Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя наступствы адмовы Мілінкевіча ўдзельнічаць у выбарах?


Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата. У чым прычыны такога рашэньня? Што азначае стварэньне грамадзянскай акцыі «Беларускі выбар»? Як паўплывае гэтае рашэньне Мілінкевіча на ход прэзыдэнцкай кампаніі?

Удзельнікі: палітоляг Юрый Чавусаў і рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Юрый Чавусаў
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч

У чым прычыны адмовы Мілінкевіча?


Валер Карбалевіч: «Мілінкевіч патлумачыў сваю адмову ад удзелу ў выбарах тым, што не было зьменена выбарчае заканадаўства, і таму, маўляў, удзельнічаць ня мае сэнсу. Наколькі пераканаўчая такая матывацыя? Магчыма, сапраўдныя прычыны ягонай адмовы іншыя?»

Юрый Чавусаў: «Перадумовы для такога палітычнага кроку высьпявалі доўга. Сваркі і падзелы ўнутры апазыцыі пачаліся даўно, гісторыя цягнецца з апошняга Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Шмат гадоў Мілінкевіч патраціў на тое, каб захаваць свой статус агульнанацыянальнага палітыка. Але для палітыкі такія абарончыя пазыцыі заўжды кепскія. Цяпер атрымліваецца, што гэтыя гады патрачаныя дарма.

Пункт невяртаньня быў пройдзены год таму, калі была заваленая працэдура праймэрыз, ініцыяваная АДС. І тады адзін з стратэгаў той кампаніі сказаў мне, што, заваліўшы праймэрыз, Мілінкевіч падпісаў сабе прысуд. Таму што грошай на наступныя выбары ён не атрымае. Гэта быў стратэгічны пралік.

Мілінкевіч плянаваў удзельнічаць у выбарах, нібыта ён застаецца ў статусе адзінага кандыдата дэмакратычных сілаў. Апошні ўдар па ім нанесла Партыя БХД, якая блякавала вылучэньне кандыдата ад неакрэсьленага Беларускага незалежніцкага блёку. Пасьля гэтага палітычны лёс Мілінкевіча быў прадвызначаны».
Але ёсьць і іміджавая хіба. Мілінкевіч заяўляе: «не хачу быць статыстам, але пры гэтым падтрымліваю іншых статыстаў».

Кірыла Пазьняк: «Нават самы высокі рэйтынг і пазнавальнасьць Мілінкевіча ў апазыцыйным асяродзьдзі не дазволілі яму пераадолець бюджэтны дэфіцыт. І таму ён вырашыў не рабіць інвэстыцыйны блеф, не авантурнічаць, каб не псаваць імідж. Бо існавала рызыка і незьбіраньня 100 тысяч подпісаў, і правядзеньня бляклай агітацыйнай кампаніі, і правалу Плошчы. Да ўсяго, ён бачыў, што вынікі гэтых выбараў перадвызначаныя.

І паразы падчас гэтай кампаніі могуць выключыць з барацьбы за ўплыў сярод апазыцыі пасьля выбараў. Магчыма, Мілінкевіч лічыць, што сур’ёзная барацьба распачнецца толькі пасьля выбараў.

Гэтае рашэньне расчаруе шмат каго з дэмакратычнага электарату. Але Мілінкевіч выйграе ў тым, што адпрэчвае ад сябе ўсе абвінавачваньні ў падыгрываньні Лукашэнку. Ён зьдзёр гэты ярлык «адбельвальніка», які яму наляпілі. Але ёсьць і іміджавая хіба. Мілінкевіч заяўляе: «не хачу быць статыстам, але пры гэтым падтрымліваю іншых статыстаў».

Грамадзянская акцыя «Беларускі выбар»


Карбалевіч: «Ці ўзмацніў Мілінкевіч гэтым рашэньнем свае пазыцыі ў поствыбарны пэрыяд, ці, наадварот, выключыў сябе з катэгорыі цяжкавагавікоў — гэта спрэчнае пытаньне.

Мілінкевіч не заявіў пра падтрымку нейкага канкрэтнага кандыдата, не заклікаў да гэтага сваіх прыхільнікаў. І той аўтарытэт, які ён меў, расьцярушваецца ў прасторы.

На прэсавай канфэрэнцыі было падпісана пагадненьне аб стварэньні грамадзянскай акцыі „Беларускі выбар“. Яго падпісалі, акрамя Мілінкевіча, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр Беларускай партыі зялёных Алег Новікаў і кіраўнік саюзу „За мадэрнізацыю“ Алесь Міхалевіч. Што гэта за структура з такой дзіўнай назваю? У чым сэнс гэтай новабудоўлі?»

Чавусаў: «Гэтае пагадненьне заключана на кароткі пэрыяд — да рэгістрацыі кандыдатаў. І слова „акцыя“ падкрэсьлівае кароткачасовы характар гэтай ініцыятывы. Гэта не перадвыбарчы блёк, ад якога варта было б чакаць вылучэньня адзінага кандыдата. Гэта проста каардынацыя дзеяньняў. Напэўна, толькі адзін кандыдат з трох (Кастусёў, Міхалевіч, Глушакоў) зьбярэ 100 тысяч подпісаў».

Пазьняк: «Здаецца, стварэньне такой структуры — гэта спроба ўтрымаць у тонусе актывістаў руху „За свабоду“. Таксама гэта спроба сабраць 100 тысяч подпісаў хоць за аднаго з двух: Кастусёва ці Міхалевіча (Глушакова я выключаю)».

Якія палітычныя наступствы адмовы Мілінкевіча?


Карбалевіч: «Мілінкевіч быў самы вядомы палітык і сярод беларускага апазыцыйнага электарату, і сярод эўрапейскіх палітычных структур. Цяпер ён адыходзіць убок? Ці можа хутка запоўніцца ягонае месца? Кім? Ці тут, на гэтым месцы, зьявіцца пустка?»

Чавусаў: «Аўтарытэт Мілінкевіча як палітыка нацыянальнага маштабу будзе захаваны. Ён падтрымае таго з гэтых трох, хто будзе зарэгістраваны ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты. І тактычна гэта правільны крок.

Вядома, разгубленасьць у асяродзьдзі актывістаў руху „За свабоду“ будзе існаваць. Бо шмат гадоў яны чэрпалі матывацыю для грамадзянскай дзейнасьці, арыентуючыся на ўдзел Мілінкевіча ў гэтых прэзыдэнцкіх выбарах.

Але цяпер варта чакаць больш яркай кампаніі ад трох названых кандыдатаў — прадстаўнікоў нацыянальна-дэмакратычнага крыла, якія дасюль заставаліся ў цені Мілінкевіча.

Стварэньне „Беларускага выбару“ можа пайсьці на карысьць усёй апазыцыі. Бо Кастусёў і Міхалевіч падкрэсьлена працуюць за беларускія рэсурсы. І гэта можа аздаравіць апазыцыю, падштурхне працаваць на беларускія інтарэсы, а не на інтарэсы замежных сцэнарыстаў. Можа, гэта будзе самым лепшым, што здарыцца з апазыцыяй на гэтых выбарах. Кепска, калі пасьля гэтых выбараў дэмакратам будзе лічыцца той, хто мае больш грошай».

Карбалевіч: «Ці правільна я зразумеў, што пытаньне пра перамогу на гэтых выбарах ня ставіцца апазыцыяй? Усё зводзіцца да ўнутранага аздараўленьня?»

Чавусаў: «Лёс выбараў вырашыць Плошча. Але парадокс гэтых выбараў у тым, што адказнасьць за Плошчу цяпер нясуць не нацыянальна-дэмакратычныя сілы, а кампанія „Гавары праўду“, якая зьяўляецца мэйнстрымам гэтай выбарчай кампаніі. Паўтарылася гісторыя 2001 году, хоць у іншым фармаце. То бок нацыянальна-дэмакратычныя сілы выконваюць тэхнічную ролю ў агульным сцэнары».
Колькасьць кандыдатаў істотна не ўплывае на характар Плошчы.

Пазьняк: «Адзначу чатыры наступствы сыходу Мілінкевіча. Па-першае, сярод дэмакратычнага электарату будзе больш тых, хто байкатуе выбары ці прагаласуе супраць усіх. Па-другое, яшчэ менш шанцаў застанецца на тое, што Плошча стане моцным фактарам гэтай кампаніі. Паколькі кампанія пайшла не па сцэнары нацыянальна-дэмакратычных сілаў, то, хутчэй за ўсё, іх электарат ухіліцца ад актыўнай барацьбы. Па-трэцяе, можа зьявіцца новы лідэр сярод правых на пэрспэктыву (напрыклад, Міхалевіч). Па-чацьвёртае, зь сёлетняй сытуацыі можна зрабіць выснову: калі за год да выбараў не зьяўляецца лідэр з добрай харызмай і прагрэсуючым рэйтынгам, то трэба выбіраць адзінага кандыдата з самага „раскручанага“ на той момант».

Карбалевіч: «Ці магчыма зьяўленьне Плошчы як моцнага палітычнага фактару пры адсутнасьці моцнай выбарчай кампаніі?»

Чавусаў: «Колькасьць кандыдатаў істотна не ўплывае на характар Плошчы. У 2006 годзе былі два апазыцыйныя кандыдаты (Мілінкевіч і Казулін), але Плошча адбылася. А ў 2001 годзе быў адзіны кандыдат Ганчарык, але Плошчы не было».

Пазьняк: «Чым больш будзе кандыдатаў, тым менш шанцаў на Плошчу. Вельмі сумняюся, што правы электарат пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з энтузіязмам выйдзе ў падтрымку кандыдата, на якога навесілі ярлык прарасейскага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG