Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтральная выбарчая камісія зацьвердзіла шэраг дакумэнтаў, паводле якіх праводзіцца цяперашняя кампанія па абраньні прэзыдэнта Беларусі. Некаторыя палажэньні гэтых дакумэнтаў выклікаюць неразуменьне як у экспэртаў, так і ў непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэсу.

Загадчыца прававога аддзелу Цэнтральнай выбарчай камісіі Надзея Кісялёва патлумачыла, як правільна зьбіраць подпісы ў падтрымку таго ці іншага кандыдата ў прэзыдэнты. У прыватнасьці, адзначыла яна, гэта можна рабіць і ў форме пікету:

"Пры зборы подпісаў сябры ініцыятыўных груп маюць права прадстаўляць выбарцам для азнаямленьня інфармацыйныя матэрыялы зь біяграфічнымі дадзенымі асобаў, у падтрымку якіх яны зьбіраюць подпісы. Але пры гэтым раздаваць такія матэрыялы недапушчальна".

Забарону на раздачу друкаванай прадукцыі дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец называе абсурдам. Такую ацэнку ён дае на падставе ўласнага досьведу. На мінулых выбарах прэзыдэнта спадар Знавец зьбіраў галасы выбарцаў на карысьць Аляксандра Казуліна:
Павал Знавец

"Калі ідзе збор подпісаў за кандыдата, то гэта ўжо ідзе фактычна агітацыйная кампанія. Прычым ідзе на поўную моц. Бо тут жа трэба пераканаць выбарцу ня толькі пазнаёміцца з матэрыяламі, але і паставіць уласнаручны подпіс пад усімі сваімі дадзенымі. За ката ў мяшку ніхто падпісвацца ня будзе.

І забараняць даваць выбарцам зьвесткі пра кандыдатаў, і адначасова дазваляць гаварыць пра іх — гэта поўны абсурд. Гэта яшчэ адна праява несвабоднасьці, дыктатарскай сутнасьці ўсіх гэтых выбарчых кампаніяў. Выбарцы павінны ведаць кандыдатаў. А то атрымліваецца, што на ўсю Беларусь адзін толькі палітык, які не вылазіць з тэлескрыні".

Спэцыяліст у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфэр згадвае звычайную сытуацыю, сьведкам якой ён неаднойчы быў. Выбарца праходзіць каля пікету і кажа: я вельмі сьпяшаюся, дайце мне матэрыялы пра кандыдата, я пазьней прагляджу іх і прыму рашэньне. Аднак згодна з законам уручыць друкаваныя матэрыялы нельга, кажа спадар Альфер:

Сяргей Альфер
"Бо калі сябра ініцыятыўнай групы перадасьць паперы зь біяграфічнымі зьвесткамі, а пра гэта даведаецца ЦВК, то гэта будзе лічыцца парушэньнем выбарчага заканадаўства. І ініцыятыўная група кандыдата атрымае папярэджаньне. Яшчэ адно папярэджаньне — і кандыдата ў прэзыдэнты могуць выключыць са сьпісу. Сытуацыя сьмешная. Але з часу папярэдніх выбараў, з 2006 году, нічога не зьмянілася".

Патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты могуць пачаць збор подпісаў у сваю падтрымку пасьля афіцыйнай рэгістрацыі ў ЦВК ініцыятыўнай групы. Каб афіцыйна зарэгістравацца кандыдатам, патрэбна сабраць як найменей 100 тысячаў подпісаў асобаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG