Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кармянскую рабаўладальніцу амніставалі


Сёньня Добрускі раённы суд прызнаў жыхарку вёскі Карма Валянціну Кушаеву вінаватай у незаконным пазбаўленьні волі й эксплюатацыі аднавяскоўкі Сьвятланы Шаўчэнкі. Аднак турмы крыўдзіцелька пазьбегла. Судзьдзя Алег Васюкоў, які разглядаў крымінальную справу, прымяніў да спадарыні Кушаевай амністыю.

Гэта, па сутнасьці, першая ў найноўшай гісторыі Беларусі крымінальная справа, датычная рабства ў спалучэньні з абмежаваньнем волі.

Працяглы час 57-гадовая жыхарка Кармы, якая даўно прыехала сюды з Расеі, утрымлівала ў сябе дома аднавяскоўку-наймічку, прымушала яе бясплатна працаваць па гаспадарцы.

Пацярпелая Сьвятлана Шаўчэнка: «У Кушаевай вялікая гаспадарка была. Гаспадарку гэту я даглядала поўнасьцю. Гароды палола ад цямна да цямна. Сем гадоў у гумовых ботах! У мяне зубоў няма. Неяк узяла я сталовых буракоў і зварыла. Штук дзесяць ці што. Дзень ляжаць, два. Я ўзяла й зьела. Яна паглядзела: „Дзе яны?“ Я кажу: „Валечка, я“. Дык яна мяне за валасы — валасы доўгія, яна закруціла і давай аб сьценку».

60-гадовая спадарыня Шаўчэнка кажа, што толькі на першым часе жыла ў доме Кушаевай. Пасьля яе адсялілі ў «будку» — нешта накшталт летняй кухенькі. Зімою спала ў хатняй кацельні на кухвайках.

Свая хата ў Сьвятланы Шаўчэнкі згарэла яшчэ ў 2003 годзе. Гэтым і карысталася Валянціна Кушаева — страшыла, што Сьвятлану шукае міліцыя. Раней Сьвятлана мела праблемы з законам:

«Я баялася ўжо міліцыі, таму што я ў вышуку. Так яна казала. Думала, за пяць гадоў, што хаваюся, мне яшчэ й за гэта ўляціць — за гэтую хованку. Дык я сама ўжо баялася».

У судзе дэманстравалі старэнькую чырвоную хустку, падраную штучную дублёнку, у якой паланянка прыйшла ў царкву, калі вырашыла ўцячы ад сваёй гаспадыні. Быў на аглядзе й сьветлы парык: гаспадыня нібыта прымушала Сьвятлану надзяваць яго, каб не пазналі аднавяскоўцы.

Сама Валянціна Кушаева адмаўляе, што гвалтоўна ўтрымлівала аднавяскоўку ў сваёй гаспадарцы:

Чалавека пашкадавала, прытулак дала, а на мяне такое… Я яшчэ буду Лукашэнку скардзіцца.
«Чалавека пашкадавала, прытулак дала, а на мяне такое… Я яшчэ буду Лукашэнку скардзіцца».

Сын амніставанай жанчыны лічыць, што на сям’ю ўзьвялі паклёп:

«Паклёпнічалі. З мухі разьдзьмулі слана — такога не было. Была сям’я працоўная — працаўнікі ўсе. У газэтах нават пісалі. А зараз мы такія сталі — нас абвінавацілі».

Для Валянціны Кушаевай сёньняшняя амністыя — другая па ліку. Ня так даўно пэнсіянэрка была амніставана ў іншай крымінальнай справе — за нанясеньне пабояў іншай жыхарцы Кармы.

Суд сёньня не задаволіў і хадайніцтва пацярпелай Сьвятланы Шаўчэнкі наконт спагнаньня з Валянціны Кушаевай 15 мільёнаў рублёў маральнай шкоды — акурат столькі, колькі яна магла б атрымаць пэнсіі за гады няволі.

Паланянцы параілі, каб спагнаць гэтыя грошы, падаваць у суд на крыўдзіцельку асобны пазоў.

У бліжэйшыя 10 дзён любы з удзельнікаў крымінальнага разбору мае права абскардзіць вырак у вышэйшую судовую інстанцыю. Пратэст можа падаць і пракуратура, якая падтрымлівала абвінавачваньне ў справе пра незаконнае пазбаўленьне волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG