Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук разьлічвае на другі тур


Яраслаў Раманчук і Анатоль Лябедзька
Яраслаў Раманчук і Анатоль Лябедзька

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук разьлічвае атрымаць у першым туры выбараў 30-35% галасоў падтрымкі.

Такі вынік дасьць яму магчымасьць працягнуць барацьбу за перамогу ў другім туры. Пра гэта сёньня заявіў старшыня партыі Анатоль Лябедзька на сумеснай з Раманчуком прэсавай канфэрэнцыі.

Яраслаў Раманчук зьбіраецца падаваць дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў Цэнтарвыбаркам 23 верасьня. Сьпісы групы ўжо гатовыя, і ў яе ўвойдуць больш за тысячу чалавек.

Слоганам выбарчай праграмы спадара Раманчука стануць словы "Захоўваем лепшае. Ствараем новае". А сама праграма складаецца зь пяці частак, кажа кандыдат у прэзыдэнты:

"Першая частка — гэта вялікая суполка, грамадзтва, а не вялікая дзяржава. Другая — чэсная дзяржава. Трэцяя — прыватная эканоміка. Чацьвёртая — новыя месцы працы. І пятая — адкрытая краіна. І гэтыя пяць разьдзелаў разьбітыя на канкрэтныя пункты.

Зараз мы рыхтуем канкрэтныя інфармацыйныя пасланьні. Напрыклад, для рабочых яно ўжо зроблена і праходзіць праз фокус-групы. Ёсьць для моладзі, для людзей, якія зьвязаныя з адукацыяй, для прадпрымальнікаў. Працуем з жаночымі асацыяцыямі, каб яны далі нам свае прапановы для матэрыялаў для жанчын. І гэтыя матэрыялы пашыраюць і дапаўняюць праграму, у якую нельга ўкласьці ўсё".

Яраслаў Раманчук сёньня сказаў, што ён будзе падвышаць сваю інфармацыйную пазнавальнасьць. Для гэтага ўжо складзены плян такой кампаніі:

"Перш за ўсё спадзяемся на збор подпісаў. Калі больш за тысячу чалавек будзе актыўна зьбіраць подпісы і казаць пра тое, хто такі Раманчук, якая ў яго праграма. Другое — выкарыстаньне інтэрнэту. Трэцяе — публікацыя інтэрвію і распаўсюджаньне спэцыяльных выпускаў газэт.

Галоўнае — гэта кантакты зь людзьмі. І калі мы ня маем магчымасьці працаваць зь дзяржаўным тэлебачаньнем, якое мае шырокі ахоп, то тады вельмі важнае значэньне набывае такая крыніца інфармацыі як інтэрнэт. Мы рыхтуем кароткія відэаролікі, якія будуць распаўсюджвацца праз сайты".

Як паведамілі сёньня ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, пакуль ніхто з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта, акрамя Віктара Цярэшчанкі, дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы ў ЦВК не прыносіў. Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына так камэнтуе сытуацыю:

"Я думаю, што гэта яшчэ ідзе праца над сьпісамі сябраў ініцыятыўных групаў. Гэта сапраўды складаны і карпатлівы працэс. Магчыма, яшчэ ўдакладняецца згода тых асобаў, якіх хочуць уключыць у групу, зьбіраюцца дадзеныя пра іх.

Уласна кажучы, нішто не прымушае кандыдатаў быць першымі. Яны могуць зрабіць гэта цягам тыдня. Тым больш, што зьбіраць подпісы яны змогуць толькі з 30 верасьня".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG