Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд разглядае касацыйныя скаргі прысуджаных да сьмяротнага пакараньня


Вярхоўны суд Беларусі 17 верасьня прыступіў да разгляду касацыйных скаргаў жыхароў Горадні Алега Грышкаўца і Андрэя Бурдыкі.

14 траўня ў Горадні двум жыхарам гораду вынесены сьмяротны прысуд за патройнае забойства. Справа разглядалася ў абласным судзе, вёў працэс судзьдзя Пятро Бандык. Суд палічыў цалкам даказанай віну абодвух злачынцаў: аднаму зь іх, Алегу Грышкаўцову, 29 гадоў, другому, Андрэю Бурдыку, — 28.

Суд прызнаў абодвух вінаватымі ў зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных пп. 1, 6, 12, 15 ч. 2 арт. 139 (забойства дзьвюх і болей асоб з асаблівай жорсткасьцю, спалучанае з разбойным нападам, зьдзейсьненым групай асоб), ч. 3 арт. 207 (разбой з нанясеньнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці шляхам падпалу), пп. 1, 6 ч. 2 арт. 182 (выкраданьне малалетняга групай асоб), ч. 2 арт. 207 (разбойны напад), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 205 (замах на крадзеж аўтамашыны), арт. 378 (крадзеж дакумэнтаў) Крымінальнага кодэксу.

Здарэньне адбылося летась у кастрычніку. Бурдыка і Грышкаўцоў забілі дзьвюх кабет і мужчыну ў кватэры на вуліцы Кабяка ў Горадні. Затым, каб схаваць сьляды забойства, яны падпалілі яе. Жывым пакінулі толькі хлопчыка, яму было адзінаццаць гадоў, ён сын адной з ахвяраў. Затым Бурдыка і Грышкаўцоў напалі на кіроўцу таксоўкі, але той на запраўцы ўцёк. Тады яны паехалі дахаты, трымаючы пры сабе хлопчыка, якога застрашылі, што заб’юць, калі ён нешта раскажа.

Злачынства было раскрыта па гарачых сьлядох. Там, дзе хаваліся злачынцы, былі знойдзеныя нажы са сьлядамі крыві і рэчы, скрадзеныя ў забітых. Хлопчыка, яго звалі Ільля, вызвалілі, фізычна ён не пацярпеў. На кватэру, дзе здарылася забойства, прыбылі пажарныя і адразу выявілі, што там знаходзяцца тры ахвяры.

Бурдыка і Грышкаўцоў дагэтуль мелі судзімасьці за крадзяжы, за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня, за хуліганства, за махлярства і за рабункі. Праўда, іх датэрмінова вызвалілі з калёніі ў Наваполацку.


Сьмяротны прысуд у Магілёве


15 верасьня Магілёўскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд Ігару Мяліку, удзельніку злачыннай групоўкі, якая займалася разбоем на аўтамагістралі Гомель — Магілёў. Ягонаму хаўрусьніку Аляксандру Сычову прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне.

Абодва асуджаных — жыхары Гомельшчыны. Першае выкрытае сьледзтвам іх злачынства было зьдзейсьнена 25 чэрвеня 2009 году. За тры месяцы разбою яны забілі чатырох чалавек: двух грамадзянаў Расеі і двух — Малдовы. Арыштавалі злачынцаў 12 верасьня. Сьледзтва доўжылася больш за дзесяць месяцаў, матэрыялы справы склалі 13 тамоў.

Сычова і Мяліка прызналі вінаватымі ў забойстве некалькіх асобаў, бандытызьме, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.



Эўропа супраць сьмяротных пакараньняў у Беларусі


Паводле зьвестак праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя», пры канцы сакавіка 2010 году ў Беларусі былі расстраляныя 2 чалавекі — 25-гадовы Андрэй Жук і 30-гадовы Васіль Юзяпчук. Асуджаныя Юзяпчук і Жук падалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, аднак, нягледзячы на тое, што іх звароты яшчэ не былі разгледжаныя, іх пакаралі сьмерцю. Рада Эўропы рашуча асудзіла выкананьне двух сьмяротных прысудаў у Беларусі.

У чэрвені 2009 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы паставіла Беларусі ўльтыматум аб вяртаньні статусу адмыслова запрошанай краіны толькі пры ўмове ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

Паводле праваабаронцаў, з часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе такіх прысудаў было вынесена болей за 400.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, дзе караюць сьмерцю.

XS
SM
MD
LG