Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Данецку ў ноч на 18 верасьня супрацоўнікі міліцыі зьбілі журналіста і трох ягоных таварышаў. Пра гэта распавёў сам пацярпелы журналіст Арцём Фурманюк, які нядаўна стаў карэспандэнтам сайта Радыё Свабода ў рубрыцы “Пункт гледжання”. Пашкоджанае вока, паламаныя рэбры, шматлікія гематомы на целе - пацярпелы сьцьвярджае, што праваахоўнікі білі яго нагамі, надзеўшы яму кайданкі.

У ноч з 17 на 18 верасня ў Данецку супрацоўнікі Калінінскага райаддзелу міліцыі жорстка зьбілі чатырох жыхароў горада. Пра гэта сьцьвярджаюць самі пацярпелыя, сярод якіх незалежны журналіст і рэдактар сайту «Пратэст» Арцём Фурманюк.

У той дзень ён адзначаў трэцюю гадавіну вясельля. Канфлікт з кампаніяй суседзяў на двары яго дома стаў падставай для выкліку міліцыі. Не разьбіраючы, хто вінаваты, а хто не, праваахоўнікі надзелі кайданкі на парушальнікаў спакою.

Міліцыянты пасклалі чатырох затрыманых на зямлю і сталі зьбіваць нагамі і дубінкамі. Фурманюк назваўся журналістам, і гэта надало асобам у пагонах яшчэ большай жорсткасьці, расказвае пацярпелы.

«Мяне білі тры чалавекі. Дваіх я бачыў сам, і брат кажа, што іх было трое. Хутчэй за ўсё, столькі іх і было. Рэшце рэшт я шалёна крычаў, таму што не было сілаў ", - кажа журналіст.

Пасьля зьбіцьця праваахоўнікі завялі «парушальнікаў» ў райаддзел. Тады Арцёма Фурманюка, асобна ад іншых затрыманых, проста ў калідоры аддзяленьня зьбілі другі раз. Пацярпелы адзначае, што білі яго ў кайданках, такім чынам, ні абараняцца, ні ухіляцца ён ня мог.

Данецкая грамадзкасьць абураная гэтым здарэньнем. Гэта ўжо другі выпадак нападу на журналістаў за мінулы тыдзень у Данецку. Увечары 12 верасьня быў зьдзейсьнены замах на старшыню Саюза прафэсійных журналістаў Генадзя Беразоўскага.

Зьбіцьцё як журналістаў, так і «звычайных» грамадзян супрацоўнікамі міліцыі сталі звычайнай справай для Данецку, сьцьвярджаюць журналісты.

Напярэдадні зьбіцьця Арцёма Фурманюка, раніцай 17 верасьня на сайце Радыё Свабода быў апублікаваны яго артыкул «Данецкай мафіі больш няма. Дэ-юрэ ...».

Сам Арцём Фурманюк ня схільны зьвязваць інцыдэнт, які адбыўся ў ноч на 18 верасьня са сваёй прафэсіяй. Тым часам большасьць яго лепшых тэкстаў зьвязана менавіта з выкрыцьцём дзейнасьці праваахоўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG