Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў і Януковіч адказваюць Пуціну


Мядзьведзеў у красавіку сёлета ўжо вазіў Януковіча на "Пабедзе"
Мядзьведзеў у красавіку сёлета ўжо вазіў Януковіча на "Пабедзе"
Прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны пакантактуюць сёньня ў незвычайных абставінах. Дзьмітры Мядзьведзеў і Віктар Януковіч пад’едуць да мяжы дзьвюх краін на сваіх аўтамабілях, узяўшы сымбалічны ўдзел у аўтапрабегу Санкт-Пецярбург – Кіеў. Яны далучацца да ўдзельнікаў ралі і разам зь імі перасякуць мяжу паміж Бранскай вобласьцю Расеі і Сумскай вобласьцю Ўкраіны.

Ініцыяваны Мядзьведзевым аўтапрабег назіральнікі называюць адказам на нядаўняе далёкаўсходняе ралі “Лада-Каліна” расейскага прэм'ера Ўладзімера Пуціна. На думку палітолягаў, Дзьмітры Мядзьведзеў ня толькі спрабуе пазбыцца іміджу кабінэтнага чыноўніка, але і паказаць сябе ў ролі галоўнага расейска-ўкраінскага інтэгратара. А навошта патрэбна гэтая акцыя Віктару Януковічу?

“Палітыка гучных словаў, аўтапрабегаў і іншых піяр-акцыяў лепшая, чымся няпростыя перамовы з РФ, якая безупынна атакуе Ўкраіну з ініцыятывамі і прапановамі аб зьліцьці “Нафтагазу” і “Газпрому”, аб'яднаньні актываў авіяпрамысловасьці, манапалізацыі рынку ядзернай энэргетыкі з боку расейскага дзяржаўнага капіталу ва Ўкраіне. Усё гэта пытаньні, адказы на якія ўкраінская ўлада хацела б адкласьці на няпэўны час, каб да іх падрыхтавацца”, – лічыць дырэктар кіеўскага Інстытуту глябальных стратэгіяў Вадзім Карасёў.

Між тым прадстаўнікі ўкраінскай апазыцыі з абурэньнем камэнтуюць ўдзел прэзыдэнта Януковіча ў гэтым аўтапрабегу. Вось рэакцыя дэпутата Вярхоўнай Рады ад “Нашай Украіны – Народнай самаабароны” Тараса Стэцьківа:
Януковіч капіюе расейскую эліту, расейскага прэзыдэнта літаральна ўва ўсім...


“Януковіч капіюе расейскую эліту, расейскага прэзыдэнта літаральна ўва ўсім. Гэта прыніжэньне, калі казаць пра антураж. А калі па сутнасьці, то такія перамовы, як паказаў васьмімесячны досьвед знаходжаньня Януковіча пры ўладзе, нічога добрага для Ўкраіны, для яе сувэрэнітэту не нясуць”.

Паказаўшы перад тэлекамэрамі навыкі кіраваньня аўтамабілем, Мядзьведзеў і Януковіч пачнуць перамовы ва ўкраінскім горадзе Шостка і працягнуць іх ужо на тэрыторыі Расеі – у рэзыдэнцыі кіраўніка расейскай дзяржавы ў Завідаве.

У Расеі палітолягі параўноўваюць публічную актыўнасьць Дзьмітрыя Мядзьведзева і Ўладзімера Пуціна найперш у кантэксьце пытаньня: хто зь іх пойдзе на прэзыдэнцкія выбары? У каго больш шанцаў на перамогу? Пуцін асабіста гасіў пажар, кіруючы самалётам “Амфібія”, дапамагаў навуцы, страляючы па кітах, і таксама ўдзельнічаў у аўтапрабегу. У тэлевізійным актыве Мядзьведзева, акрамя пратакольных сустрэч, гучных прамоваў аб мадэрнізацыі і аб лёсе дэмакратыі ў Расеі, пакуль хіба што паходы па прадуктовых крамах ў спробах высьветліць, ці сапраўды падаражэў хлеб.

Падчас чатырохдзённага прабегу Пуціна па Далёкім Усходзе на “Ладзе-Каліне” расейскі прэм'ер быў задаволены машынаю і прыемна зьдзіўлены, што яму ўдалося праехаць цэлыя дзьве з паловаю тысячы кілямэтраў. Прабег Пуціна быў крытычна ацэнены ў сюжэце тэлеканалу ОНТ, які шмат хто ў Беларусі палічыў за адказ на фільмы НТВ “Хросны бацька”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG