Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Намесьнік Мілінкевіча расчараваны яго рашэньнем


Віктар Карняенка

Віктар Карняенка

"Гэтая памылка можа стаць для палітыка Мілінкевіча фатальнай," – гэтак намесьнік старшыні руху “За Свабоду” Віктар Карняенка расцаніў рашэньне старшыні руху Аляксандра Мілінкевіча не вылучаць сваю кандыдатуру на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. У інтэрвію парталу Euramost.org ён заявіў, што такое рашэньне стала для яго "моцным расчараваньнем".

Карняенка: Мне цяжка меркаваць аб тым, наколькі цяжка далося такое рашэньне самому Аляксандру Мілінкевічу, але я лічу сыход лідэра руху "За свабоду" з прэзыдэнцкай выбарчай дыстанцыі вельмі вялікай памылкай, якая, на жаль, можа стаць для палітыка Мілінкевіча фатальнай. Я не падтрымліваю такое яго рашэньне.

Эўрамост: Чаму вы лічыце гэта памылкай?

Карняенка: Ведаеце, сёньня, як мне здаецца, ніхто, акрамя Аляксандра Мілінкевіча ня можа аб'яднаць у адну каманду патрыятычныя сілы краіны. Таму што ўсе астатнія прэтэндэнты адстойваюць альбо свае вузкапартыйныя альбо асабістыя амбіцыйныя задачы. Гэта вельмі добра адчуваецца, людзі гэта заўважаюць. І таму, на вялікі жаль, на гэтым патрыятычным флянгу ня будзе свайго кандыдата на выбарах. Актыўныя людзі, вядома, знойдуць сабе нейкую працу. Але гэта будзе праца, як і праца Аляксандра Мілінкевіча, не на лязе палітычнага моманту, а дзесьці ў баку. На абочыне палітычнага жыцьця. Што наўрад ці надасьць ў пэрспэктыве вялікі патэнцыял гэтаму палітыку.

Эўрамост:
Вы выказвалі Мілінкевічу сваю пазыцыю?

Карняенка: Безумоўна. Я скажу, што моцна расчараваны такім рашэньнем, хоць гэта асабіста маё меркаваньне. Магу і памыляцца – час (бліжэйшы год) пакажа. Хаця разумею, што для прыняцьця такога рашэньня існавалі і нейкія аб'ектыўныя прычыны. Гэта мэтанакіраванае цкаваньне Мілінкевіча на працягу апошняга году. Неразуменьне многімі палітыкамі вастрыні моманту. Усё гэта, вядома, прысутнічае. Але нават пры ўсіх гэтых раскладах, на мой погляд, лідэру «За Свабоду» трэба было заставацца флягманам патрыятычнага руху.

Эўрамост: Каго зараз на выбарах будзе падтрымліваць рух «За свабоду»?

Карняенка: Рашэньне было адно – падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча. Вядома, прымусіць чалавека нейкім партыйным рашэньнем ісьці на выбары немагчыма. Зараз думаю, што сябры руху разыдуцца па розных прэтэндэнтах і кандыдатах. Што тычыцца мяне, то я ня буду ўдзельнічаць у кампаніі ніводнага з кандыдатаў, але таксама не застануся ў баку ад палітычнага жыцьця. Хоць, безумоўна, гэтую дзейнасьць цяжка будзе назваць актыўнай. Я маю даручэньне Рады руху разам з астатнімі апазыцыйнымі структурамі праводзіць працу па вылучэньні ў выбарчыя камісіі і агульнаму актыўнаму назіраньню. Каб спыніць факты фальсыфікацый. Калі спыніць іх будзе немагчыма, то зафіксаваць, а вынікі даць і незалежным назіральнікам, і міжнародным. Паколькі паралельны падлік галасоў у нас праводзіць нельга, то факты могуць быць момантам мабілізацыі. Вось такія пэрспэктывы на бліжэйшую будучыню. Далей загадваць пакуль ня мае сэнсу.

Эўрамост: Магчыма, пасьля заявы Аляксандра Мілінкевіча вашаму руху ўжо паступалі нейкія прапановы ад іншых прэтэндэнтаў?

Карняенка: Да руху ніхто афіцыйна не зьвяртаўся. Хаця ведаю, што прапановы паступаюць да прадстаўнікоў руху. І на дастаткова высокія пасады. Але асабіста я ўжо выказаў сваю пазыцыю. Нікога, акрамя Мілінкевіча, кандыдатам на гэтых выбарах ня бачу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG