Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым на выбары хадзіць, лепей будзем пець і піць!


Па наводцы блогера webzuper, я даведаўся, што сымбалем 19 сьнежня, чатырнаццатага месяцовага дня, дня чацьвёртых выбараў Лукашэнкі ў прэзыдэнты зьяўляецца труба. Сымбаль шматгранны і вельмі дарэчны. Па-першае, вядома ж, у істотнай ступені зыход выбараў залежыць ад усходніх уладароў трубы, а па-другое, труба абавязкова надыдзе – або эпосе аўтарытарнай стабільнасьці, або надзеям на мірную эвалюцыю разьвіцьця падзеяў. Запасімся папкорнам міндалем, які раюць ужываць у гэты дзень Павал і Тамара Глобы, і чакаем, хто зваліцца, а хто застанецца на трубе. Пэрспэктывы, паводле Глобаў, дваякія: з аднаго боку, пачатыя ў чатырнаццаты месяцовы дзень справы добра атрымоўваюцца, а зь іншага – могуць наваліцца смутак, скруха і нуда, ажно да маніі перасьледу і самагубства.

ЖАДАНЬНЕ ЎЛАДАРЫЦЬ - СУПРАЦЬНАТУРАЛЬНАЕ?

Блогер webzuper лічыць, што гэта ўсё «прыдворныя шаманы-вуду-хіраманты-ведзьмы» шчыруюць з датамі. (Падобным чынам выказаўся і kilgor_trautt: «Па вэрсіі ўладара, сынок ягоны Міколка ёсьць рэінкарнацыяй Сьвятога Мікалая Цудатворца здольнага выратаваць яго ад турмы і торбы. Падагнаўшы свой дзень нараджэньня пад дату нараджэньня сына, Колінпапа зараз спрабуе падагнаць сынка пад Сьвятога, а дату фальсыфікацыі выбараў пад дзень ягоных імянінаў. Па-мойму, гэта нейкая разнавіднасьць сатанізму»). І, са свайго боку, як вернік, «на падставе Сьвятога пісаньня», ён піша:

«- забараняю гэтую магію і вядзьмарства;

- зьвязваю ўсіх нячысцікаў-паплечнікаў, якія дапамагаюць злыдню;

- хай усе іх высілкі і справы будуць пустыя і бясплодныя;

- хай азмрочыцца іх розум яшчэ болей;

- Бог, пастаў у нашай краіне прэзыдэнтам: разумнага, сумленнага і, самае галоўнае, богабаязнага кіраўніка. абарані яго ад падкопаў шаманаў-вуду, і паплечнікаў злыдня. яві Сваю славу.

Амэн».

Зрэшты, ня ўсе апазыцыйна настроеныя блогеры настолькі ж богабаязныя. Некаторыя і самі не цураюцца ўжываньня магіі ў справе бязьлітаснага змаганьня. Гэтак, палітэмігрант b0rmann у суполцы by_politics нагадаў пра дзесяцігодзьдзе інтэрнэт-праекту Belarusian Barbie, прапанаваўшы яго ажывіць. За нібыта бяскрыўднай назвай якога ўтойваецца страшнае:

«У часы, калi над Радзiмай чорныя хмары, а д'ябал, iмя якому Аляксандар Рыгоравiч Лукашэнка апанаваў сакральныя прасторы Бацькаўшчыны... мы, Беларусы ў вымушаным выгнаньнi, распачынаем вялiкую працу па фiзычнай лiквiдацыi Праблемы нацыi нумар адзiн - прэзыдэнта Нацыянальнага Алiмпiйскага камiтэта Аляксандра Рыгоравiча Лукашэнкi.

Знаходзячыся далёка ад Радзiмы, не валодаючы снайперскай зброяй i тэхналёгiямi вырабу выбуховых рэчываў, шкадуючы цяжкай працай здабыты мiльён даляраў дзеля найму прафэсыйных тэрарыстаў, але маючы неабмежаваныя кантакты ў розных краiнах сьвету, пасьля доўгай дасьледчай працы, нарэшце мы маем канкрэтную тэхналёгiю вырашэньня галоўнай баларускай праблемы...

Калi нас будзе шмат - Луке капец! Нiякi Фiларэт не дапаможа!

Амiнь».

Тэхналёгіяй «вырашэньня галоўнай беларускай праблемы» стваральнікамі праекту была абраная старая (ня)добрая лялька вуду, падрабязны мануал па стварэньню якой зьмешчаны на сайце. У выніку ў ведзьмака-саматужніка павінна атрымацца нешта такое:

Я б ня раіў спрабаваць паўтарыць гэта дома. Апроч маральнага аспэкту і магчымага эфэкту бумэранга, ёсьць небясьпека трагічнай памылкі - улічваючы вялікае падабенства аднаго з апазыцыйных кандыдатаў з «галоўнай беларускай праблемай».

Але ж уявіце сабе псыхалягічны стан чалавека, якому, няхай нават паўжартам, жадаюць згубы. Вынікі апытанкі, праведзенай у суполцы by_politics з мэтай высьвятленьня меркаванай рэакцыі на пасьпяховае зьдзяйсьненьне замаху расейскіх спэцслужбаў на беларускага прэзыдэнта, павінны шакаваць апошняга. Трыццаць шэсьць чалавек у рознай ступені інтэнсіўнасьці, але аднолькава віталі б падобны паварот падзеяў:

«Якія крыважэрныя ў нас блогеры. Але гэта добра, нельга хаваць свае таемныя жаданьні! Я па шампанскае, канечне, не пайду (невялікая нагода), але джагу-джагу ў дзень пахаваньня станчу». - камэнтуе вынікі апытанкі eskimozz.

Блогерка dolka777, якая ляжала ў абласным шпіталі ў Бараўлянах, дзе ёй былі адмянілі ўжо падрыхтаваную апэрацыю з-за прыезду Лукашэнкі на адкрыцьцё школы (анэстэзіёлягаў тэрмінова зьнялі з працы), пераказвае тлумачальную вэрсію сваёй аднапалатніцы:

«Адна лепельская жанчына ў маёй палаце распавяла, што да візіту Лукашэнкі мясцовыя лекары трымалі ў іх напагатове дзьве апэрацыйныя – для бацькі і для сына.

Вось я і падумала.

Хто кажа “дыктатар і крывасмок”.

А я плачу.

Калі чую: рэанімацыйная палата для бацькі, для сына.

Палаты для духу сьвятога лепельскія лекары не прадугледзелі.

Чалавек ломкі, як кітайская плястмасавая цацка. Пад ботам выпадку трашчаць і пластуюцца ягоныя костачкі. Хірургі зашываюць перарэзанае горла забітага царэвіча Дзімітрыя, рукі-ногі расчвартаванаму Сьценьку Разіну.

І ўсё з-за нейкай там улады...»

Далібог, на месцы кандыдатаў у кандыдаты я б сто разоў падумаў, ці патрэбная ім гэтая пасада, якая прыцягвае і факусуе на сабе столькі промняў нянавісьці, патрабуе ўвесь час трымаць напагатове рэанімацыйную палату. Хаця амаль усе кандыдаты ў кандыдаты ідуць ва ўладу з (дэкляраванай) мэтай істотнага абмежаваньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, а Юры Глушакоў дык увогуле выступае за адмену прэзыдэнцкай пасады. І гэта, па-мойму, слушна – надта ўжо аўра ў той пасады кепская. Невядома, як доўга давядзецца яе адскрэбваць ды выбельваць, каб той, хто будзе яе займаць, калі-небудзь змог езьдзіць на працу на ровары або хадзіць пешшу.

У адным старажытным племені, кажуць, правадыра выбіралі, б'ючы прызначанага кандыдата датуль, пакуль ён не пагодзіцца. Мо жаданьне ўладарыць насамрэч супрацьнатуральнае?

ЧЫМ НА ВЫБАРЫ ХАДЗІЦЬ, ЛЕПЕЙ БУДЗЕМ ПЕЦЬ І ПІЦЬ!

Колькасьць тых, хто не жадае ўдзельнічаць у выбарах паменшылася прапарцыйна павелічэлай колькасьці патэнцыйных прэтэндэнтаў на ўладу. Тут і там сустракаеш «ухілісцкія» прызнаньні, у паэзіі і прозе:

«Чым на выбары хадзіць,

Лепей будзем пець і піць!!!

Не пайду галасаваць,

Лянюся зь печы ўставаць!!!»

(bihi_puuk)

«Сьпіс прэтэндэнтаў, які мы маем на цяперашні момант, не хвалюе, не ўзбуджае імпэт, ня хочацца кідацца ўсьлед за кім-небудзь зь іх у вір барацьбы...» (mikalaj_achyzha)

Хіба што галасаваць з заплюшчанымі вачыма:

«Вось ужо і выбары прызначылі на 19 сьнежня, а я так і ня вырашыла, за каго галасаваць! Мілінкевіч - баян (барадаты зацяганы жарт, састарэлая, паўторна апублікаваная і ўжо непатрэбная інфармацыя - заўв. Будзімір), Рымашэўскі - бляндын, Міхалевіч - не ўнушае, Саньнікаў - брат-блізьнюк Мілінкевіча, Няклеў - нейкі падазроны, Гайдукевіч - ізноў баян, Кастусёў - вусаты, Раманчук - падазрона халасты і прыжмур нядобры. Ну каго ж выбраць, ыыыыы... Як варыянт, можна галасаваць з заплюшчанымі вачыма. Каб нават сам ня ведаў, за каго прагаласаваў». (hoopsy)

Або, паколькі гэта ня мае асаблівага значэньня, выбары ж бяз выбару, выбіраць за «прыгожыя вочы»:

«А я за Раманчука галасаваць буду (усё роўна гэта ні на што не паўплывае і хто пераможа і так усе ведаюць). У яго старонка vkontakte ёсьць і ён слухае Metallica і AC/DC». (braindamagedme)

Па-за межамі сеціва, нават у студэнцкім асяродку, часам і ня ведаюць, хто там ідзе ў прэзыдэнты. Блогерка rahnieda_m распавядае пра тое, як гутарыла з сваімі аднагрупнікамі – ніхто ня чуў пра іншых кандыдатаў, апроч нязьменнага. Толькі два хлопцы мелі цьмянае ўяўленьне пра Някляева, ня ведаючы ягонага прозьвішча:

«- Я сёньня прачытаў на тутбаі, ад апазыцыі нейкі паэт ідзе.

- Не, гэта прарасейскі.

Я думаў, ён з БНФ...

- Да мяне ў скрыню кінулі агітку. За нейкага хмыра.

- За каго?

- Ды забыўся ўжо. Паэт нейкі.

- Някляеў! Прарасейскі!

- Ды ну яго, лох нейкі».

Размова, удакладняе блогерка, адбывалася падчас лекцыі па паліталёгіі.

БЛОГЕРЫ «СУПРАЦЬ», АЛЕ НЯ «ЗА»

Адзінае, з чым вызначылася інтэрнэт-аўдыторыя, дык гэта з тым, што яна супраць. Вынікі галасаванкі на папулярным незалежным сэрвісе rupoll.com яскрава пацьвердзілі статус сеціва, як сымэтрычныга антысьвета ў дачыненьні да афлайнавай рэчаіснасьці. Глядзіце, лічбы нібыта элегантна перавярнулі дагары нагамі:

Аднак за гэтым «супраць» няма ня толькі ніякага выразнага «за», але і жаданьня ўласнае «супраць» адстойваць. Ня кажучы ўжо пра адсутнасьць усьведамленьня сябе ў якасьці магчымай самастойнай сілы (пры тым, што супраць прагаласавала ўжо амаль пяць тысячаў чалавек – цэлае войска!).

ЗАСТАЕЦЦА СЬМЯЯЦЦА

Фотаздымак з сустрэчы кандыдатаў у кандыдаты ў Берштах, які выклаў michalevic, чамусьці выклікаў у блогераў лёгкае ўзбуджэньне, сьмех, жарты і весялосьць.

«Гэта ў вас таматны сок? Ці кроў хрысьціянскіх немаўлятак? Неяк яно нечакана на стале...» (paulyuk)

«Кроў Рымашэўскага :)» (siarhiejsalas)

Блогеру kong_en_ge групавое фота кандыдатаў здалося падобным да вядомага ў сеціве здымка пад назвай «вар'яцкая IT-вечарына»:

Блогер kauboj прапанаваў сваім чытачам адказаць на пытаньне: «Чаго не хапае на стале?».

«А дзе бульба?» (kaciarynachka)

«Як храм - у душы. Унутраная сакральная бульба». (kauboj)

«Галавы Някляева?.. Калі б насупраць іх паставіць разгубленага выбарніка, карцінка атрымала б стылістычную завершанасьць». (revanshist)

«Лябедзькі?». (krywal)

«Тушанага зь яблыкамі. І яблык у роце». (kauboj)

«Самавару не хапае». (b0rmann)

«І матроны з чырвонымі шчокамі». (biespartyjny)

«Грэчкі - каб паказаць сваю прыналежнасьць да народу і актуальнасьць - ціпа мы тожа закупіліся». (adelka)

А МОЖА, ТАК І ТРЭБА?

У конкурсе на найлепшую ідэю беларускага магніціка на лядоўню, ініцыяваным блогеркай charniauka – «каб які эмігрант беларускі ці сэнэгальскі турыст павесіў сабе на лядоўню, і каб кожны раз, як гляне на гэты магніцік – дык ажно яму сэрца каб сціскалася ад настальжы!» – перамог крэатыў блогераў krywal і murmyaus, увасоблены ў жыцьцё блогеркай dzeuka_aby_szto:


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG