Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У апошнія два гады назіраецца на першы погляд парадаксальны, але ўжо пастаянны працэс у палітыцы антыбеларускага рэжыму. Адбываюцца сваркі і пагаршэньне яго адносінаў з Масквой і адначасна йдзе ўзмацненьне русыфікацыі і далейшы працяг разбурэньня нацыянальных асноваў існаваньня беларускага грамадзтва.

Ні да якой “дэмакратыі”, ні да якой беларушчыны ён не павернецца
Тут тыповая аналёгія: сваркі ў асяродзьдзі злачынцаў не падважваюць асновы іхняга злачыннага існаваньня. Так і ў выпадку канфлікту паміж пуцінскім і лукашысцкім рэжымамі. Іхняя свара адбываецца на падставе агульнай злачыннай сутнасьці ўлады і падобнага кшталту палітыкі.

Калі часам наіўныя людзі стануць думаць, што заеўшыся з Масквой, Лукашэнка пачне раптам падымаць усё загубленае ім беларускае і нацыянальнае, то лепш выкінуць такія думкі з галавы, каб ня стаць пасьмешышчам. Павароту ня будзе. Лукашэнка пры ўсёй яго неадукаванасьці, своеасаблівай мэнтальнасьці і закончаным гарманальным разьвіцьці псыхалягічна затрымаўся далёка ў дзяцінстве, дзесьці на ўзроўні падлетка. Такія людзі ні перад кім і ні перад чым не адчуваюць адказнасьці і няздольныя прызнаваць памылкі. Лукашэнка як закамплексаваны чалавек і беларусафобны тыпаж небясьпечны ва ўладзе сам па сабе незалежна ад яго прыналежнасьці да КГБ і сувязяў з Масквой. Таму апрыёры можна было сьцьвярджаць, што ні да якой “дэмакратыі”, ні да якой беларушчыны ён не павернецца ні пры якіх абставінах (хутчэй да Кім Чэн Іра і то, каб ашукаць).

Гэта якраз (фобія, псыхапатычны стан і абсалютная ўлада) ёсьць у палітыцы найбольш небясьпечная камбінацыя, бо разбурэньне ад такіх асобаў ідзе нават на ірацыянальным узроўні.

Вынікі для нацыі будуць катастрафічнымі
За апошнія два гады практычна пад корань разбурана беларуская школа (сыстэма сярэдняй адукацыі). Вынікі для нацыі будуць катастрафічнымі. І гэта ўжо назіраецца. Манэўр быў просты. Спачатку ўсё было зроблена да дванаццацігадовай адукацыі, дзяцей навучалі ўжо палову новага цыклу. А потым адным махам усё скасавалі і за месяц загадана было вярнуць школу на старыя пазыцыі. Натуральна, што такое было немагчыма, як немагчыма адразу спыніць цягнік.

Людзі схільныя тлумачыць усё гэта самадурствам шчарбатай асобы. Так, тут ёсьць самадурства, але яно прадуманае і рацыянальна кіруемае. Разбурэньне сістэмы навучаньня сярэдняй школы можа стаць адной з прычынаў наступнай інтэлектуальнай і, адпаведна, тэхналягічнай адсталасьці ўсёй нашай нацыі.

Другім разбуральным ударам па мове і па школе ў гэты час стала рэжымная рэформа беларускага правапісу, які зрабілі тыя, што нішчаць беларускую мову і мовай не карыстаюцца. Адпаведна і вынік. Не адлюстраваны важнейшыя фанэтычныя правілы беларускай мовы: зьмякчэньне зычных, напісаньне мяккага знака і іншыя асаблівасьці. Але сутнасьць рэжымнага ўмяшальніцтва ў правапіс ня ў гэтым, а ў тым, што адначасна прынята заканадаўчае палажэньне аб пакараньні тых асобаў, якія будуць пісаць з памылкамі ў новых правілах.

Гэта антымоўны дыскрымінацыйны акт
Гэта нават ужо не абсурд, не абмежаванасьць, а антымоўны дыскрымінацыйны акт, які выглядае ёрніцтвам, зьдзекам над людзьмі, прымітыўным жаданьнем улады адбіць ахвоту ўсім пісаць па-беларуску, бо на расейскі правапіс (значна больш цяжкі і складаны) такая заканатворчая фантазія не распаўсюджана.

Трэцім кардынальным замахам на беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасьць людзей у гэты час стала маніпуляцыя з перапісам насельніцтва, пра што я пісаў у першым артыкуле.

Тым часам ня так даўно адбылася чарговая ціхая дывэрсія ў школьнай адукацыі. Мала таго, што кожны год зачыняюцца дзесяткі беларускіх школаў, якіх ужо і так амаль не засталося. Зь 1-га верасьня гэтага года для беларускіх дзяцей ва ўсіх школах уводзіцца выкладаньне рускага праваслаўя пад назовам “Асновы праваслаўнай культуры” і пад выглядам факультатыву. “Праграма падрыхтаваная, мы яе зацьвярджаем”, -- радасна ўсклікае кіраўнік аддзелу катэхізацыі Менскай епархіі (Радыё Свабода, 8 жніўня 2010 г.). Выкладаць дазволена сьвятарам РПЦ. Каталікам, вуніятам, пратэстантам і іншым “культурам” уваход у школу забаронены.

Што будзе абазначаць для школы (дарэчы, у шматканфэсійнай нацыі) упушчэньне туды КГБ у сутанах і сьвятароў РПЦ, мяркую, ня трэба нават апісваць. Паталягічная русыфікацыя беларускіх дзяцей гарантаваная, і рэжым, зьвяртаючыся да РПЦ, ведае, што вытварае.

Што трэба зрабіць, каб адрадзіць нармальную беларускую школу?
Падсумоўваючы напісанае, зададзімся пытаньнем, што трэба зрабіць, каб увогуле і нават ужо цяпер, пры чужым рэжыме, адрадзіць нармальную беларускую школу?

Ізноў жа рытарычнае пытаньне. Пры чужым рэжыме, які ставіць задачу і праводзіць палітыку вынішчэньня беларускай школы і мовы, такая пастаноўка вымагае стварэньня грамадзкай сілы, якая будзе абараняць беларускія інтарэсы. І ўжо дзеля гэтага неабходна гаварыць у голас што трэба рабіць, каб школа была беларускай.

Мусіць быць ліквідаваны акупацыйны мэтад фармаваньня школы
Адначасна неабходна выканаць два патрабаваньні, без якіх ня можа існаваць нармальная нацыянальная адукацыя. Выхаваньне новага пакаленьня і адукацыя ёсьць першасная дзяржаўная задача і галоўны інтарэс нацыі. Ад вырашэньня гэтай задачы залежыць будучыня. У Беларусі мусіць быць ліквідаваны акупацыйны мэтад фармаваньня школы, які застаўся ад саветаў, дзе выбар мовы навучаньня тытульнай нацыі ўзалежнены ад выбару бацькоў. Гэта вядомы маніпуляцыйны мэтад усіх акупантаў-асымілятараў, дзе пытаньні адукацыі ставіліся з ног на галаву. Чужая ўлада ўсталёўвала сваю школу на сваёй мове, а для беларусаў пакідала “дэмакратыю” – пыталіся, на якой мове вы, беларусы, хочаце ў сябе дома вучыцца? А каб на беларускай мове хаценьня вучыцца было няшмат, улада рабіла кардынальнае парушэньне (разрыў) у сыстэме адукацыі: аддзяляла вышэйшую школу ад сярэдняй, пераводзіла ўнівэрсытэцкае навучаньне на сваю мову (рускую ў БССР, ці польскую ў Заходняй Беларусі). Адчыняўся прастор для маніпуляцыяў думкамі бацькоў і навучэнцаў, узбуджаліся прагматычныя інтарэсы (паколькі асобы з акупацыйнай мовай навучаньня мелі лепшыя магчымасьці паступіць і вучыцца ва ўнівэрсітэце, чым зь беларускай). Урэшце рэшт улада фальшыва разводзіла рукамі, маўляў, мы “за” беларускую школу, ды самы бацькі-беларусы ня хочуць вучыць дзяцей па-беларуску. Беларусаў перад міжнароднай супольнасьцю выстаўлялі гэтакімі самаедамі, дурнямі, а сябе дэмакратамі.

Як бачым, няма ніякай розьніцы паміж акупацыяй унутранай і акупацыяй зьнешняй (традыцыйнай, звычайнай). Толькі што ўнутраная акупацыя фармальна схаваная ад зьнешняга вока і нішчыць нацыю знутры.

У Беларусі сярэдняя школа і вышэйшая адукацыя мусяць быць беларускімі (беларускамоўнымі), сыстэма адукацыі непарыўная. Правіла з выбарам мовы навучаньня бацькамі належыць (як звычайна ў дэмакратычных краінах) да нацыянальных мяншыняў і рэгулюецца адмысловым заканадаўствам.

У школе хапае праблем, людзі ў сутанах іх толькі павялічаць
Школа ёсьць дзяржаўная справа. Тут павінен строга датрымлівацца дэмакратычны прынцып аб аддзяленьні царквы (касьцёла) ад дзяржавы. Тым больш гэта важна для нас як шматканфэсійнай нацыі. Мы не павінны самы сабе ствараць і паглыбляць падзелы ў грамадзтве, а наадварот мацаваць наша нацыянальнае адзінства. Так званы школьны “факультатыў” “Асновы праваслаўнай культуры” мусіць быць ліквідаваны. Ніякія сьвятары, ксяндзы, бацюшкі, рабіны, прапаведнікі і т.п. не павінны быць у беларускай школе. У школе хапае праблем, людзі ў сутанах (асабліва ў беларускай сытуацыі) іх толькі павялічаць.

Як прадстаўнік народна-хрысьціянскай пазыцыі ў палітыцы мушу паўтарыць некаторыя азы, пацьверджаныя практыкай: самае безадказнае дзеяньне – гэта пускаць клерыкалаў у палітыку і сьвятароў у дзяржаўную школу. Вынік будзе адваротны і праблем не абярэшся. Нельга блытаць розныя рэчы. (Між іншым, у парадку дэгрэсіі, хоць да тэмы і не адносіцца: самая задушлівая дыктатура – гэта тэакратыя).

Паўтаруся, што заўвагі, якія я тут адзначыў, малаверагодныя для вырашэньня пры існуючым рэжыме, але дамагацца іх вырашэньня, ставіць перад уладай і грамадзтвам трэба цяпер. Цяпер трэба закладваць ідэйную і дзейную будучыню вольнай Беларусі.

Гл. таксама:
Аб маніпуляцыі зь перапісам насельніцтва
Мова, тэлебачаньне, радыё

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG