Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аляксандар Лукашэнка назваў прадстаўнікоў апазыцыі „ворагамі народу“. Як вы ставіцеся да такога выказваньня?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.

Спадарыня: «Не, гэта ня ворагі народу. Мабыць, гэта эмацыйнае выказваньне».

Спадар: «Не, не, ня ворагі гэта. Гэта нармальныя людзі — тыя, якія маюць сваю думку, і яна адрозьніваецца ад думак Лукашэнкі. Што гэта ў нас за ворагі? У нас жа нібыта дэмакратычная краіна. Людзі павінны мець сваю думку. Такіх людзей трэба, наадварот, паважаць і вітаць».

Спадар: «А ён сам, Аляксандар Рыгоравіч, ня вораг? Мне асабіста ён нічым не імпануе. Да апазыцыянэраў я й сам мог бы сябе залічыць. Актыўнай дзейнасьцю я не займаюся, бо няма нейкіх пунктаў сутыкненьня. Былі б такія пункты, можна было б».

Спадар: «Калі ёсьць апазыцыя, значыць, чагосьці можна дамагчыся. Адно меркаваньне — гэта адно. Розныя меркаваньні калі скласьці, атрымаецца нешта нармальнае».

Спадарыня: «Я лічу, што ў шмат якіх выпадках — так. Напрыклад, я ня бачу, што робіць апазыцыя для народу. А тое, што робіць Лукашэнка з урадам, яно бачна».

Спадар: «У чымсьці ён мае рацыю. Вось нас пачала Расея душыць — апазыцыя за Расею, хаця маскалёў-расейцаў апазыцыя ня любіць. Пачне Захад душыць — яна на баку Захаду. Апазыцыі таксама трэба вызначыцца, каб народу было добра. Лукашэнка хоць і падманвае, але нешта гаворыць. А яны — нічога ня кажуць».

Спадарыня: «Ворагі, ня ворагі… Яны такія ж, як і ўсе, і могуць выказваць сваё меркаваньне».

Спадар: «Разумееце, на кухні мы — заўсёды апазыцыя».

Спадар: «З такой заявай я абсалютна ня згодзен. Маё асабістае меркаваньне: ня трэба ў апазыцыі шукаць ворагаў! Але такая апазыцыя, якая ёсьць у Беларусі, — гэта нуль. Кожны цягне коўдру на сябе. Адзінага кандыдата на выбары яны выставіць ня могуць. Няма там кансалідуючага зьвяна. Някляеў нібыта спрабаваў аб’яднаць усіх, але і ў яго не атрымалася».

Спадарыня: «Я лічу, гэта ня так, бо вораг народу — гэта той, хто робіць шкоду народу».

Спадар: «У нас павінна быць апазыцыя. Павінна быць канкурэнцыя. Я лічу, што ён ня мае рацыі».

Спадарыня: «Я лічу так: калі яны жывуць у нашай краіне, яны ня ворагі».

Спадар: «Канечне, не. Я ніколі так не лічыў. Гэта ўсе нармальныя людзі. Гэта, можна сказаць, эліта беларускага народу».
XS
SM
MD
LG