Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіён, які ўдавіўся мясам


Сяргей Трацьцякоў
Сяргей Трацьцякоў

Мэдыкі прыйшлі да высновы пасьля судовага ўскрыцьця, што расейскі шпіён Сяргей Трацьцякоў, які ў 2000 годзе перайшоў на бок амэрыканцаў і памёр нечакана ў чэрвені сёлета, удавіўся кавалкам мяса.

Трацьцякоў памёр 13 чэрвеня ў Флорыдзе. Яму было 53 гады. Пра ягоную сьмерць афіцыйна паведамілі 9 ліпеня, не падаючы яе прычыны. У гэтым самым месяцы ягоная жонка сказала журналістам, што сьмерць Трацьцякова наступіла ў выніку нечаканага затрыманьня дзейнасьці сэрца, але рашуча запярэчыла чуткам, што мужаў сыход мог быць выкліканы замахам на ягонае жыцьцё.

Чуткі пра тое, што Трацьцякоў мог памерці "з чыёйсьці дапамогай", узмацніліся пасьля таго, як у ліпені прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін сказаў пасьля сустрэчы з групай выдвараных з ЗША расейскіх шпіёнаў (мэдыйнай візытоўкай гэтай групы стала бізнэсоўка Анна Чапман зь Нью-Ёрку), што "здраднікі Анны Чапман адкажуць па законах спэцслужбаў". Тады дзе-нідзе ў друку зьявіліся непацьверджаныя здагадкі, што Сяргей Трэцьякоў мог быць адным з такіх "адказчыкаў".

Паводле Вікіпэдыі, Трацьцякоў, які быў кадравым афіцэрам КГБ, з 1995 году працаваў як намесьнік рэзыдэнта расейскай выведкі ў Нью-Ёрку пад прыкрыцьцём пасады першага сакратара расейскай дыпляматычнай місіі пры ААН. У кастрычніку 2000 г. Трацьцякоў зьнік зь Нью-Ёрку разам з жонкай, дачкой і катом. Пра тое, што Трацьцякоў перайшоў на амэрыканскі бок, заходнія СМІ паведамілі ў студзені 2001.

За інфармацыю, якую Трацьцякоў перадаў ЦРУ і ФБР, ён нібыта атрымаў два мільёны даляраў — паводле Вікіпэдыі, гэта адна з найбольшых сумаў, якую амэрыканскі ўрад калі-небудзь выплаціў шпіёну-перабежчыку. У 2007 Трацьцякоў атрымаў амэрыканскае грамадзянства.

У 2008, з дапамогай амэрыканскага журналіста, Трацьцякоў выдаў кніжку, у якой апісаў сваю шпіёнскую дзейнасьць.

У сваёй кніжцы Трацьцякоў сьцьвярджаў, між іншым, што намесьнікам дзяржсакратара ЗША Строўбам Тэлбатам у адміністрацыі прэзыдэнта Біла Клінтана маніпулявалі расейскія выведнікі і што Тэлбат быў "надзвычай каштоўнай крыніцай выведнай інфармацыі".

Паводле Трацьцякова, перад распадам Савецкага Саюзу тагачасны кіраўнік КГБ Уладзімір Кручкоў вывез за мяжу грошы КПСС на агульную суму 50 мільярдаў даляраў.

Трацьцякоў яшчэ цьвердзіў, што ў пачатку 1990-х ён сустракаўся з расейскім бізнэсмэнам, які прызнаўся яму, што дома мае "прыватную" ядзерную бомбу.

Трацьцякоў таксама апісаў, як ён пасылаў афіцэраў расейскай выведкі (СВР) у Нью-Ёркскую публічную бібліятэку, дзе яны займаліся рассылкай прапагандысцкіх і дэзінфармацыйных матэрыялаў, падрыхтаваных у Маскве, праз інтэрнэт розным амэрыканскім сайтам ды тэле- і радыёканалам.

Сёньняшняе выданьне International Herald Tribune, паведамляючы аб выніку ўскрыцьця цела Трацьцякова, піша, што Трацьцякоў таксама цьвердзіў, што ягоныя агенты дапамаглі расейскаму ўраду скрасьці каля 500 мільёнаў даляраў з праграмы ААН у Іраку "нафта за харчаваньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG