Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гатовасьць аддаць свае галасы за Аляксандра Лукашэнку ў жніўні выказалі 78,1% удзельнікаў сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Аналітычным цэнтрам EcooM, паведамляе БЕЛТА.

Паводле цэнтру, кандыдатаў ад апазыцыі гатовы падтрымаць толькі 5,7% апытаных. 2,2% маюць намер прагаласаваць за іншых кандыдатаў. 14,1% рэспандэнтаў не далі адказу на пытаньне сацыёлягаў.

Падчас дасьледаваньня было апытана 1,4 тысячы грамадзян ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых.

Аналітычны цэнтар EcooM актыўна ўдзельнічаў у назіраньні за выбарчай сытуацыяй на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. У дзень выбараў яны правялі экзіт-пол, паводле вынікаў якога за А.Лукашэнку прагаласавала 83% апытаных. Частае супадзеньне прадказаньняў цэнтру EcooM з афіцыйнымі вынікамі розных галасаваньняў дазволіла экспэртам выказаць меркаваньне аб блізкасьці цэнтру да беларускіх уладаў.

Лічбы “прыўладных” сацыёлягаў істотна адрозьніваюцца ад вынікаў апытаньняў незалежных сацыялягічных службаў.

Паводле ліпеньскага 2010 году апытаньня, праведзенага ў Беларусі літоўскім дасьледным цэнтрам Baltic Surveys, у адказах на адкрытае пытаньне аб галасаваньні на прэзыдэнцкіх выбарах (калі апытаныя павінны былі самі ўпісаць прозьвішча кандыдата, якому яны аддаюць перавагу) за А. Лукашэнку выказаліся 33% апытаных, у адказах на закрытае пытаньне (калі быў прапанаваны сьпіс зь прозьвішчамі палітыкаў) за А.Лукашэнку выказаліся 44% апытаных.

У чэрвенскім 2010 году апытаньні літоўскага дасьледнага цэнтру Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) ў адказах на закрытае пытаньне за А.Лукашэнку выказаліся 46% апытаных, на закрытае пытаньне – 48% рэспандэнтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG