Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія некалькі дзён на беларуска-польскай мяжы ў Берасьці і Горадні зьніклі чэргі аўтамабілістаў на ўезд і выезд. Экспэрты лічаць гэта вынікам адмены дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі лібэральнага рэжыму ўвозу фізычнымі асобамі тавараў з трэціх краінаў.

Новыя правілы, якія набылі сілу ў Беларусі ад 16-га верасьня, істотна абмяжоўваюць колькасьць тавараў, што правозяцца грамадзянамі празь мяжу.

Пра новую сытуацыю на беларуска-польскім памежжы інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Лепш нам ня стала, толькі горш — 100%”

Сёньня суразмоўцы нашага гарадзенскага карэспандэнта выказвалі сваю незадаволенасьць абмежаваньнямі на мытні. Людзі лічаць, што новы парадак увозу тавараў з-за мяжы фізычнымі асобамі значна пагоршыць іх матэрыяльнае становішча. Перадае Міхал Карневіч.

Паводле новых правілаў для асабістага карыстаньня на працягу месяца можна ўвозіць з-за мяжы ня болей трох найменьняў прадметаў працяглага карыстаньня, маецца на ўвазе цёплае адзеньне, абутак, запасныя часткі да транспартных сродкаў, будматэрыялы, а таксама пральныя парашкі, мыючыя сродкі і г.д.

Дапускаецца ўвоз для асабістага карыстаньня, але ўжо толькі адзін раз на год, такіх тавараў, як газавыя пліты, выцяжкі, кухонныя камбайны, мікрахвалёўкі, ванны, душавыя кабіны, пральныя і швейныя машыны, пэрсанальны кампутар і іншая бытавая і гаспадарчая тэхніка.

Але ўжо ў першыя дні многіх беларускіх грамадзян на мытні пачалі вяртаць назад у Польшчу. Справа ў тым, што значная колькасьць людзей на Гарадзеншчыне жывуць з таго, што практычна кожны дзень перавозяць больш танныя і якасныя тавары падобнага кшталту з Польшчы ў Беларусь, прадаюць іх і на гэтым зарабляюць.

Адзін з перавозчыкаў падобных тавараў кажа, што ад новых правілаў пацерпяць як тыя, хто вазіў, так і тыя, хто купляў.

Спадар: «Я купіў пральную машыну BOSCH за 930 злотых, і яшчэ на мяжы палякі мне вярнулі 167 злотых падатку на дабаўленую вартасьць, бо я вывез ад іх тавар. А ў нас такая машына каштуе два зь нечым мільёна, прычым, не эканомклясы, а расейскай зборкі. А ў мяне нямецкай зборкі. Вось і палічыце: 930-167 — і колькі гэта будзе…». (Адзін злоты прыраўноўваецца да 1000 рублёў).

Ужо сёньня на мяжы спадар распавядае, як беларускія мытнікі вяртаюць перавозчыкаў, якія рызыкнулі везьці тыя ці іншыя тавары звыш нормы.

Спадар:
«Нават адну рэч не даюць везьці, адпраўляюць назад. Нават за парашок пральны — 5 кг дзяўчына везла, і адправілі назад! Што хочуць, тое і робяць!».

Другі спадар, які таксама сёньня пераяжджаў мяжу, удакладняе, за што беларускія мытнікі вяртаюць нашых перавозчыкаў назад з таварам у Польшчу.

Спадар: «Яны глядзяць, як часта езьдзіць чалавек за мяжу, а гэта адразу відаць па пашпарце. І калі бачаць, што ў машыне тавар з Кузьніцы такі, як і ў іншых машынах — адзін падход. А калі пабачаць, што ты проста на закупы езьдзіў, вось я сёньня маладую пару падвозіў, яны былі ў маркетах і куплялі для сябе — то гэта другі падыход, цябе не чапаюць».

Абодва спадары кажуць, што гэта падарве матэрыяльнае становішча іх і тысячы такіх самых людзей, як яны.

Спадар: «Лепш нам ня стала, а горш стала — 100%».



БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На мяжы адсочваюць рэгулярных "чаўнакоў"

Берасьцейская мытня ўвяла адмысловы кантроль. Кожны, хто перасякае мяжу, правяраецца мытнікамі, якія глядзяць на колькасьць паездак за мяжу, аналізуюць нават склад сям'і. Сытуацыю тлумачыць Сяргей Ягораў.

У Берасьцейскай мытні тлумачаць, што нядаўна былі атрыманы новыя рэкамэндацыі зь Менску, паводле якіх трэба правяраць многія тавары і дадзеныя аб іх перавозчыках. Удакладняе супрацоўнік Берасьцейскай мытні:

"Гэта мэтадычныя рэкамэндацыі, якія прынятыя Дзяржаўным мытным камітэтам. Адсочваюцца людзі, якія перасякаюць мяжу нават па два разы на дзень. Яны ж вязуць тавар для таго, каб займацца камэрцыяй, прадаючы перавезенае ў Беларусі."

Новыя мэтадычныя рэкамэндацыі дзяржаўнага мытнага камітэту зьмешчаны на яго інтэрнэт-сайце. Экспэрты адзначаюць, што гэты ўнутраны дакумэнт беларускага кантрольнага ведамства супярэчыць дамоўленасьцям Мытнага саюзу Расеі, Казахстана і Беларусі. Аднак, берасьцейскія мытнікі трактуюць сытуацыю інакш:

"Справа ў тым, што паводле дамоўленасьцяў Мытнага зьвязу, адзначана, што перавоз тавараў усталёўваецца службовымі асобамі мытных органаў, сыходзячы з характару, колькасьці і частаты перасячэньня асобай мытнай мяжы. Паколькі не зусім зразумела, пры якой частаце што можна перавозіць, патрэбна гэтая рэкамэндацыя."

Жыхары Берасьця не пагаджаюцца з чыноўнікамі. Раз на 15 дзён, паводле правілаў, магчыма правезьці тры кіляграмы вырабаў хімічнай прамысловасьці і пяць кіляграм прадуктаў. І гэта пры ўмове, што чалавек не перасякае мяжу на працягу гэтых 15 дзён. У адваротным выпадку мытнікі маюць права не пусьціць чалавека з таварам на тэрыторыю Беларусі, або прымусіць плаціць штраф. Кажа Генадзь, жыхар Берасьця:

"Ну як гэта — падпісаны мытныя дамоўленасьці, але правілы дзейнічаюць зусім іншыя? Нельга нічога ўвозіць. Падавалася, што мы атрымалі магчымасьць выбару тавараў больш якасных і больш танных. А цяпер атрымліваецца, што нібы ў музэй прыяжджаем у польскія крамы."

Магчыма, кажа жыхар Берасьця Валер, што гэтыя меры маюць і палітычную афарбоўку:

"Не выключаю, што гэта перад выбарамі ўвялі такія абмежаваньні. Цяпер заціснулі, а пазьней, празь месяц адменяць гэта, каб народ трохі ўздыхнуў. Маўляў, паглядзіце, хто ў краіне гаспадар."

Л. Злотнікаў: "Дзяржава спрабуе эканоміць валюту "на семках"

Леанід Злотнікаў
Экспэрт "Свабоды", эканаміст Леанід Злотнікаў, кажа, што ўсяго двух месяцаў знаходжаньня ў Мытным саюзе хапіла для таго, каб дзяржаўны мытны камітэт Беларусі аб'явіў так званую вайну лібэральнаму рэжыму ўвозу фізычнымі асобамі тавараў з трэціх краінаў. Дадзены дакумэнт дазваляе цяпер вялікаму колу прадстаўнікоў мытні вызначаць лёс тавараў, якія ўвозіць у Беларусь фізычная асоба. Дзеля чаго гэта робіцца тлумачыць Леанід Злотнікаў:

"У Беларусі цяпер вельмі складаная эканамічная сытуацыя. Востра не хапае валюты для прамысловых прадпрыемстваў, каб набываць імпартныя камплектуючыя, энэргетычныя рэсурсы, абсталяваньне. Таму дзяржава спрабуе эканоміць валюту, у тым ліку, як у народзе кажуць, “на семках”. І калі краіна ўводзіць кантроль над такімі дробязямі, як увоз хатніх рэчаў, то, відаць, сытуацыя, сапраўды гаротная. Нават дадзеныя афіцыйнай статыстыкі сьведчаць, што сёлета паступленьні валюты з-за мяжы ў выглядзе інвэстыцый ці пазыкаў зьменшыліся ў параўнаньні з папярэднім годам. Таму і прыдумляюць усялякія спосабы, каб затрымаць валюту ў краіне. Адбіраюць у людзей магчымасьць выкарыстоўваць свае зьберажэньні на набыцьцё замежных тавараў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG