Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начныя кашмары могуць быць раньняй праявай паркінсанізму


Гішпанскія навукоўцы выявілі, што людзі, якім ва ўзросьце за 50 часта сьняцца маляўнічыя кашмары, маюць падвышаную рызыку разьвіцьця паркінсанізму і старэчага маразму.

У дасьледаваньні, праведзеным у барсэлёнскай нэўралягічнай клініцы, узялі ўдзел 43 пацыенты з пацьверджаным дыягназам расстройства хуткай фазы сну (парасанміі). У большасьці людзей падчас хуткага сну мускулы расслабляюцца, але ў тых, хто мае парасанмію, назіраецца іншая карціна. Ім часта сьняцца маляўнічыя кашмары, у сьне яны ўскрыкваюць, пачынаюць махаць рукамі ды торгаць нагамі.

Пазьней (на працягу 2,5—5 гадоў з моманту пастаноўкі дыягназу) у некаторых паддосьледных знайшлі тую ці іншую псыхічную паталёгію, а ў 30% удзельнікаў разьвіліся нэйрадэгенэратыўныя захворваньні. У большасьці выпадкаў гэта былі сымптомы паркінсанізму, а таксама ДЦЛ (дэмэнцыя зь цельцамі Леві — другі па масавасьці від старэчага маразму пасьля хваробы Альцгаймэра).

Як вынікае са справаздачы барсэлёнскіх адмыслоўцаў на чале з прафэсарам Алексам Іранца (Alex Iranzo), надрукаванай у часопісе Lancet Neurology, пільнейшае вывучэньне парасанміі можа паспрыяць раньняй дыягностыцы гэтых цяжкіх нэйрадэгенэратыўных захворваньняў, найперш — паркінсанізму.

Паводле ацэнак адмыслоўцаў, сёньня на паркінсанізм хварэюць мільёны людзей у сьвеце. Гэтая нэйрадэгенэратыўная паталёгія адзначаецца масавай гібельлю так званых дафамінавых нэйронаў.

Хваробу адкрыў яшчэ ў 1817 годзе ангельскі лекар Джэймс Паркінсан. У той час яна атрымала назву "дрыжальны параліч". Як вынікае з "Эсэ пра дрыжальны параліч", напісанага доктарам Паркінсанам, шмат якія сымптомы яму даводзілася назіраць нават не ў клінічнай практыцы, а проста на вуліцах Лёндану.

Ключом да раньняй дыягностыкі паркінсанізму можа стаць вывучэньне парасанміі


Паходжаньне паркінсанізму дагэтуль застаецца невядомым. Мяркуецца, што пэўную ролю тут адыгрывае генэтычная схільнасьць, а таксама ўзьдзеяньне свабодных радыкалаў і розных нэйратаксінаў, якія ўтвараюцца ў саміх дафамінавых нэйронах. Хвароба звычайна пачынаецца зь нязначных рухальных парушэньняў — такіх, як дрыжаньне рук або гіпэртонус цягліцаў — і паступова прыводзіць да зьмяншэньня рухальнай актыўнасьці, зьяўленьня гугнявасьці, скаванасьці у рухах, згорбленасьці, зьмены хады, зьбядненьня мімікі, радзейшага мірганьня, ператварэньня звычайнага почырку ў дробны і дрыготкі і г.д.

Ад паркінсанізму цярпелі папа рымскі Ян Павал ІІ, Мао Цзэдун, Ясір Арафат, Адольф Гітлер, Сальвадор Далі, Андрэй Вазьнясенскі, шмат якія іншыя вядомыя людзі. Розныя мэтады лячэньня, якія спрабавалі ўжываць дактары, засталіся беспасьпяховымі. Эфэктыўных сродкаў, нягледзячы на вялізныя інвэстыцыі ў навуковыя дасьледаваньні і фармакалягічныя распрацоўкі, так пакуль і ня знойдзена.

Тым часам амэрыканскія навукоўцы, якія паралельна з гішпанцамі назіралі за хворымі на парасанмію, мяркуюць, што нэйрадэгенэратыўныя захворваньні выклікаюцца ўчасткамі мозгу, якія адказваюць за сон.
Ад паркінсанізму цярпелі папа рымскі Ян Павал ІІ, Мао Цзэдун, Ясір Арафат, Адольф Гітлер, Сальвадор Далі, Андрэй Вазьнясенскі, шмат якія іншыя вядомыя людзі.
Сувязь паміж гэтай зьявай і захворваньнямі мозгу пакуль няясная. Аднак, згодна з дасьледаваньнямі амэрыканцаў, галоўны ўпор у барацьбе з гэтымі хваробамі, якія найчасьцей праяўляюцца ўжо пасьля 60-ці, трэба рабіць на іх раньняй дыягностыцы. Ідэальна было б выяўляць паркінсанізм ды іншую нэйрадэгенэратыўную паталёгію гадоў за 50 ці хаця б за 25 да зьяўленьня відочных праяваў, калі яе яшчэ можна затармазіць. Як лічаць навукоўцы зь клінікі Мэё ў ЗША, гэта цалкам магчыма.

Вывучаючы гісторыі хваробы 27 пацыентаў, якія на працягу 15 гадоў цярпелі ад парушэньня паводзінаў у фазе хуткага сну, амэрыканскія дасьледчыкі прыйшлі да высновы: усе гэтыя пацыенты маюць слаба выяўленыя сымптомы хваробы Паркінсана (13 чалавек), ДЦЛ (13 чалавек) і полісыстэмнай дэгенэрацыі (1 чалавек), а інтэрвал паміж пачаткам парасанміі і зьяўленьнем саміх нейрадэгенэратыўных захворваньняў можа складаць да 50 гадоў. Сярэдняя ж працягласьць гэтага інтэрвалу — каля 25 гадоў.

На думку аўтара дасьледаваньня Брэдлі Бёвэ, працэсы ў мозгу, якія прыводзяць да разьвіцьця гэтых хваробаў, пачынаюць разьвівацца за дзесяцігодзьдзі да першых клінічных праяваў. Пры гэтым расстройства паводзінаў у фазе хуткага сну мае шчыльную сувязь з нэйрадэгенэратыўнымі захворваньнямі, а таму вартае асаблівай увагі дасьледчыкаў, бо можа стаць ключом да своечасовай іх дыягностыкі.
XS
SM
MD
LG