Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня ў Астраўцы пачаўся паўторны разгляд справы намесьніка старшыні райвыканкаму Міхаіла Зімніцкага і актывіста АГП Івана Крука. Пасьля першага разгляду было вынесена рашэньне пакараць Івана Крука штрафам у 1 млн. 50 тысяч рублёў за нібыта паклёп на Зімніцкага. Але абласны суд адмяніў гэтае рашэньне і паслаў справу на перагляд да іншага судзьдзі.

Падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы Іван Крук напісаў у пракуратуру і абласную выбарчую камісію скаргі, у якіх сьведчыў, што намесьнік старшыні райвыканкаму Зімніцкі, які быў намесьнікам старшыні раённай выбарчай камісіі, сфабрыкаваў падпісныя лісты, каб не рэгістраваць Крука кандыдатам у дэпутаты. Зімніцкі палічыў гэта паклёпам і падаў у суд.

Раённы суд, разглядаючы справу, нават не палічыў патрэбным выслухаць на сваім паседжаньні галоўнага сьведку, які б сам мог даць паказаньні наконт таго, ці ставіў ён свой подпіс за Івана Крука. Не была праведзена і экспэртыза подпісу, які палічылі фальшывым.

Сёньня ў судзе выступіў галоўны сьведка і пацьвердзіў, што ставіў подпіс за Івана Крука і што да яго наведваўся намесьнік старшыні райвыканкама, якому сьведка таксама ставіў у дакумэнтах подпіс пад тым, што ён нібыта не падпісваўся за Крука. Рабіў ён гэта, як сказаў, таму, што баяўся наступстваў з боку Зімніцкага.

Іван Крук кажа, што судзьдзя сёньня не задаволіў яго хадайніцтвы пра тое, каб выклікаць у суд дадаткова трох сьведак, на якіх таксама падчас выбарчай кампаніі чыніў ціск Міхаіл Зімніцкі. Хадайніцтвы ж Зімніцкага пра выклік чатырох сьведак былі задаволеныя.

Наступнае паседжаньне — у чацьвер 23 траўня.
XS
SM
MD
LG