Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Дынько — пра кнігі, якія трэба прачытаць беларускаму прэзыдэнту


Аляксандра Дынько

Аляксандра Дынько

Ідэя ўявіць сабе прэзыдэнта, а з ім і краіну, у якой мы маглі б жыць — праз кнігу — падаецца казачна-чароўнай. Само меркаваньне, што прэзыдэнт можа чытаць тыя ж кнігі, што ты і твае сябры, робіць першую асобу дзяржавы ня толькі блізкай, але і стварае разуменьне, чаго менавіта мы хацелі б ад гэтае асобы. Наша сёньняшняя экспэртка Аляксандра Дынько лічыць, што прэзыдэнтаў таксама можна выхоўваць праз кнігу. Болей за тое — трэба... І прапануе наладзіць акцыю «кніга для прэзыдэнта», пачаткам якой можна лічыць яе прыватны сьпіс для абавязковага чытаньня цяперашняга, будучага і ўяўнага прэзыдэнтаў.

Анатоль Клышка. «Чую. Бачу. Гавару»

Ілюстраваны слоўнік па беларускай мове для вучняў пачатковых клясаў агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і расейскай мовамі навучаньня. Менск, «Асар», 2003

У глыбіні душы пэўная, што сапраўдны лідэр нацыі яшчэ толькі гадуецца, а для цяперашніх дзетак гэта як найлепшы кніжны шлях да засваеньня мовы. Некаторым цяперашнім кандыдатам яна не зашкодзіць і ў іх зусім не букварных гадах. Люблю гэтую кнігу, бо з яе дапамогай вакол асобы выбудоўваецца цэлы сьвет рэчаў, істотаў, зьяваў, дзе для кожнага ёсьць сваё слова і дзе ёсьць словы для ўзаемапаразуменьня паміж імі. І гэтыя словы — беларускія.

Ларыса Геніюш. «Споведзь»

Менск, «Мастацкая літаратура», 1993

Гэтая кніга з сэрыі «абавязковага чытаньня» і аналізу. У ёй важнае ўсё. І рупліва апісаныя гістарычныя лёсы — апісаныя так, нібыта гэта адбываецца з табой асабіста. І глыбіня палітычнай думкі, і разуменьне шляху дзяржавы, якія мала хто з сучасных палітычных дзеячаў здольныя дэманстраваць. І адчуваньне адказнасьці і злучанасьці з кожнай падзеяй, асобай — усім, што адбываецца з радзімай. Гэтае пачуцьцё, бясспрэчна, важнае для таго, хто зьбіраецца зрабіць свой голас голасам многіх, найлепш можна пераняць з кнігі Ларысы Геніюш.

«Трагічна адна я йшла неяк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў французскай рэвалюцыі, з вясны народаў, з канстытуцыі Амэрык. Рвала мне сэрца нацыянальная і сацыяльная несправядлівасьць. Родзіцца ж аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму ж так розная доля?»

Валер Булгакаў. «Гісторыя беларускага нацыяналізму»

Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006

Сярод даволі вялікага аб’ёму абавязковай для чытаньня гістарычнай, паліталягічнай і літаратуразнаўчай літаратуры выбрала самаахвярную манаграфію Валера Булгакава. Для мяне яна азначае фізычную мяжу, за якой засталася нашая дамадэрная навуковая сьвядомасьць і пачалася барацьба паміж сьвядомасьцямі мадэрнымі і постамадэрнымі. Упэўненая, што менавіта прэзыдэнту па сілах расплесьці гэты клубок ідэяў і аддаць належнае аўтару, які зрабіў унікальны ўчынак і прыклаў неацэнныя высілкі для таго, каб прыдаць пасьлядоўнасьць і цэльнасьць беларускаму паліталягічнаму мысьленьню.

Павел Шеремет, Светлана Калинкина. «Случайный президент»

Санкт-Петербург — Москва, «Лимбус-Пресс», 2004

Яскравы прыклад таго, што ня трэба рабіць прэзыдэнту, каб пра яго не напісалі такую кнігу. З фактычнай біяграфіяй першага беларускага прэзыдэнта можна азнаёміцца і праз іншыя крыніцы, але гэтае выданьне дапаможа адчуць усю сілу народнай нянавісьці. Літаратура такога кшталту ў «прэзыдэнцкай бібліятэцы» ідзе пад грыфам «Да ведама» і каталягізуе ягоных асабістых ворагаў.

«Столько всего наворочено, столько копий сломлено, столько растоптано судеб и карьер, но в историю период правления первого белорусского президента войдет как время болезьненного, гипертрофированного, нецивилизованного становления президентской республики.»

Барыс Пятровіч. «Плошча»

Вільня, 2010

Спадзяюся, у прэзыдэнта знойдзецца час і на мастацкую літаратуру, тым больш, што ў Беларусі яна можа распавесьці пра жыцьцё больш, чым звыкла пачуеш. «Плошча» Пятровіча адметная ня тым, што апавядае пра абставіны, важныя гістарычна і палітычна. Гэта ўнікальная на дадзены момант кніга пра моладзь і для моладзі, але гэта і кніга пра тое, як краіна здраджвае сваім самым адданым дзецям, і — з усёй сілай таго самага патасу — сваёй будучыні.

«З дзяцінства не люблю няшчырасьць і хлусьню. І яшчэ — несправядлівасьць. Брат, як старэйшы, часам падманваў мяне — па-добраму, ня злосна. Але як я абуралася, калі ягоная хлусьня выяўлялася... І ў школе мне цяжка вучыцца было з-за такога характару, і ва ўнівэрсытэце... А мама кажа ўвогуле: як ты жыць далей будзеш, дурніца? Зразумей і зьмірыся. Хітрэй будзь... А я не магу...»
XS
SM
MD
LG