Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа стаць перашкодай для патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Ўладзімера Някляева тое, што ён напрыканцы 1990-х гадоў пэўны час жыў за мяжой — у Польшчы і Фінляндыі? Наколькі гэтая сытуацыя дапасоўваецца да таго, што паводле заканадаўства прэтэндэнт на вышэйшую ў краіне пасаду павінен ня менш як дзесяць апошніх гадоў непасрэдна перад выбарамі стала пражываць у Беларусі?

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на просьбу "Свабоды" выклала сваё бачаньне сытуацыі з Уладзімерам Някляевым. Яна лічыць, што тут трэба спачатку ўсё дасканала вывучыць:

"Асноўным доказам сталага пражываньня зьяўляецца прапіска ў пашпарце. Калі яна ў яго не мянялася, гэта — так. Але паколькі ёсьць зьвесткі, што спадар Някляеў адсутнічаў нейкі час, то, калі ён будзе падаваць дакумэнты, канечне, мы ў яго возьмем тлумачэньне. Па-першае, колькі ён адсутнічаў? Можа, гэта некалькі месяцаў. Гэта ўсё ацэначна, з гэтым трэба вызначацца. Наагул, юрыдычна — гэта сталая рэгістрацыя, вось вам і сталая прапіска".

Лідзія Ярмошына лічыць: вырашыць сытуацыю пакуль немагчыма. Яна кажа, што зь Някляевым трэба размаўляць:

"А калі ён адмовіцца, трэба будзе запытваць дадзеныя Дзяржкамітэту памежных войскаў. У пашпарце ж ёсьць штампы аб перасячэньні мяжы, іх таксама можна паглядзець. У нас жа адзіны пашпарт, няма спэцыяльнага замежнага".

Сам Уладзімер Някляеў цяпер знаходзіцца за мяжой. Яго прэсавы сакратар Юлія Рымашэўская камэнтуе сытуацыю так:

"У Канстытуцыі сказана пра сталае непражываньне ў краіне цягам 10 гадоў. А ў Някляева такой сытуацыі не было. Так, ён выяжджаў за мяжу, але выяжджаў, так бы мовіць, па абставінах. І вяртаўся ў Беларусь, мяняў тут дакумэнты. Ён не прасіў прытулку, не прасіў там нейкіх рэчаў, якія б казалі, што ён зьбіраецца пакінуць Беларусь назаўсёды ці цягам дзесяці гадоў, прыкладам.

Таму мы нават ня думаем, што гэта можа быць праблемай для яго рэгістрацыі ў якасьці кандыдата".

Экспэрт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер лічыць: законных падставаў для адмовы Ўладзімеру Някляеву ў рэгістрацыі Цэнтравыбаркам ня мае:

"Пытаньне зь Някляевым намнога прасьцейшае за пытаньне зь Зянонам Пазьняком. Наколькі я чытаў у СМІ, Някляеў палітычнага прытулку не прасіў. Ён выехаў за межы Беларусі і там творча працаваў. У яго адзін пашпарт, у яго няма ніякага замежнага пашпарту. І тут, мне здаецца, да яго прыдрацца вельмі цяжка. Да Пазьняка можна было прыдрацца намнога больш.

Па-другое, ёсьць па гэтым пытаньні думка Канстытуцыйнага суду. І хаця яна не зьяўляецца абсалютна абавязковай, тым ня менш яна была выкарыстана ў 2006 годзе пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка. Дый у 2001 годзе нават бяз думкі Канстытуцыйнага суду зарэгістравалі ініцыятыўную групу Зянона Пазьняка".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG