Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня паэт Уладзімер Някляеў афіцыйна абвясьціў пра свой удзел у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Раніцай ён запрасіў на прэс-сьняданак журналістаў і дыпляматаў, а потым сустрэўся з рэгіянальнымі актывістамі кампаніі «Гавары праўду», якія ўвойдуць у склад ягонай ініцыятыўнай групы.

Слоганам перадвыбарчай кампаніі Ўладзімера Някляева стане радок ягонага ўласнага верша: «Я прыйшоў, каб вы перамаглі». А тэзісы перадвыбарчай праграмы называюцца «Дастойна жыць»:

«Узяўшы тры складнікі асноўныя — эканамічны, палітычны і сацыяльны, мы на самым версе паставілі сацыяльны. Гэта значыць — зварот да людзей непасрэдна, дапамога людзям у гэты складаны час. Палітычны складнік, эканамічны складнік — гэта як сродкі рэалізацыі сацыяльнай праграмы».

На думку Ўладзімера Някляева, трэба мяняць сыстэму ўлады. У тэзісах перадвыбарчай праграмы запісана: «Неабходна зьмяніць Канстытуцыю краіны з пераўтварэньнем Беларусі ў парлямэнцка-прэзыдэнцкую рэспубліку».

«Як па мне, дык найлепшай мадэльлю існаваньня нашай дзяржавы быў бы парлямэнтарызм. Але я разумею, што сёньняшнія ўмовы не дазваляюць нам гэтага зрабіць, і таму мы будзем захоўваць мадэль парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі, але ўсё ж такі з наданьнем большай вагі менавіта парлямэнту як рэальнай уладзе, большай вагі ўраду як рэальнаму інструмэнту вырашэньня нашых задач, а не дэкаратыўным органам, якія ўсталі-селі і нават ня ведалі, прызначаць сёньня выбары ці не прызначаць».

Уладзімер Някляеў паабяцаў не спыняць сваіх намаганьняў у кірунку паразуменьня зь лідэрамі іншых партыяў:

«У любым выпадку да самага фінішу я буду рабіць усё, каб апазыцыя падышла да выбараў зьяднанай, каб мы далі мэсыдж гэты нашай арганізаванай зьяднанасьці людзям. Каб людзі паверылі, што ёсьць нехта, хто над сваімі прыватнымі інтарэсамі, над сваімі амбіцыямі ставіць тое, што называецца інтарэсамі дзяржавы і народу».

Пры канцы сустрэчы Ўладзімер Някляеў прачытаў свой верш:

Мы ляжым снапамі на таках.
Нас малоціць кожны, хто ў руках
Мае цэп! І так ва ўсе вякі…
І яшчэ пытаюць землякі:
Што табе, паэту, да палітыкі?
Як пытаньне — так адказ наўпрост:
Я прыйшоў, каб вы ўдыхнулі волі,
Каб бяз страху ўсталі ў поўны рост
І на ток ня леглі ўжо ніколі!
Каб у родным краі валадарылі
Бог на небе, праўда на зямлі,
Каб збылося ўсё, пра што вы марылі!..
Я прыйшоў, каб вы перамаглі!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG