Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маўчаньне Амэрыкі робіць нас саўдзельнікамі злачынстваў у Расеі”


Дэйвід Крэймэр

Дэйвід Крэймэр

Пад такім загалоўкам Washington Post публікуе артыкул Дэйвіда Крэймэра, старшыні амэрыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House, былога памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека. Крэймэр крытыкуе згодніцкую, на ягоны погляд, палітыку Злучаных Штатаў адносна Расеі.

Пасьля таго, як акцыі пратэсту апазыцыі ў Расеі былі жорстка здушаныя ў траўні, ліпені і жніўні, прадстаўнікі Рады нацыянальнай бясьпекі і дзяржаўнага дэпартамэнту выказалі "заклапочанасьць" і "шкадаваньне" з прычыны таго, што расейская ўлада не паважае свабоду сходаў. 31 траўня падчас разгону акцыі зламалі руку журналісту, які за дзень да гэтага браў інтэрвію ў супрацоўніка Рады нацыянальнай бясьпекі Майкла Майфола. Калі Макфол і намесьнік дзяржсакратара Уільям Бёрнс ў верасьні сустрэліся з групай расейскіх праваабаронцаў у Маскве, на сустрэчы адсутнічаў вэтэран праваабарончага руху Леў Панамароў. Ён быў арыштаваны, калі даваў інтэрвію, у якім крытыкаваў мэра Масквы. Панамарова абвінавацілі ў тым, што ён нібыта "наступіў на нагу супрацоўніку міліцыі". Бёрнс назваў "вартым шкадаваньня" той факт, што Панамароў ня змог прысутнічаць на сустрэчы.

Актывісты, якія сустракаліся з Бёрнсам і Макфолам, заклікалі ЗША заняць больш публічную і крытычную пазыцыю ў сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Расеі. Сапраўды, Бёрнс і Макфол павінны былі расцаніць арышт Панамарова, як поўху ім ад расейскіх чыноўнікаў, і асудзіць гэты арышт. Напярэдадні візыту Бёрнса і Макфола ў Маскву адбыўся рэйд узброеных супрацоўнікаў сілаў бясьпекі у масках у рэдакцыю расейскага часопіса New Times. Гэта ня выклікала ніякага адказу з боку Вашынгтону, хаця Макфол і сустрэўся з супрацоўнікамі часопісу. Што павінна адбыцца, каб вышэйшыя прадстаўнікі адміністрацыі Абамы недвухсэнсоўна асудзілі арышты актывістаў, якія пратэстуюць супраць гвалту, ціск на журналістаў і забойствы крытыкаў ўраду?
Гаварыць праўду пра Расею наўрад ці будуць да таго часу, пакуль адміністрацыя Абамы разглядае “перазагрузку” адносінаў з Расеяй у якасьці аднаго са сваіх найважнейшых зьнешнепалітычных посьпехаў

На жаль, гаварыць праўду пра Расею наўрад ці будуць да таго часу, пакуль адміністрацыя Абамы разглядае “перазагрузку” адносінаў з Расеяй у якасьці аднаго са сваіх найважнейшых зьнешнепалітычных посьпехаў. Больш за тое, прадстаўнікі адміністрацыі неаднаразова адпрэчвалі сувязь паміж праблемай правамі чалавека і амэрыкана-расейскімі адносінамі. Такое стаўленьне – сыгнал расейскім службовым асобам, што такія паводзіны, як разьбіваньне галоваў дэманстрантам, ня будзе мець ніякіх наступстваў. Гэтую практыку абараняў прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін у нядаўнім інтэрвію газэце “Коммерсант”. А пракуратура Масквы адразу пасьля візыту Макфола і Бёрнса пачала фінансавую праверку вядучых расейскіх праваабарончых груп.

Улічваючы, што Злучаныя Штаты маюць няшмат рычагоў уплыву на Расею, некаторыя ва ўрадзе ЗША і за яго межамі сьцьвярджаюць, што мы павінны засяродзіцца на тых галінах, дзе мы можам працаваць разам, напрыклад, у адносінах з Іранам, Паўночнай Карэяй і па праблеме нераспаўсюду ядзернай зброі. Гэты погляд ігнаруе ўплыў унутраных падзеяў у Расеі на яе зьнешнюю палітыку. Разрыў паміж каштоўнасьцямі, які павялічваецца, скарачае зону агульных інтарэсаў паміж нашымі ўрадамі.

Так што ж можна зрабіць? Па-першае, адміністрацыя павінна адысьці ад сваёй палітыкі адмаўляць сувязь паміж праблемай правоў чалавека і міждзяржаўнымі адносінамі. Замест гэтага службовыя асобы павінны казаць, што пагаршэньне ўнутранай сытуацыі ў Расеі паўплывае на двухбаковыя адносіны і на здольнасьць расейскай эліты адстойваць свае інтарэсы на Захадзе.

Па-другое, урад ЗША павінен адмаўляць у дапамозе расейскаму кіраўніцтву ў мадэрнізацыі эканомікі ва ўмовах адсутнасьці якой-небудзь палітычнай лібэралізацыі. Рабіць інакш – гэта прымаць іх парадак дня, ісьці на рызыку, што мы станем саўдзельнікамі фальшывай мадэрнізацыі “зьверху”.

Па-трэцяе, Макфол, даўні прыхільнік дэмакратыі, павінен спыніць працу ягонай рабочай групы грамадзянскай супольнасьці, сустаршынём якой зьяўляецца Ўладзіслаў Суркоў, першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Расеі, архітэктар канцэпцыі “сувэрэннай дэмакратыі". Гэтая група ніколі не павінна пачаць працу з удзелам Суркова.
Сытуацыя з правамі чалавека ў Расеі кепская, а можа стаць яшчэ горшай, па меры набліжэньня сакавіка 2012 году – даты прэзыдэнцкіх выбараў.

Па-чацвёртае, амэрыканская падтрымка сяброўства Расеі ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі павінна быць спыненая, пакуль Расея не выконвае правілы арганізацый, у якіх яна ўжо зьяўляецца ўдзельнікам – такіх, як Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе, “вялікая васьмёрка” і Рада Эўропы.

Па-пятае, адміністрацыі варта разгледзець магчымасьць адмовы ў выдачы візаў расейскім чыноўнікам, якія даюць дазвол на парушэньні правоў чалавека ці ўдзельнічаюць у іх. Сэнатар Бэн Кардзін (D-Md.) прапанаваў гэта пасьля таго, як расейскі адвакат Сяргей Магніцкі памёр у турме ў мінулым годзе, пазбаўлены мэдычнай дапамогі. Вашынгтону варта шукаць магчымасьць ужываньня гэтага падыходу ў іншых выпадках, у тым ліку адносна судовага фарсу над нафтавым мільярдэрам Міхаілам Хадаркоўскім і яго дзелавым партнэрам Платонам Лебедзевым. Пазбаўленьне расейскіх чыноўнікаў магчымасьці наведваць Амэрыку, выхоўваць тут сваіх дзяцей і хаваць свае грошы на рахунках амэрыканскіх банкаў прымусіць іх задумацца.

Па-шостае, амэрыканскія афіцыйныя асобы павінны мець сур'ёзнае абмеркаваньне з эўрапейскімі калегамі, каб заахвоціць іх праводзіць аналягічныя падыходы. Некаторыя ўрады хочуць ігнараваць парушэньні правоў чалавека, у той час, як яны спрыяюць супрацоўніцтву і бізнэсу з Расеяй, але эфэкт у любым выпадку будзе большым, калі гэта будуць сумесныя амэрыкана-эўрапейскія ініцыятывы. У Вялікабрытаніі ідэя забароны на выдачу віз ужо была ўзьнятая ў пэўных колах.

Сытуацыя з правамі чалавека ў Расеі кепская, а можа стаць яшчэ горшай, па меры набліжэньня сакавіка 2012 году – даты прэзыдэнцкіх выбараў. Улады зробяць усё, каб застацца ля ўлады. Будучыню і палітычнае разьвіцьцё Расеі будуць вызначаць расейцы, але і Захад не павінен рабіць ніякіх далейшых крокаў, якія б спрыялі захаваньню гэтай сыстэмы. Хопіць ужо выказваць "шкадаваньне" з нагоды пагаршэньня сытуацыі ў Расеі – прыйшоў час асудзіць тое, што там адбываецца і разгледзець наступствы працягу парушэньняў правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG