Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канфэрэнцыя ААН па барацьбе з галечай


Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун

Больш як 130 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў сабраліся на канфэрэнцыю ААН у Нью-Ёрку, каб абмеркаваць выкананьне праграмы па барацьбе з беднасьцю і галечай, прынятай у 2000 годзе.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў сусьветных лідэраў не скарачаць абавязацельствы сваіх дзяржаваў наконт дапамогі найбяднейшым краінам сьвету з прычыны глябальнай рэцэсіі.

Сусьветны эканамічны спад паставіў пад сумнеў гатоўнасьць многіх краінаў сьвету фінансаваць амбіцыйныя праграмы ў межах Дэклярацыі “Мэтаў разьвіцьця тысячагодзьдзя”, якая была прынятая дзяржавамі-сябрамі ААН у 200 годзе.

Гэтая праграма прадугледжвае ліквідацыю скрайняй галечы і голаду, забесьпячэньне пачатковай адукацыі для ўсіх дзяцей, скарачэньне ўзроўню дзіцячай і мацярынскай сьмяротнасьці, спыненьне распаўсюду СНІДу.

Гэтых мэтаў меркавалася дасягнуць да 2015 году.

Большаcьць мэтаў праграмы, пастаўленых на дзесяцігодзьдзе, не была дасягнутая. Адна, якая ўсё ж была выкананая – скарачэньне ўдвая галечы ў сьвеце, тлумачыцца ў значнай ступені не міжнароднай дапамогай, а эканамічным посьпехамі такіх краін, як Індыя і Кітай.

У той жа час у сьвеце працягвае павялічвацца колькасьць людзей, якія хранічна недаядаюць, іх колькасьць набліжаецца да 1 мільярда чалавек.

Штогод падчас родаў паміраюць сотні тысяч жанчын, нягледзячы на пастаўленую ААН задачу скараціць сьмяротнасьць пры родах на тры чвэрці.

Агульная колькасьць ахвяраваньняў бедным краінам за апошнія 5 гадоў павялічылася, але не дасягнула ўзроўню ў 0.7% валавога нацыянальнага даходу, што было абяцана ў 2000 годзе.

Эканамічны крызіс істотна зьменшыў схільнасьць многіх урадаў аказваць дапамогу найбяднейшым краінам сьвету.

Аднак заклікі наконт такой дапамогі ўсё ж маюць пэўны плён. Францыя абвясьціла пра тое, што на працягу 3 гадоў на 20% павялічыць свой унёсак у фонд ААН па барацьбе са СНІДам, сухотамі і малярыяй.

Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі заклікаў іншыя краіны ўзяць прыклад з Францыі, ён заклікаў зьвярнуць асаблівую ўвагу на Афрыку, дзе штогод ад малярыі памірае мільён дзяцей.

Кіраўнік Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці Раджыў Шах паведаміў, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама мае намер павялічыць амэрыканскіх бюджэт замежнай дапамогі ўдвая – з 25 мільярдаў да 52 мільярдаў даляраў.

Аднак экспэрты адзначаюць, што гэтыя намеры амэрыканскай адміністрацыі могуць сустрэць моцны супраціў у Кангрэсе ЗША, асабліва пасьля парлямэнцкіх выбараў, якія могуць зьмяніць разьмеркаваньне сілаў у адной ці абедзьвюх палатах Кангрэсу.

Генэральны сакратар ААН заявіў, што для выкананьня Дэклярацыі “Мэты разьвіцьця тысячагодзьдзя” ААН мае неабходнасьць атрымаць 26 мільярдаў даляраў зараз і больш як 100 мільярдаў даляраў да 2015 году.

Сярод іншых краін сьвету Беларусь мае сярэднія, хутчэй блізкія да высокіх паказьнікі дабрабыту.

Адным з такіх паказьнікаў зьяўляецца Індэкс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу (ІРЧП), які ААН падлічвае, пачынаючы з 1990 году. Увядзеньне гэтага індэксу – спроба даць больш шырокае вымярэньне такой шматграннай характарыстыкі, як дабрабыт, чым валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва.

ІРЧП грунтуецца на трох вымярэньнях – сярэдняй працягласьці жыцьця, пісьменнасьці дарослага насельніцтва і ВУП па парытэту пакупніцкай здольнасьці.

Паводле апошняга вымярэньня ІРПЧ (даклад ААН 2009 году) Беларусь займала 68-е месца сярод 135 краін сьвету і ўваходзіла ў склад краін з высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Пры гэтым 4 суседкі Беларусі таксама ўвайшлі ў дадзеную катэгорыю і занялі наступныя месцы: Польшча – 41, Літва – 46, Латвія – 48, Расея – 71. Украіна патрапіла ў катэгорыю краін з сярэднім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу і апынулася на 85-м месцы.

Высокі ўзровень разьвіцьця чалавечага патэнцыялу

Краіна

Месца

Польшча

41

Літва

46

Латвія

48

Беларусь

68

Расея

71

Сярэдні ўзровень разьвіцьця чалавечага патэнцыялу

Украіна

85


У справаздачы падкрэсьліваецца, што Індэкс ня зводзіцца да ВУП на душу насельніцтва, гэты паказьнік у Расеі значна вышэйшы за беларускі (14690 даляраў супраць 10841 даляраў), але расейскі індэкс ніжэйшы за беларускі, найперш за кошт меншай працягласьці жыцьця ў Расеі.
XS
SM
MD
LG