Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваградку шлюб можна зарэгістраваць у музэі Міцкевіча


Руіны замку і Фарны касьцёл, дзе ў 1799-м ахрысьцілі Міцкевіча
Руіны замку і Фарны касьцёл, дзе ў 1799-м ахрысьцілі Міцкевіча
Якія мясьціны Беларусі найбольш шануюць замежнікі? Ня тая маса грамадзянаў Расеі, якая едзе, каб паправіць сваё здароўе ў адносна танных беларускіх санаторыях, а людзі, якія цікавяцца гісторыяй, традыцыямі краіны? Наш карэспандэнт, наведаўшы Наваградак, пераканаўся: прынамсі, першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага не абдзеленая ўвагай іншаземцаў. Найперш, заходніх суседзяў.

Польская мова ў Наваградку чуецца паўсюль: на гары Міндоўга, на руінах славутага замка, у Фарным касьцёле. Гэта ня кажучы пра мясьціны, зьвязаныя зь імем клясыка ўсясьветнай літаратуры Адама Міцкевіча, якога з поўным правам лічаць сваім і палякі, і беларусы.
Тутэйшыя кажуць, што своеасаблівыя "паломніцтвы" заходніх суседзяў у Беларусь маюць даўнюю гісторыю. Палякі едуць, каб перадусім убачыць мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём легендарнага аўтара "Гражыны", "Пана Тадэвуша", "Сьвіцязі"… Абавязковым маршрутам у Наваградку – Курган Бесьсьмяротнасьці Міцкевіча, насыпаны яшчэ ў 1920-х гадох. Ля помніка клясыку ў цэнтры гораду заўжды ляжаць сьвежыя кветкі. Людна ў доме-музэі, дзе знаходзіцца экспазыцыя рарытэтных рэчаў шляхетнай сям'і. Як правіла, далей падарожжа ў фамільныя сядзібы Міцкевічаў у Завосьсі, Шчорсах.
За апошнія тры гады ідзе істотнае павелічэньне польскіх турыстаў



Помнік Адаму Міцкевічу

Дырэктара музэю Мікалая Гайбу такая актыўнасьць, натуральна, цешыць: турысты пакідаюць сродкі, якія патрэбныя дзеля разьвіцьця музэйнай установы:

"За апошнія тры гады ідзе істотнае павелічэньне польскіх турыстаў. Куды яшчэ яны едуць, я асабліва не цікаўлюся, але звычайна гэта Вільня, Горадня. Для іх жа саміх сэнс у тым, каб паглядзець больш, а ня проста ў адзін горад зьезьдзіць. Шчыра кажучы, мы загадзя ня ведаем, калі і якая група прыяжджае. Час ад часу тэлефануюць, што едуць, але звычайна па факце бачым — прыехала група, тады зь ёй працуем. Часьцей прыяжджаюць у выходныя, хоць бывае па-рознаму. Адмысловай статыстыкі не вядзем, выбаркі ня робім, але ім самім, напэўна, зручней падарожнічаць у выходныя. Як правіла, таксама стараюцца зьезьдзіць у Завосьсе, на Сьвіцязь".
Ужо два гады аднолькавыя цэны на квіткі для беларускіх і замежных грамадзянаў.

Дом-музэй Адама Міцкевіча

Карэспандэнт: "Расцэнкі для замежнікаў і мясцовых наведнікаў у музэі розныя?"

"Не, аднолькавыя. Раней былі розныя, але ўжо два гады аднолькавыя цэны на квіткі для беларускіх і замежных грамадзянаў. І калі, прыкладам, для нашых школьнікаў таньней, чым для дарослых, так і для замежных падлеткаў цэны меншыя, чым для дарослых. Але цэны аднолькавыя — і ўваходны білет, і экскурсійнае абслугоўваньне. Праўда, калі мы на замежнай мове праводзім экскурсію, то гэта трохі даражэй. Але ж гэта тычыцца ня толькі палякаў. Калі нашы папросяць па-ангельску ці па-польску — таксама будзе як экскурсія на замежнай мове", – расказвае Мікалай Гайба.

Курган Адама Міцкевіча

ЗАГС прапануе росьпіс у музэі шлюбным парам

Недахопу ў беларускіх турыстах у Наваградку таксама няма. Падчас наведваньня дома-музэя Адама Міцкевіча я быў ўражаны, што мясцовыя маладыя людзі, беручыся шлюбам, таксама аддаюць даніну павагі свайму знакамітаму земляку. Вясельная працэсія з задавальненьнем фатаграфавалася на тэрыторыі музэя, асобная фотасэсія была арганізаваная для маладых. Адметны і сам музэй — трапляючы праз адзін уваход, пасьля агляду экспазыцыі на двор выходзіш зусім зь іншага будынка. Многія наведнікі дружна круцяць галовамі, дэзарыентаваўшыся на мясцовасьці.

Як кажа Мікалай Гайба, нядаўна запачаткаваная прынцыпова новая традыцыя — росьпіс пад дахам музэя:

"Мы прапанавалі такую паслугу і першую рэгістрацыю ўжо правялі. Цяпер ЗАГС прапануе росьпіс у музэі іншым парам, але пакуль жадаючых яшчэ не было, бо ўсё пачалося зусім нядаўна, толькі ў жніўні. Магу сказаць, што гэта робіцца не дзеля таго, каб "выжыць любым чынам". Гэта творчая праца, у якой мы зацікаўленыя. Хочацца ж нешта стварыць, а ня проста функцыянаваць. Таму прыдумляем нейкія новыя віды працы, кантактаваньня зь людзьмі. Вось так і зьяўляюцца новыя прапановы".

Сучасны Наваградак выгодна адрозьніваецца ад звыклых райцэнтраў Беларусі. Цэнтар гораду — помнік сам па сабе, бо аточаны гістарычнымі сьведчаньнямі былой славы ВКЛ, збудаваньнямі пазьнейшага часу, якія ня зьведалі бульдозэрнай рэстаўрацыі, старымі касьцёламі, цэрквамі, мячэтам.

Былыя гандлёвыя рады

Плянавалася, што і без таго значную архітэктурную спадчыну летась дапоўніць помнік каралю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу. Конную статую з бронзы ў паўтара натуральных памера меліся разьмясьціць у гістарычным цэнтры. Аднак амбітныя пляны адкарэктавала традыцыйная праблема — не хапіла грошай. Збор сродкаў працягнуты на неакрэсьлены тэрмін, але мясцовыя спадзяюцца, што патрэбная справа ўрэшце ня згорнецца.

Наваградак: шлюб у музэі Міцкевіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG