Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

КАРОТКАЧАСОВЫЯ ДАЖДЖЫ…


Удзень 15 – 20 °С, на Берасьцейшчыне і Гомельшчыне да 22 °С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Прэсавая канфэрэнцыя лідэраў руху “За Свабоду”, Партыі БНФ, Беларускай партыі “Зялёныя”, саюзу “За мадэрнізацыю” з нагоды афіцыйнага абвяшчэньня прэзыдэнцкіх выбараў (Менск, пр. Незалежнасьці, 80-73, 10.00).

У рамках кампаніі “Будзьма беларусамі” – канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча ў Кобрыне (ДК, вул.Леніна 4, 10.00 і 13.00).

Цырымонія перадачы бібліятэкаю Кангрэсу ЗША больш як 200 кніг у дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (галерэя “Лябірынт” НББ, 15.00).

Першы фэстываль этнакультурных традыцыяў “Покліч Палесься” (вёска Лясковічы Гомельскай вобласьці).

Паэтычны тэатар “Арт. С” запрашае на вечарыну-фарс “Восень і іншыя коткі”. Сярод удзельнікаў – Генрых Далідовіч, Валянціна Коўтун, Георгі Ліхтаровіч, Валянцін Лукша, Рагнед Малахоўскі, Маргарыта Прохар, Тацяна Сівец, Людміла Сільнова, Ганна Федарук (Менск, бібліятэка Цёткі (Талбухіна, 12а), 18.00).

Прэм’ера спэктаклю “Старамодная камэдыя” на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Купалы (19.00).

Адзіночныя гульні матчу Кубка Дэвіса па тэнісе паміж Беларусьсю і Славаччынаю (Менск, Цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


У Радзе Бясьпекі ААН адбудуцца кансультацыі і брыфінг аб сытуацыі на Блізкім Усходзе.

У Армэніі пройдзе агульнанацыянальны мітынг пратэсту апазыцыі.

У Лёндане пачнецца Тыдзень моды.

У Гішпаніі адкрыецца Сан-Сэбаст’янскі кінафэстываль.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Дзень канстытуцыі і грамадзянства ў ЗША.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1794-м адбыўся Крупчыцкі бой – найбуйнейшая бітва тагачаснай вайны за незалежнасьць. Расейскімі войскамі кіраваў Аляксандар Сувораў, а беларускімі Кароль Серакоўскі. На дапамогу Серакоўскаму прыйшлі тры тысячы сялян-касінераў – ваяроў, узброеных косамі. Усяго ў бітве з абодвух бакоў удзельнічалі больш за 20 тысяч чалавек. Дзея адбывалася каля вёскі Крупчыцы цяперашняга Жабінкаўскага раёну.

У 1857-м нарадзіўся расейскі тэарэтык космасу Канстанцін Цыялкоўскі. Беларускія гісторыкі зьвяртаюць увагу на ягонае паходжаньне з старога шляхецкага роду Цялкоўскіх, а таксама на тое, што Цыялкоўскага нельга лічыць вынаходнікам шматступеневай ракеты, чым ён і праславіўся, бо ўпершыню такі праект апублікаваў беларускі інжынэр і вайсковы тэхнік Казімір Семяновіч. Яшчэ ў XVII стагодзьдзі Семяновіч выдаў у Амстэрдаме кнігу “Вялікае мастацтва артылерыі”, дзе была сплянавана менавіта такая ракета.

У 1891-м нарадзіўся Антон Баліцкі – адзін з плеяды беларускіх нацыянал-камуністаў, міністар асьветы БССР, які за сваю дзейнасьць быў засуджаны на 10 гадоў турмы, а ў 1937-м – расстраляны.

17 верасьня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускія літаратары Сяргей Дзяргай, Максім Танк і Ўладзімер Калесьнік. Таксама ў гэты дзень у 1949-м нарадзіўся спэцыяліст у галіне тэхналёгіі новых матэрыялаў і пакрыцьцяў, доктар тэхнічных навук, палітык Генадзь Карпенка.

У 1939 адбылося ўзьяднаньне дзьвюх частак Беларусі – “вызваленчы паход” Чырвонай арміі на Польшчу, пад уладай якой на 20 гадоў перад тым апынулася Заходняя Беларусь.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “17 верасьня: адным сьвята, другім ёсьць з чаго плакаць”.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
І воды,
І медныя трубы:
– Што самае цяжкае
На гэтым сьвеце?
І ён адказаў:
– Прайсьці праз вернасьць.


Максім Танк

XS
SM
MD
LG