Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская партыя левых "Справядлівы сьвет" лічыць немэтазгодным вылучаць свайго кандыдата на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. Такое рашэньне было прынятае сёньня на пленуме ЦК партыі пасьля трохгадзіннай дыскусіі.

Рашэньне пленума матываванае тым, што "дэмакратычныя сілы ня здолелі вызначыць адзінага кандыдата" і дамовіцца "аб адзінай стратэгіі барацьбы за перамогу ў ходзе маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў".

”Адсутнасьць адзінай стратэгіі і тактыкі робіць абсалютна бессэнсоўным пытаньне аб тым, колькі будзе вылучана кандыдатаў: два, тры, дзесяць ці ніводнага – пракамэнтаваў гэтае рашэньне сайту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў www.udf.by лідэр "Справядлівага сьвету" Сяргей Калякін. – Глупа ў гэтай сытуацыі прымаць удзел у кампаніі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты па прынцыпе "не даганю – дык сагрэюся".

Разам з тым, партыя ня мае намеру самаўхіляцца ад выбараў. Як заявіў лідэр партыі, "справядлівы сьвет немагчымы без справядлівых выбараў".

”У тых умовах, якія склаліся, партыя "Справядлівы сьвет" накіруе свае інтэлектуальныя, чалавечыя і іншыя рэсурсы на правядзеньне сумесна зь іншымі зацікаўленымі арганізацыямі кампаніі "Справядлівыя выбары", – гаворыцца ў пастанове пленуму ЦК.

Падчас гэтай кампаніі плянуецца правесьці мабілізацыю грамадзян на ўдзел у выбарах у якасьці чальцоў выбарчых камісій, назіральнікаў за ходам галасаваньня; выяўленьне і спыненьне фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства і фальсыфікацыі вынікаў выбараў; збор інфармацыі аб парушэньнях правоў грамадзян, фактаў фальсыфікацыі і данясеньне іх да шырокай грамадзкасьці .

У бліжэйшы час, як падкрэсьліў С.Калякін, будзе накіраваны "зварот у Цэнтрвыбаркам з патрабаваньнем прыняць на падставе дзеючага заканадаўства нарматыўныя дакумэнты, якія забясьпечаць назіральнікам магчымасьць ажыцьцяўляць рэальны кантроль за падлікам галасоў".

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў С. Калякін удзельнічаў у працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, але на кангрэсе дэмсілаў адзіным кандыдатам быў абраны Аляксандар Мілінкевіч. Пасьля гэтага С.Калякін быў кіраўніком выбарчага штабу А.Мілінкевіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG