Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаліся Дні беларускай культуры ў Літве

  • Тацяна Поклад

Мэмарыяльная шыльда Францішку Багушэвічу ў Вільні

Мэмарыяльная шыльда Францішку Багушэвічу ў Вільні

У Вільні, на тым месцы, дзе на былой вуліцы Конскай жыў у першай палове ХІХ ст. Францішак Багушэвіч, зьявілася бронзавая мэмарыяльная шыльда беларускаму паэту, пісьменьніку і адвакату.

Таварыства беларускай мовы Віленскага краю імкнулася ўшанаваць памяць бацькі беларускай літаратуры ў Вільні і Віленшчыне цягам апошніх дзесяці гадоў, на радзіме паэта пад Вільняй у Сьвіранах і побач у Савічунах (вёсцы, найбліжэйшай да фальварку Сьвіраны) ужо ёсьць дзьве мэмарыяльныя шыльдачкі, імя Багушэвіча мае вуліца і бібліятэка ў Савічунах.

Цяпер, у год 170–годзьдзя Багушэвіча, бронзавая шыльда вагой 300 кг умацаваная ў цэнтры Вільні.

Таго будынку, дзе жыў паэт, ужо не існуе, таму памятны знак разьмясьціўся прыкладна на тым месцы – на сьцяне адной зь віленскіх навучальных устаноў (на адрасе Arklių, 18c), як патлумачыў цяперашні кіраўнік ТБМ Віленшчыны, сябра рады БНР Юрась Юркевіч, які ачоліў арганізацыю год таму пасьля сьмерці першага старшыні Юрася Гіля.

“Вельмі прыемна адзначыць, што гэтым разам беларуская дзяржава падтрымала грамадзкую ініцыятыву”, - кажа Юрась Юркевіч. - “Павінны існаваць пункты, дзе няма палітычнага абмеркаваньня. Павінна ўсё ж існаваць нейкае адзінае поле, – хай гэта будзе беларуская мова і культура, дзе мы можам проста нармальна разам зь беларускай дзяржавай рабіць сумесную працу. Дзякуй Богу, што ёсьць такія моманты, такія асобы, як Францішак Багушэвіч, дзе мы можам знайсьці агульныя словы і разам рабіць такія помнікі, якія ўшаноўваюць нашую агульную культуру. Трэба шукаць яднаньня”.

Мэмарыяльная шыльда Ф. Багушэвічу ў Вільні – першы выпадак супрацоўніцтва ТБМ Віленшчыны зь беларускімі ўладамі. Шыльда зьявілася ў Вільні дзякуючы падтрымцы Віленскай і Менскай мэрыяў і амбасады РБ у Літве, яна зробленая ў Беларусі (скульптар Леў Гумілеўскі, архітэктар Аляксандр Корбут) пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.


Міністар культуры РБ Павал Латушка сказаў у часе адкрыцьця:

“Сапраўды, гэта гістарычная падзея для нашых краін. Я думаю, Францішак Багушэвіч узрадаваўся б таму, што тут, на гэтых вуліцах гучыць беларуская мова, як узрадаваліся б гэтаму Францішак Скарына, і Кастусь Каліноўскі, і Янка Купала, і Уладзімер Караткевіч, і Рыгор Шырма, і шмат–шмат іншых выбітных асоб і постацяў нашай культуры, якія хадзілі вуліцамі гэтага славутага гораду”.

Сёньняшняе ўрачыстае адкрыцьцё разам з актывістамі беларускіх суполак з усёй Літвы, прадстаўнікамі Віленскіх гарадзкіх уладаў, а таксама афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі і дыпляматамі распачало Дні культуры Беларусі ў Літве (17–19 верасьня). У Вільні адкрылася выстава Івана Хруцкага ў Літоўскім мастацкім музэі, у Палацы Кангрэсаў выступіў Беларускі сымфанічны дзяржаўны аркестар, цягам двух выходных будуць паказаныя два спэктаклі Купалаўскага тэатру і пройдзе сьвята Беларускай песьні ў Віленскай ратушы.
XS
SM
MD
LG