Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майкл Скэнлан: "Легітымнасьць выбарчага працэсу робіць легітымнай перамогу"


Майкал Скэнлан
Майкал Скэнлан

Часовы павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Майкл Скэнлан ахарактарызаваў стан амерыкана-беларускіх дачыненьняў як "згубленыя магчымасьці".

Ён вылучыў тры аспэкты амэрыканскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

"Першы зь іх тычыцца сфэры правоў чалавека і магчымасьці для кожнага карыстацца такімі свабодамі, як свабода сходаў, свабода слова, свабода самавыяўленьня. Гэтыя правы зьяўляюцца неад'емнымі для кожнага. І менавіта праблемы ў гэтай сфэры, наяўныя ў Беларусі, прывялі да ўвядзеньня нашых санкцый. Калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі зьменіцца, зьменіцца і наша пазыцыя па пытаньні санкцый. Гэта простае матэматычнае ўраўненьне. Сытуацыя паляпшаецца — санкцыі зьмякчаюцца. Калі няма зрухаў — нічога не мяняецца.

Другі аспэкт у нашых узаемаадносінах — пошук сфэраў, у якіх мы можам пасьпяхова супрацоўнічаць, якія знаходзяцца ў сфэры агульных інтарэсаў. Мы зрабілі цэлы шэраг канкрэтных прапаноў у гэтай сфэры, але, на жаль, за выключэньнем некалькіх прыкладаў, мы не атрымалі станоўчага адказу.

Трэці момант — гэта цесная каардынацыя нашых дзеяньняў з Эўрапейскім зьвязам. Палітыка ЗША і Эўразвязу заснаваная на аднолькавых прынцыпах і каштоўнасьцях, і таму цеснае супрацоўніцтва паміж намі выглядае цалкам натуральна.

Усё, што я назваў, — гэта так званыя дарожныя знакі, гледзячы на якія, кожны можа скласьці сваё меркаваньне аб тым, на якім узроўні знаходзяцца нашы ўзаемаадносіны", — сказаў Майкл Скэнлан у інтэрвію парталу tut.by.

"Сытуацыя з правамі чалавека застаецца асноўнай праблемай у нашых дачыненьнях", — адзначыў Майкл Скэнлан.

На пытаньне якім чынам амбасада ЗША зьбіраецца праводзіць маніторынг прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі пры наяўнасьці толькі пяці чалавек, спадар Скэнлан адказаў:

"Мы будзем перадаваць у Вашынгтон аб нашых назіраньнях, але наша роля, наш мандат для пяці чалавек не заключаецца ў маніторынгу выбараў. Галоўную ролю грае беларускі ўрад, які павінны забясьпечыць свабодны, адкрыты і празрысты выбарчы працэс. Па агульным меркаваньні, легітымнасьць выбарчага працэсу забясьпечыць легітымнасьць пераможцу. Злучаныя Штаты не падтрымліваюць якога-небудзь пэўнага кандыдата, а зьвяртаюць увагу на працэс. Калі выбары свабодныя, празрыстыя і адкрытыя, яны адлюстроўваюць погляды беларускага народа. Вясной 2009 года мы віталі пачатак дыялёгу паміж ЦВК і Бюро ў дэмакратычных інстытутах АБСЭ па рэформе выбарчага заканадаўства. На жаль, ён ня быў працягнуты. Некаторыя важныя зьмены маглі і павінны былі б быць унесены. Адной з такіх прапанаваных ЦВК зьменаў было забесьпячэньне мясцовым і міжнародным назіральнікам магчымасьці знаходзіцца побач са сталом, за якім падлічваюць галасы. У цяперашні час гэта немагчыма, хаця першапачаткова такая прапанова была ўнесена ЦВК, але пасьля адклікана. Вельмі важна, каб скрыні былі празрыстымі. Пяць дзён датэрміновага галасаваньня — гэта незвычайная практыка для гэтага рэгіёну. Важна, каб працэс выбараў быў сумленным і празрыстым, каб у людзей была магчымасьць весьці перадвыбарную барацьбу і мець сваіх прадстаўнікоў у выбарчых камісіях. У гэтым зацікаўленыя ўсе, бо гэта забясьпечвае прызнаньне выбараў як у краіне, так і за яе межамі. Самым лепшым для беларускага ўраду было б унясеньне зьмяненьняў, якія дазваляюць удзельнічаць у выбарах, распаўсюджваць свае інфармацыйныя матэрыялы, мець роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі, расказаць аб сваім пункце гледжаньня. Гэта дало б людзям магчымасьць прымаць абгрунтаваныя рашэньні аб тым, які кандыдат лепш прадстаўляе іх інтарэсы, і чыя палітыка іх больш за ўсё задавальняе. У інтарэсах ўрада таксама было б запрашэньне назіральнікаў АБСЭ для правядзеньня доўгатэрміновага назіраньня за ўсім працэсам правядзеньня выбараў.

Легітымнасьць выбарчага працэсу робіць легітымнай перамогу на такіх выбарах незалежна ад таго, хто перамог. Гэта ў інтарэсах і беларускага ўраду, і беларускага народу, як у краіне, так і за мяжой".

Таксама спадар Скэнлан сказаў, што ў канцы жніўня амбасада адмовілася ад рэзыдэнцыі ў Раўбічах, якую арандавала на працягу многіх гадоў.

"Яна была цудоўнай пляцоўкай для правядзеньня пасольскіх мерапрыемстваў, такіх як прыём у гонар Дня незалежнасьці, фэстываль беларускай музыкі "Амбасовішча" і многіх іншых, якія былі для нас спосабам зносінаў з прадстаўнікамі розных сфэр беларускага грамадзтва. Мы імкнёмся падтрымліваць кантакты ня толькі з урадам, але і з усімі слаямі грамадзтва. Тым жа самым займаюцца амбасады іншых краін, у тым ліку і ваша амбасада ў Вашынгтоне. Але пры гэтым у нас ёсьць абавязальніцтвы перад нашымі падаткаплацельшчыкамі. Будынак у Раўбічах пуставаў больш за два гады, і ваш урад не даваў ніякіх знакаў, што сытуацыя можа памяняцца, што амбасадар зможа вярнуцца ў Беларусь і колькасьць дыпляматаў будзе адноўлена. У такой сытуацыі мы вымушаны былі прыняць адказнае рашэньне і адмовіцца ад рэзыдэнцыі. Нягледзячы на гэта, наша праца тут працягваецца. Мы перабудавалі структуру амбасады такім чынам, каб яна магла функцыянаваць з той колькасьцю супрацоўнікаў, якую мы маем, — менавіта гэта было маёй асноўнай задачай. І мы працягнем працу ў тых сфэрах, якія лічым важнымі, працягнем пошукі шляхоў для стварэньня магчымасьцяў, якія пайшлі б на карысьць усіх зацікаўленых бакоў .... Нават адмовіўшыся ад рэзыдэнцыі, мы застаёмся ў Беларусі і працягваем выконваць свае абавязкі", — адзначыў Майкл Скэнлан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG