Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1996 годзе, прыехаўшы ў Нью-Ёрк, у адным месцы я заўважыў вельмі арыгінальную вітрыну фоталябараторыі. Усю плошчу вялікага вакна нейкі арыгінал зь верху да нізу заклеіў палоскамі фатаграфіяў людзей (3х4 см), зробленых у аўтаматычных кабінах. Фатаграфіяў было тысячы. Я часта спыняўся каля яе, разглядаючы гэты фатаграфічны цуд. (Нью-Ёрк увогуле характэрны сваімі тыпажамі. Тут усе расы, нацыі і народнасьці).

Разглядаць вітрыну было вельмі цікава, людзі на фатаграфіях розныя, але ўсіх іх аб’ядноўвала непасрэднасьць захаваньня. Усе былі самы сабой, вольныя і раскаваныя, ніхто не баяўся дрэнна “выйсьці”, добрая трэць (а то і палова) увогуле крыўляліся, строілі страшныя альбо камічныя міны, вытарачвалі вочы, высалаплівалі язык, рабілі ўсё (як відаць) з задавальненьнем і ёрніцкай фантазіяй. Знаходзіліся рэвалюцыянэркі, што фатаграфавалі голую цыцку. Адна спрабавала нават, задраўшы спадніцу і адвярнуўшыся тылам да камэры, сфатаграфаваць іншае месца сваёй годнасьці (але атрымалася няважна). Такі ўжо амэрыканскі гумар, калі чалавек застаецца з сабой.

З тысячаў фатаграфіяў я не знайшоў ніводнага няцягнутага аблічча, якое б сьведчыла, што чалавек скамянеў перад камэрай ці спалохаўся за свой выгляд.

Шчыра кажучы, для мяне гэта было адкрыцьцё. Вось толькі ў чым адкрыцьцё: у псыхалёгіі ці ў фатаграфіі?

Псыхалягічны мэханізм такой натуральнасьці людзей на “самафатаграфіях” лёгка зразумець, ён ляжыць на паверхні. Найлепш гэта відаць на самаздымках сямейных пар.


Фота 1


Вось, напрыклад, фота нумар 1 – самапартрэт сталай сямейнай пары. Зьнята дзесьці ў 1940-50-х гадах. Незвычайны партрэт. Можна ўявіць, што б было, калі б гэтая пара прыйшла фатаграфавацца ў бытавое атэлье. Спадар фатограф зрабіў бы, вядома, добрую фатаграфію (і мы яе ўжо ўяўляем), але каб такую жывую, як тут, -- сумняваюся.

Тут відаць іхняе каханьне. Яны абодва прыгожыя ў сваіх пачуцьцях і ёсьць самы сабой. Прытым жанчына кахае больш. Яна нават абняла яго рукой і чакае пацалунку. Мужчына расплываецца ўсьмешкай ад радасьці моманту.

У атэлье такое, практычна, немагчыма. (Можна, вядома, стварыць пастаноўку. Але яна пастаноўкай і застанецца – натуральныя пачуцьці ня выйдуць наверх з-пад псыхалягічнай брані).

Прыемна глядзець на гэтых людзей, на іхнюю адкрытасьць перад сабой. Ім па 45-50 гадоў. У жыцьці гэта ўзрост гарманічнага каханьня (у тых, вядома, хто яго ўмацоўваў і ня страціў, не змарнаваў да гэтага часу).
фота 2


На самаздымку нумар 2 маладая афра-амэрыканская пара (гадоў па 25). Чорная прыгажуня блішчыць белазубай усьмешкай і мужчына – марак (які, відаць, прыехаў на пабыўку), як дзьве кроплі вады падобны на афра-расейскага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, цалуе яе ў шчочку. Яна абняла яго рукой за шыю і ўкрадкай пазірае ў аб’ектыў (адкуль вылеціць пташка). Момант поўнага шчасьця. Фатаграфуюцца, і ніякага пана фатографа. Якія прыгожыя людзі.

Фота 3


Глянуўшы на фатаграфію нумар 3, хочацца ўсклікнуць: “У-ух!” А ў галаву лезе бадзёрая песенька пасьляваеннага часу: “Гэй, марак, ты надта доўга плаваў!” Зрэшты, я, відаць, памыляюся. Яны абодва прыўкрасныя і шчасьлівыя. Можна ўсяляк думаць пра гэтую пару. Але тут няма ні граша пошласьці. Наадварот, заўважаецца блізкае адзінства і гарманічная радасьць ад быцьця разам. Усё ў іх добра, і пажадаў бы я ім няскончанага шчасьця, калі б не ўсьведамляў, што, магчыма, даўно іх ужо няма (фота, хутчэй за ўсё, канца 30-40-х).

Фота 4


На фатаграфіі нумар 4 іншы тып людзей, не амэрыканскі. Я іх вельмі добра адчуваю і разумею. Надта яны мне нагадваюць местачковых беларусаў-каталікоў, якія толькі што выйшлі з касьцёла пасьля набажэнства і зайшлі ў фотакабіну сфатаграфавацца. Яны такія ёсьць: стрыманыя і сур’ёзныя. Але ж (як жартуюць) дзеці родзяцца, і ўсё ў іх добра, і ніякія цяжкасьці жыцьця іх не зьбянтэжаць – будуць трымацца і цягнуць разам, пакуль хопіць сілы. Гэта трывалыя, харошыя, прыгожыя людзі.

Фота 5

У 1953 годзе ў фотакабіне пабывалі будучы прэзыдэнт Джон Кэнэдзі са сваёй слаўнай жонкай -- Жаклін. (Фатаграфія нумар 5.) Кэнэдзі з сужэнкай потым здымаў шмат хто, у тым ліку Рычард Аведон і кароль фотапартрэта Юсуф Карш. Прафэсійна іхныя фота былі зроблены дасканала, але непасрэднасьці вобразаў не было. Кэнэдзі сур’ёзны і выцягнуты, Жаклін – мілая, але ўсё неяк трошкі змушана. Тым часам здымак з кабіны тэхнічна прымітыўны (плоскае сьвятло, блізкі фон, рука Жаклін у белай пальчатцы на пярэднім пляне замінае ў кадры), але яны тут абодва адчыненыя, простыя, натуральныя, сьпетыя разам. Жаклін закахана глядзіць у камэру, а Джон усьміхаецца, адчуваючы прыемную прысутнасьць жонкі.

З пункту гледжаньня натуральнасьці і прыгожага псыхалягічнага адзінства, яны тут выглядаюць значна лепш, чым на партрэтах масьцітых фатографаў.

Праглядаючы такія здымкі на стэндах у вітрынах і фотаальбомах, вельмі шкадую, што за саветамі (ня ведаю, як цяпер) не распаўсюджаныя былі ў нас такія фотакабіны (хаця існавалі часам у так званых “дамах быту”). Гэтыя аўтаматы дапамаглі б нам, як амэрыканцам, зрабіць партрэт нацыі, дзе людзі здымалі б сябе. Зразумела, што нэгатывы апынуліся б найперш у КГБ, але нешта засталося б (ды й чхалі б на той КГБ – здымаліся б усяроўна).

У мае рукі, на жаль (па прычынах вядомых), ня трапіла ні воднай беларускай самафатаграфіі з фотакабіны. Таму абыходзімся амэрыканскімі.

Фота 6

Праўда, ёсьць усё ж адна беларуская самафатаграфія, зробленая аўтарам у 1996 годзе летам у Варшаве. Гэта мая самафатаграфія з жонкай. Фота нумар 6. Яна таксама цалкам адпавядае характэрнасьці і стылю парнага самапартрэта, які я тут паказаў на прыкладзе амэрыканцаў. Ня я гэтае фота рабіў, а машына. Таму зьмяшчаю яго тут таксама для ілюстрацыі беларусаў.

Мінаюць дні.
Сьвятло любові
Нам
Непагасна
сьвеціць.
2001 г.

Цяпер аб сутнасьці зьявы. На мой погляд, тлумачыцца ўсё вельмі проста. Адсутнасьць фатографа (пабочнай асобы) стварае ілюзію інтымнай абстаноўкі сам на сам з фотаапаратам. Маўляў, усё, што здымае апарат, толькі мне (нам) і застанецца. Няма сьведкаў майго інтымнага (г. зн. толькі майго) “я”. Альбо толькі нашага “я”, калі мы (муж і жонка) ёсьць адно. Я (мы) можам быць самы сабой толькі для сябе. Прысутнасьць пабочнай асобы аўтаматычна вымушае чалавека хаваць сваю таямніцу (інтымнае “я”), бо яно непадзельнае, яно адчыняецца і дзеліцца (нават ахвяруецца) толькі ў любові. Таму ў мужа і жонкі, што жывуць у любові, ёсьць сваё агульнае інтымнае “мы”, куды ніхто ня можа заглядваць, бо, ізноў жа, -- яго непадзельнае.

Інтымнае пачуцьцё, адчуваньне свайго “я”, інтымная сутнасьць чалавека – гэта тое, што гэтак жа, як мова і інтэлект, вылучае яго з прыроды і робіць чалавекам. Інтымнае пачуцьцё (ізноў гэтак жа, як мова і інтэлект) ёсьць найвялікшай заваёвай культуры і вынікам культурнага разьвіцьця.

Інтымнае “я” чалавека (г. зн. ягоная сутнасьць, вядомая толькі яму) ёсьць грунтам, непатапляемым востравам ягонай свабоды. Карацей, інтымнае “я” чалавека – гэта яго ўнутраная (сутнастная) свабода. І ніхто ня можа яе зьнішчыць, акрамя самой асобы. Абарону інтымнага “я” забясьпечваюць якасьці маралі і, найперш, сорам. Бессаромнасьць, цынізм, раскрыцьцё сваёй існасьці (таямніцы) без любові дзеля пабочных мэт – усё гэта ёсьць адмаўленьне ад свабоды (ад сябе) і шлях да страты інтымнага “я”.

Пра гэта ня лішне цяпер нагадаць, бо дэкультурызацыя чалавека ў спажывецкім грамадзтве ідзе якраз у гэтым накірунку праз зьнішчэньне інтымнага “я” і дэмаралізацыю асобы. Разбураецца абаронная заслона чалавека. Інтымнае становіцца таварам, робіцца прадметам гандлю, куплі-прадажы. Чалавек не павінен гандляваць душой, бо тады ён перастае ёй валодаць і проста траціць яе разам з інтымнай свабодай. Пазбаўленьне ад інтымнага сьвету вядзе да дэградацыі асобы і грамадзтва.

Тым часам я паказаў тут амэрыканскія самафатаграфіі з 1930-50-х гадоў, калі людзі ў фотакабінах адчыняліся ў сваім інтымным “я” перад самымі сабой такімі, якімі яны ёсьць у сваёй свабоднай сутнасьці. І гляньце, якія яны прыўкрасныя. Нават тыя, якія крыўляюцца, блюзьнераць самы з сабой – яны таксама прыгожыя. Чалавек цікаўны, ён хоча ўбачыць сябе іншым, зь іншага боку, ён разьдзьмувае шчокі, крывіць рот, фатаграфуе, а потым сам жа сьмяецца са свайго выгляду. Тут ён, як дзіця. Чаму ён гэта робіць? Таму што чалавек сябе любіць і хоча лепей пазнаць.

Ці ёсьць самафатаграфія ў кабіне зьявай фотатворчасьці? Безумоўна, ёсьць. Тут выявілася яшчэ адна фэнамэнальная (“фальклёрная”) асаблівасьць фатаграфіі: чалавек можа тварыць сам, без удзелу фатографа. І тут можна асягнуць незвычайныя вынікі, якіх цяжка дамагчыся ў прафэсійнай студыі.

Фота 7


Першыя фотакабіны аўтаматычнай фатаграфіі зьявіліся ў Эўропе ў пачатку 1890-х гг. (запатэнтавана ў 1889 г.). З 1925 года кабіны набылі сучасную структуру, прынцып і выгляд. Дарэчы, давалася магчымасьць сэрыйна рабіць адзін за другім 8 здымкаў (3х4 см і больш). Машына выдавала 8 розных адбіткаў. На апошнім фота нумар 7 відаць, як фатаграфавалася і мілавалася сталая пара ў сэрыйным рэжыме здымкі машыны.

(Фатаграфіі перазьнятыя з кнігі Nakki Goranin. American Photobooth. New York – London, 2008).
XS
SM
MD
LG