо гэтую статыстыку прымаць на веру, то ў Беларусі няма праблемы беднасьці. Гэта вельмі нізкі ўзровень беднасьці ў сучасны момант. Па статыстыцы. Але я не кажу, што гэта насамрэч, калі пабачыць, што на душу насельніцтва 670-700 тысяч рублёў усіх прыбыткаў у сярэднім. Але каля 55% маюць прыбыткі на душу ў сям’і 500-550 тысяч рублёў, то гэта, на мой погляд, вельмі цяжкое становішча, калі гэта сям’я гарадзкая. У гарадзкіх сем’ях каля паловы сем’яў маюць такі нізкі прыбытак. Гэта крыху вышэй за рысу беднасьці. Але гэта нізкі ўзровень жыцьця».

На саміце тысячагодзьдзя ў 2000 годзе беларуская дэлегацыя на чале з Аляксандрам Лукашэнкам датэрмінова пакінула саміт. Паводле неафіцыйных крыніцаў, прычына дэмаршу палягала ў тым, што кіраўніка Беларусі не запрасілі на афіцыйны прыём з нагоды адкрыцьця саміту. У 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка меней за суткі знаходзіўся ў Нью-Ёрку, дзе выступіў на 60-й Генасамблеі ААН. Ён выказаўся ў абарону былых дыктатараў Садама Хусэйна і Слабадана Мілошавіча. Галоўнай тэмай выступу Лукашэнкі стала праблема «аднапалярнасьці» сучаснага сьвету і крытыка ЗША.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG