Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ: узрост — падлеткавы, справы — дарослыя


Сёньня 15-гадовы юбілей адзначае Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ). Арганізацыя вядомая найперш тым, што абараняе незалежных журналістаў, якія ад сярэдзіны 1990-х ня маюць магчымасьці працаваць у Беларусі ў свабодных умовах. Усясьветная асацыяцыя газэт узнагародзіла БАЖ «Залатым пяром свабоды», а Эўрапарлямэнт уганараваў арганізацыю прэміяй імя Сахарава «За свабоду думкі».

16 верасьня 1995 году ў менскім Доме літаратара адбыўся ўстаноўчы сход грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Празь месяц арганізацыя была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і амаль адразу ж ёй давялося ўзяцца за працу: якраз пры канцы кастрычніка 1995-га на распараджэньне кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Замяталіна беларускім друкарням забаранілі выпускаць газэты «Народная воля», БДГ, «Имя». Ад таго часу бяз справы сядзець не даводзілася.

Аляксандар Старыкевіч
Намесьнік старшыні арганізацыі Аляксандар Старыкевіч: «Не хацелася б самім сабе ставіць адзнаку, бо гэта павінны рабіць іншыя. Я магу казаць толькі асабістыя ўражаньні. Лічу, што Беларуская асацыяцыя журналістаў для мяне і для тых выданьняў, у якіх я працаваў ці працую, выконвае вельмі важную місію і мы заўсёды адчуваем яе падтрымку. У нас улады ня надта выбіраюць, каго біць у першую чаргу — дастаецца і рэгіянальным выданьням, дастаецца і менскім. У кожнага свае праблемы, таму я б ня стаў гаварыць, у каго яны большыя ці меншыя. Прынамсі, працы хапае і БАЖ імкнецца дапамагаць, чым можа, усім — зноў жа, не падзяляючы на сталіцу і рэгіёны».

У нас улады ня надта выбіраюць, каго біць у першую чаргу — дастаецца і рэгіянальным выданьням, дастаецца і менскім.
Ад моманту легалізацыі БАЖ шэрагі аб’яднаньня імкліва папаўняліся. Праз два гады ў арганізацыі налічвалася ўжо 300 сябраў, сёньня ж — больш за 1000 журналістаў. З 1997 году БАЖ — асацыяваны сябра Міжнароднай фэдэрацыі журналістаў. Акрамя цэнтральнага офіса ў Менску, асацыяцыя мае 5 рэгіянальных філій. За сувязь з рэгіянальнай прэсай у арганізацыі адказвае Аліна Суравец:

«Ёсьць запатрабаванасьць адукацыйных праграмаў, але часам бывае, што іх ужо і зашмат. Таму што працуе з мэдыямі ня толькі БАЖ, але і іншыя арганізацыі; здараецца, што прапанова гэтых сэмінараў перабольшвае ўласна запатрабаваньне. Мне падаецца, крыху бракуе адукацыі, якая была б сыстэматызаваная, бо не заўсёды сэмінары даюць вынік, якога мы жадаем. Было б файна, каб укараніць своеасаблівую пасьлядыплёмную адукацыю — курс, пасьля якога чалавек атрымлівае пасьведчаньне аб падвышэньні сваёй кваліфікацыі. Падаецца, для журналістаў гэта было б карысна. А што тычыцца кансультацыяў, якія патрэбныя рэдакцыям, ці сэмінараў, якія самі замаўляюць журналісты ці калектывы рэдакцый, то мы заўсёды адгукаемся, дасылаем туды нашых самых лепшых журналістаў».

Цягам 2003-2004 гадоў Беларуская асацыяцыя журналістаў ня раз уганароўвалася на міжнародным узроўні. Уручаючы «Залатое пяро свабоды», Усясьветная асацыяцыі газэт адзначыла: «Калі б не выбітны супраціў гэтай арганізацыі, свабода слова і інфармацыі ў Беларусі была б цалкам зьнішчана».

Сяргей Кавалёў
У 2004-м журналісцкая арганізацыя зь Беларусі стала ляўрэатам прэстыжнай прэміі Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава. У шорт-лісьце поруч з БАЖам апынуліся расейскія праваабаронцы — Сяргей Кавалёў і актывістка праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Натальля Эстэмірава. Кавалёў сваёй чаргі прычакаў у 2009-м, а Эстэміраву забілі ў Чачні за паўгода да гэтага. Сяргей Кавалёў рады павіншаваць былых супернікаў зь юбілеем:

«Я рады зручнай магчымасьці павіншаваць вашых калегаў, беларускіх незалежных журналістаў. Я ведаю, што мы канкуравалі зь імі на атрыманьне вельмі прэстыжнай прэміі Эўрапарлямэнту, Сахараўскай прэміі, бо тады ў шорт-ліст трапілі і яны, і мы з Натальляй Эстэміравай. Але тады гэта было слушнае і абсалютна справядлівае рашэньне Эўрапарлямэнту, і я абсалютна шчыра віншую беларускіх калегаў як зь мінулымі перамогамі, так і зь сёньняшнім юбілеем».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG