Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Актывісты стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», «Маладога фронту» і вернікі распачалі бестэрміновую акцыю абароны касьцёла Сьвятога Язэпа ў Менску. Сёньня прайшла першая акцыя. У ёй удзельнічалі хрысьціянскія дэмакраты шэрагу краінаў, а таксама беларускі бард Андрэй Мельнікаў.

Акцыя распачалася супольнай малітвай пад пільным наглядам супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Яны фільмавалі ўсіх прысутных, але не затрымлівалі. Як мяркуюць арганізатары — магчыма, таму, што падтрымаць паплечнікаў прыйшлі хрысьціянскія дэмакраты з розных краін. Адзін зь іх — расейскі дысыдэнт Аляксандар Агароднікаў:

«Я палічыў сваім абавязкам тут быць. І мне вельмі прыемна, што ёсьць актыўныя беларусы, якія бароняць сваю сьвятыню ад глуму. Для мяне проста гонар тут быць».

Яшчэ адзін хрысьціянскі дэмакрат, віцэ-сьпікер парлямэнту Грузіі Георгій Рухадзэ, які таксама прыйшоў да касьцёла Сьвятога Язэпа, гэтак пракамэнтаваў стасункі вернікаў і ўладаў у Беларусі:

«Такіх праблем, як тут, у нас няма — няма праблем рэгістрацыі і палітычнай дзейнасьці. Канечне, гэта праблемы рэжыму, а таму дыпляматычнымі шляхамі мы будзем дапамагаць хрысьціянскім дэмакратам Беларусі».

За вяртаньне касьцёла Сьвятога Язэпа вернікам, а таксама за тое, каб спыніць перабудову кляштара ў забаўляльны цэнтар, цягам пяці гадоў змагаецца група вернікаў-католікаў. Адна зь іх, Ганна Сіўчык, вітае новых людзей, якія далучыліся да абароны сьвятыні:

«Натуральна, што мы вельмі ўдзячныя гэтым людзям, якія ў гэты цяжкі час, калі сьвятыня зьнішчаецца, сталі на яе абарону. Тым больш што ведаем, што сярод іх ёсьць ня толькі католікі, але і вернікі іншых канфэсій».


Адзін зь лідэраў Партыі БХД Павал Севярынец зачытаў зварот да старшыні Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, а таксама да кіраўніка будаўнічага прадпрыемства «Мінская спадчына». Севярынец гэтак пракамэнтаваў сёньняшнюю падзею:

«Мы зьбіраемся каля касьцёла Сьвятога Язэпа, каб ня даць ператварыць сьвятыню ў бардэль. Мы запрашаем усіх неабыякавых людзей, моладзь прыходзіць сюды штодня а 19:00. Тут будуць акцыі, віктарыны, канцэрты. Мы будзем зьбірацца, нават калі нас будуць атачаць і затрымоўваць. Прыйшоў час — падчас прэзыдэнцкіх выбараў якраз і ёсьць спадзяваньні на зьмены».

На завяршэньне акцыі ў абарону касьцёла Сьвятога Язэпа перад прысутнымі выступіў бард Андрэй Мельнікаў.

Прамаўляе Павал Севярынец.

Сярод удзельнікаў прысутнічалі хрысьціянскія дэмакраты зь іншых краінаў.

Сьпявае Андрэй Мельнікаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG