Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я сышоў, каб вы перамаглі


Гэты перафразаваны лёзунг кампаніі Ўладзімера Някляева – хіба ня самы ёмкі камэнтар да рашэньня Аляксандра Мілінкевіча не балятавацца ў прэзыдэнты. Гэты крок і яго матывы будуць мець значныя наступствы і для выбарчай кампаніі, і для беларускай палітыкі агулам, у прыватнасьці, да месца ў ёй нацыянальна-дэмакратычнай плыні.

Афіцыйныя матывы


Напачатку – пра матывы. Спадар Мілінкевіч назваў два: недэмакратычныя ўмовы выбараў і адсутнасьць адзінства ў апазыцыі. Але хай мне даруе старшыня руху “За свабоду” , абодва матывы ўяўляюцца крыху дзіўнымі. Умовы правядзеньня выбараў у Беларусі ў гэтым стагодзьдзі заўсёды прыкладна аднолькавыя. Такія ж умовы не перашкодзілі Аляксандру Мілінкевічу змагацца за прэзыдэнцтва ў 2006 годзе.

Адсутнасьць адзінства – матыў крыху больш дарэчны, але таксама не зусім зразумелы. Спадар Мілінкевіч сышоў з кампаніі не таму, што саступіў нейкаму, на ягоны погляд больш моцнаму і пэрспэктыўнаму кандыдату. Больш за тое – канцэпцыя палітычнага працэсу, якую ён агучыў яшчэ летась, падчас Эўрапейскага кангрэсу і стварэньня Беларускага незалежніцкага блёку, як раз выключала поўнае адзінства апазыцыі. Калі ёсьць у апазыцыі сілы прабеларускія і ня надта, і калі аб’яднаньне магчымае толькі на падставе прынцыпаў, то такі погляд спрыяе чаму заўгодна, толькі не адзінству.

Калі прычыны іншыя, то якія?

Стаўкі зробленыя?


Ужо даводзілася пісаць пра тое, што кандыдаты, якіх пагалоска называе “прарасейскімі”, магчыма зусім і не прарасейскія. У тым сэнсе, што праекты гэта зусім не Масквы, Ці ня толькі Масквы. Ці не пераважна яе.

І зусім ня выключана, што канструктары гэтых праектаў далі зразумець спадару Мілінкевічу, што, так бы мовіць, стаўкі зробленыя, і не на яго.

А спадар Мілінкевіч – сапраўдны палітык. Гэта не камплімэнт, проста ў гэтым рамястве ён сёе-тое разумее. Ён лічыць падобныя стаўкі памылковымі, але ведае, што жыцьцё не заканчваецца 19 сьнежня. І магчыма менавіта ён пасьля сёньняшняга рашэньня ўвечары 19 сьнежня набудзе другое палітычнае дыханьне. Ён ужо дакладна не прайграе гэтыя выбары, прычым не прайграе іх зь яшчэ больш сьціплымі і сумнымі вынікамі, чым былі ягоныя вынікі ў 2006 годзе. Гэта магчымы лёс іншых.

Калі я маю рацыю, то навідавоку тры няпэўнасьці.

Няпэўнасьць першая – “Уладзімер Някляеў”


Ну добра, яшчэ і Яраслаў Раманчук, і Андрэй Саньнікаў. Сутнасьць закладу – наколькі вялікая доля беларусаў, якія супраць Лукашэнкі, але якім зусім ня блізкі лёзунг “Прэч ад Расеі”? Наколькі гэтая доля вялікая менавіта ў цяперашнім кантэксьце, калі Масква вядзе інфармацыйную вайну супраць Лукашэнкі і разбураецца традыцыйная выбарчая дыспазыцыя: Лукашэнка гэта Расея – апазыцыя гэта Захад. Я не прапаную спрэчку на гэты конт. Не, падыскутаваць можна, але тут, паводле Гегеля, крытэр ісьціны – практыка. І вось гэтую практычную праверку гіпотэзы мы да 19 сьнежня і ўбачым.

Няпэўнасьць другая – “Рыгор Кастусёў і БНФ”


Ну ў сэнсе без Мілінкевіча. Сутнасьць – наколькі шмат беларусаў падтрымаюць выразную, пасьлядоўную (а на чыйсьці погляд радыкальную) пазыцыю партыі з самым вядомым брэндам і з малавядомым кандыдатам. Наколькі адпаведная ідэя прыцягальная ў чыстым выглядзе? Сыход Мілінкевіча, а разам зь ім шлейфу сварак, абвінавачваньняў і інтрыг, робіць экспэрымэнт асабліва чыстым: я сышоў, каб вы перамаглі. Тым ня менш і гэта – заклад.

Тут пару словаў наконт чужых сцэнароў. Зразумела, калі новы год мы сустрэнем з прэзыдэнтам Кастусёвым, то будзе іншая Беларусь і іншыя праблемы. Але калі вынік акажацца больш сьціплым, але першае пары будзе прайгранае, а другое – у пэўным сэнсе не, то якім прыгожым пасланьнем Маскве гэта стане: “Бачыце, пацаны, якая альтэрнатыва мне? З АДКБ выйдуць, у НАТА ўступяць, рускіх на чамаданы пасадзяць. Так што заканчвайце кідаць панты і грузіце бабло мне, як раней”. Так што пазьбегнуўшы аднаго чужога сцэнару, можна патрапіць у іншы.

Ну і нарэшце

Няпэўнасьць трэцяя – “Мілінкевіч”


Пра гэта ўжо сказана. 19 сьнежня 2010 году будзе ў любым выпадку супастаўляцца з 19 сакавіка 2006 году. І калі супастаўленьне будзе на карысьць апошняга, Аляксандар Мілінкевіч няўдзелам можа выйграць больш, чым выйграў бы ўдзелам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG