Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя актывісты ўшанавалі памяць вязьняў польскага канцлягеру


Дэмакратычныя актывісты зь Менску ўшанавалі памяць вязьняў створанага польскімі ўладамі ў 1934 годзе канцлягеру ў Бярозе-Картузскай (цяпер райцэнтар Бяроза Берасьцейскай вобласьці).

Як паведаміў БелаПАН ініцыятар паездкі, старшыня аргкамітэту па стварэньні руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, акцыя адбылася 18 верасьня. Яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі і запалілі лямпады каля помніка вязьням канцлягера, а таксама паставілі лямпады каля так званых "Чырвоных казарм", дзе ўтрымліваліся вязьні.

Паводле словаў Сіўчыка, ушанаваньне зьяўляецца традыцыйным і праводзіцца для таго, каб беларускае грамадзтва не забывалася пра канцлягер Бяроза-Картузская, у якім знаходзіліся прадстаўнікі беларускага і ўкраінскага нацыянальна-вызвольных рухаў, а таксама левых палітычных партый Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

Як адзначыў арганізатар паездкі, былы савецкі палітвязень Сяргей Ханжанкоў, многія з вязьняў гэтага канцлягеру, вызваленыя савецкай уладай пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны і падзелу былой II Рэчы Паспалітай паміж Нямеччынай і СССР, потым пазнаёміліся з усімі "прывабнасьцямі" савецкага ГУЛАГу.

Канцлягер у Бярозе-Картузскай Палескага ваяводзтва быў створаны 17 чэрвеня 1934 году па распараджэньні прэзыдэнта Польшчы для ізаляцыі камуністаў, камсамольцаў і левых элемэнтаў. Разьмяшчаўся ў колішніх вайсковых казармах мястэчка. Паводле няпоўных зьвестак, за пяць гадоў існаваньня лягеру праз яго прайшлі каля 10 тысяч вязьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG