Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч зьбіраецца балятавацца на пасаду прэзыдэнта


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч
Лідэр аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч мае намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Пра гэта ён паведаміў БелаПАН па выніках пасяджэньня бюро партыі, якое прайшло 18 верасьня.

Статкевіч: «Мы незадаволеныя нежаданьнем апазыцыйных лідэраў вылучаць ужо сёньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Таму мы вырашылі зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу, а таксама прадоўжыць кансультацыі з мэтай вызначэньня адзінага кандыдата да моманту рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты».

Палітык таксама падкрэсьліў, што яго ініцыятыўная група будзе «дастойнай і зьбярэ неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты 100 тысяч подпісаў».

У адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам рэгістрацыя ініцыятыўных груп будзе працягвацца да 24 верасьня ўключна.

Мікалай Статкевіч
…нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна Менскай вобласьці. Скончыў Менскае вышэйшае інжынэрнае зэнітнае ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны (1978). Кандыдат тэхнічных навук (1986). Вучыўся ў дактарантуры (1990–1993).

Стваральнік і кіраўнік (1991–1995) грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў».

Узначальваў БСДП (Народная Грамада) з 1995 года. У канцы 2004 году ў партыі адбыўся раскол на прыхільнікаў Статкевіча і тых, хто выступіў за яго зьняцьце з партыйнай пасады. У студзені 2005 году Мінюст прызнаў факт выключэньня Статкевіча з радоў партыі. 15 студзеня таго ж году адбыўся зьезд БСДП (Народная Грамада), на якім старшынёй партыі быў абраны Анатоль Ляўковіч. Пры гэтым партыя зьмяніла назву і стала называцца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада).

У 2005 годзе Статкевіч заявіў пра намер ізноў заснаваць БСДП (Народная Грамада).

31 мая 2005 году палітык быў прыгавораны да трох гадоў абмежаваньня волі за арганізацыю 18–19 кастрычніка 2004 году ў Мінску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Пакараньне Статкевіч адбываў у Баранавічах Берасьцейскай вобласьці і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці.

25 лістапада 2007 году прайшла першая сэсія ўстаноўчага зьезду БСДП (Народная Грамада), на якой Статкевіч быў абраны яе лідэрам. Да гэтага часу партыя дзейнічае ў рангу аргкамітэта.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG