Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнсацыя на выбарах у Швэцыі – ультраправыя ў парлямэнце


Джымі Oкесан, лідэр Партыі швэдзкіх дэмакратаў
Джымі Oкесан, лідэр Партыі швэдзкіх дэмакратаў
У нядзелю прайшлі ўсеагульныя выбары ў Рыксдаг і органы мясцовага самакіраваньня Швэцыі. Паводле папярэдніх вынікаў, лідзіруе правацэнтрысцкая кааліцыя “Альянс за Швэцыю”, якая кіруе ўрадам з 2006 года. Альянс 4 партый – кансэрватараў, лібэралаў, цэнтрыстаў і хрысьціянскіх дэмакратаў – атрымаў каля 49 працэнтаў галасоў і хутчэй за ўсё сфармуе ўрад. Сэнсацыяй гэтых выбараў стала пераадоленьне 4-працэнтнага бар’еру і чаканы ўваход у парлямэнт ультраправай Партыі швэдзкіх дэмакратаў.

Асаблівасьцю сёлетняй выбарчай кампаніі сталася рэкорднае датэрміновае галасаваньне – больш за 2 мільёны чалавек, а гэта траціна выбарцаў, скарысталіся такім правам. Папярэдні паказчык датэрміновага галасаваньня быў у 20 разоў меншы. Швэды мелі магчымасьць датэрмінова прагаласаваць зь 1 верасьня.

Лічыцца, што тыя, хто галасуе датэрмінова, традыцыйна аддаюць перавагу правым партыям. Тым не меней, для таго, каб канчаткова высьветліць, хто перамог, і ці спатрэбіцца кіроўнаму “Альянсу за Швэцыю” дадатковая падтрымка, каб сфармаваць урад, трэба пачакаць серады, калі будуць палічаныя ўсе датэрмінова аддадзеныя галасы.

Участкі для датэрміновага галасаваньня былі адкрытыя ў школах, мясцовых управах і нават на вакзалах. У адрозьненьне ад Беларусі ніякага сумненьня ў тым, што гэтыя галасы будуць правільна палічаныя, ні ў каго не ўзьнікае. Гаворыць стакгольмскі журналіст Пэр Энэруд, які сам галасаваў датэрмінова:

“Сыстэма да такой ступені ўстойлівая, гладкая і адпрацаваная, што ўсе давяраюць ёй і лічаць выбарчыя камісіі сапраўды нэўтральнымі і добра працуючымі арганізацыямі”.

Што да вынікаў выбараў, то тут варта адзначыць два моманты. Па-першае, у лідэрах гонкі апынуўся “Альянс за Швэцыю”, які другі раз запар перамагае альянс сацыял-дэмакратаў, экс-камуністаў і зялёных. Чакаецца, што сацыял-дэмакраты, якія за апошняе стагодзьдзе правілі 68 гадоў, зноў, як і ў 2006 годзе, апынуцца ў апазыцыі.

Параза сацыял-дэмакратаў, якія разам зь Левай партыяй і зялёнымі набіраюць каля 45 працэнтаў галасоў, сьведчыць, што швэдзкія выбаршчыкі прагаласавалі за больш нізкія падаткі і мадэрнізацыю краіны,– лічыць Пэр Энэруд.

“Большы посьпех на выбарах атрымала кіроўная кааліцыя, якая вяла дастаткова ўдалую эканамічную палітыку, і ў выніку швэдзкая эканоміка меней за іншыя ў Эўропе пацярпела ад фінансавага крызісу”.

Галоўнай жа нечаканасьцю выбараў зьяўляецца праход у парлямэнт ультраправай Партыі “Дэмакраты Швэцыі”, якая выступае за абмежаваньне правоў імігрантаў. Шавіністы могуць атрымаць каля 20 мандатаў у Рыксдагу. І правы, і левы альянсы заяўлялі, што не зьбіраюцца супрацоўнічаць зь імі. Чаму швэдзкае грамадзтва надало істотную падтрымку ультраправым? Меркаваньне Пэра Энэруда:

“Думаю, што гэта дастаткова тыпова для ўсіх эўрапейскіх краін, бо існуе пэўны попыт на такую рыторыку. Папулізм заўсёды знаходзіць водгук у пэўных колаў насельніцтва. Я б сказаў, што і цяперашні лідэр Беларусі пасьпяхова выкарыстоўвае такую рыторыку. Наш выбаршчык таксама часам гатовы паддацца такой антыталерантнай і антыгуманнай рыторыцы, шукаць простыя адказы і перакладаць адказнасьць на іншых”.

Спадар Энэруд згадвае, што сацыял-дэмакратычны ўрад Швэцыі, які дзейнічаў да 2006 года, быў больш ангажаваны ў беларускія справы, чым правая кааліцыя. Але былы лідэр “мадэратаў” Карл Більд, які цяпер працуе міністрам замежных спраў, добра ведае сытуацыю ў Беларусі і напэўна будзе імкнуцца трымаць беларускае пытаньне на парадку дня ў Швэцыі і Эўразьвязе, перакананы швэдзкі журналіст Пэр Энэруд.

За выбарамі ў Швэцыі назіралі і беларускія палітыкі Уладзімер Навасяд, Валянціна Палевікова, Алена Скрыган, некалькі актывістаў Моладзі БНФ, а таксама дэлегацыя сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Агітацыя па-швэдзку. Кожная партыя будуе на плошчах агітацыйныя домікі.
Скрыня для датэрміновага галасаваньня ў мэрыі горада Упсала. Сябры камісіі не разумеюць пытаньняў пра магчымыя выбарчыя парушэньні.
Перадвыбарчы пратэст левых супраць правячай кааліцыі і Памяркоўнай кааліцыйнай партыі (мадэратаў), якую левыя называюць “партыяй капіталістаў”.
Канвэрты зь бюлетэнямі і апускае ў урну сябра выбарчай камісіі, якія зьяўляецца палітычна нэўтральнай фігурай.
Валянтэры розных партый могуць стаяць па-за межамі выбарчых участкаў і раздаваць бюлетэні са сьпісамі сваіх партыяў. Бюлетэні толькі тады маюць сілу, калі прадстаўляюцца разам з “карткай выбаршчыка”. Ля ўчастку для галасаваньня, разьмешчанага ў Рыксдагу, побач мірна стаяць прадстаўнікі канкуруючых кааліцый: “Альянс за Швэцыю” і “Чырвона-зялёнай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG