Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заробак не расьце, а наадварот — зьмяншаецца…”


Ці скончыўся ў Беларусі эканамічны крызіс? Якая цяпер сытуацыя на прамысловых прадпрыемствах? Ці набліжаюцца заробкі рабочых да абяцаных уладай 500 даляраў?

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Заробак у 500 даляраў — хлусьня, плацяць па 600-800 тысяч беларускіх рублёў»

На прамысловых прадпрыемствах Гарадзеншчыны хоць і праводзяцца рэканструкцыі і мадэрнізацыя вытворчасьці, але рабочыя працягваюць атрымліваць невялікія заробкі.

На шклозаводзе «Нёман», што ў Лідзкім раёне, яшчэ ўвесну голасна казалі пра адкрыцьцё новай вытворчасьці — вырабу шклаваты. Маўляў, гэта дарагі і дэфіцытны тавар, вытворчасьць якога хутка акупіцца і пачне даваць прыбытак.

Зараз рабочы завода кажа, што ўжо некалькі месяцаў, як ніхто нічога ня кажа пра вытворчасьць здавалася б выгаднай прадукцыі.

Спадар: «Пачалі былі ўжо рыхтаваць адзін корпус пад гэта, паачышчалі, нешта нават рабілі, а потым кінулі, і ўсё змоўкла».

Рабочыя мяркуюць, што на ўсе гэтыя пляны папросту няма грошай. Пытаюся — можа, адбыліся нейкія зьмены на асноўнай вытворчасьці?

Спадар: «Што яно тут паправіцца, нічога ў нас не зьмяняецца, людзі звальняюцца. Вось цяпер адчынілі яшчэ адну печ, а дзьве зачынілі. Праўда, перад выбарамі пачаліся абяцанкі, ужо вывесілі паперыну, што ў бліжэйшы час заробак узьнімецца на 100-150 тысяч».

На лідзкім заводзе «Нёман», дзе выпускаюць аўтобусы, рабочыя таксама распавядаюць, што ледзьве зводзяць канцы з канцамі, і іх становішча цалкам не адпавядае таму, што паказваюць на беларускім тэлебачаньні. Вось як выказваецца адзін зь іх пра падвышэньне на прадпрыемстве заробкаў:
У нас заробак не расьце, а наадварот зьмяншаецца.

Спадар: «Ну, вядома, што павялічваюць заробак, ужо 19 раз, хіба вы ня чулі? (сьмяецца).

Другі рабочы не жартуе: «У нас, у прынцыпе, на заводзе — я ўжо два гады тут працую — заробак не расьце, а наадварот зьмяншаецца. І людзі, хоць афіцыйна і працуюць пяць дзён на тыдзень, а ўжо пасьля абеду вяртаюцца з працы: работы няма, няма камплектуючых, няма за што іх купляць…».

Спадар кажа, што абяцаныя заробкі ў 500 даляраў у іх ніколі не здараліся.

Спадар: «600-800 тысяч атрымліваюць, болей ніхто не атрымлівае. Дык гэта бяру па максымуме. А так 400-500 тысяч, а хто ад выпрацоўкі, то і яшчэ меней. Бо што ён заробіць, як прыйдзе, пару гадзінаў папрацуе — і яго адпраўляюць дахаты».

Актывіст Незалежнага прафсаюзу Анатоль Хацько кажа, што ў прамысловасьці заробкі наўрад ці істотна падымуць нават перад выбарамі. На яго думку, ва ўлады папросту няма такіх рэзэрваў.

ВІЦЕБШЧЫНА


Пачынаюцца сходы пратэсту ў ВА «Шкловалакно»

Яшчэ нядаўна лічылася, што ўладкавацца на полацкае прадпрыемства «Шкловалакно» — гэта вялікая ўдача. Цяпер няма ні чэргаў з ахвотных уладкавацца, ні высокіх заробкаў.

Актывіст свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах: «Цяпер гавораць, што прадпрыемства выйшла з крызісу, але заробкі рабочых не растуць, або растуць мізэрнымі тэмпамі. Значыцца, нейкая стагнацыя працягваецца. І гэта спараджае сацыяльныя хваляваньні. Вось заўчора адбыўся сход работнікаў галоўнага цэху вытворчасьці — гэты цэх вырабляе шкланітку, там самыя шкодныя ўмовы працы — і аднагалосна ўсе даручылі Свабоднаму прафсаюзу весьці перамовы з кіраўніцтвам».

Заробак, на думку рабочых «Шкловалакна», мусіў бы складаць каля двух мільёнаў рублёў. Але пра такое даводзіцца толькі марыць, кажа Мікола Шарах:

«Тут заўжды заробкі былі вышэйшыя, чым на іншых прадпрыемствах гораду. Таму людзі імкнуліся ўладкавацца ды ўладкаваць яшчэ ўсіх сваіх сваякоў! А цяпер заробкі паменшыліся да заробкаў на іншых прадпрыемствах, не такіх буйных і важных. І таму, калі ў нас пашыралі вытворчасьць, збудавалі новую печку, і былі патрэбныя новыя працаўнікі, то ніхто асабліва не хацеў ісьці! Дайшло нават да таго, што бяруць на працу тых, каго раней звольнілі за парушэньне працоўнай дысцыпліны.»

На прадпрыемстве «Шкловалакно» цяпер працуе каля чатырох тысяч чалавек. Раней работнікаў было болей, і, як кажуць, за прахадной яшчэ стаяла цэлая чарга. Цяпер чаргі няма — на галоўным прадпрыемстве Полацку людзі працаваць ня хочуць.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Зноў нас просяць: „Трывайце…“»

На Магілёўшчыне ў афіцыйных паведамленьнях больш не чуваць пра заняпад эканомікі. Людзі не атрымалі яшчэ 200-даляравых заробкаў, а ім ужо паведамляюць пра значна вышэйшыя сумы.

На акцыянэрным таварыстве «Хімвалакно» сярэдні заробак, паводле афіцыйных крыніцаў, сягае да мільёну рублёў. Работнікі цэху вытворчасьці поліэфірнага валакна сьцьвярджаюць, аднак, што іх заробак значна меншы.

«Мы атрымалі за мінулы месяц 670 тысяч. Вылічваем падаходны, прафсаюзны, пэнсійны, й што атрымліваецца — 580-600 тысяч, а можа 550 атрымацца. Мы летась працавалі па зьдзельшчыне — было 800 тысяч, і тры гады таму такі самы быў заробак. І абед скарачаюць. 18 хвілінаў абед, хаця ў іншых структурах па сорак восем», — наракае адна з работніц.

Як кажа суразмоўніца, начальнік цэха абяцае, што пасьля рэканструкцыі заробкі стануць вышэйшымі. Цяпер жа трэба патрываць, пакуль не наладзяць абсталяваньне. Гэтым займаюцца супрацоўнікі нямецкай фірмы.
Дождж пройдзе — усё цячэ на гэтую машыну, на гэтую электроніку. Немец гэты жахаецца. Ходзіць — вочы вялікія — й ня ведае, што рабіць.


«Як толькі яны закупілі гэтую машыну, пачалі дах рамантаваць. Дождж пройдзе — усё цячэ на гэтую машыну, на гэтую электроніку. Немец гэты жахаецца. Ходзіць — вочы вялікія — й ня ведае, што рабіць. Кажа: «Не падпішу, бо ня ведаю, запусьціцца яна ці не, каб я не адказваў за вашую халатнасьць». А мы ваду гэтую носім вёдрамі, а ён так кажа: «Ой, жанчыны вы мілыя».

Не задаволеныя заробкамі на яшчэ адным флягмане рэгіянальнай эканомікі, тэкстыльным прадпрыемстве «Магатэкс». Тут афіцыйны заробак таксама пад мільён. Аднак бальшыня работніц пра такі заробак толькі марыць. Адна з ткачых прызналася, што за мінулы месяц зарабіла 400 тысяч. Некаторым пашанцавала болей.

«Дванаццаць гадзінаў зьмена — самы вялікі 600 тысяч «бруднымі». Я аднойчы прыйшла да генэральнага, а ён мне «А ня можа быць, што на „Магатэксе“ столькі зарабляюць. Я кажу, „Вось мой разьліковы, й скажыце мне, як я магу на такія грошы з сынам існаваць“. Прафсаюзы адзінае, што далі мне сёлета як маламаёмаснай — пяць пакетаў макароны і слоік спаржавай фасолі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG